Асіі 4 разьдзел

Кніга прарока Асіі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Слухайце слова СПАДАРОВА, сынове Ізраелявы; бо ў СПАДАРА сьпярэчка із жыхарамі гэтае зямлі, бо нямаш праўды ані міласэрдзя, ані пазнаньня Бога на зямлі.
 
Слухайце слова Госпада, сыны Ізраэля, бо суд у Госпада з жыхарамі зямлі: бо няма праўды, і няма міласэрнасці, ды няма на зямлі пазнання Бога.

Прысяганьням а перачэньням а ўбіўствам а зладзействам а чужалоствам яны выбухлі, і кроў даганяе кроў.
 
Пракляцце і хлусня, забойства і крадзеж, і чужаложства распаўсюдзілася лішне, кроў памнажае кроў.

Затым зямля будзе ў жалобе, і кажны, што жывець на ёй, скволее ізь зьвярмі палявымі й птушкамі нябёснымі, нават і рыбы морскія будуць забраны.
 
Дзеля таго будзе плакаць зямля, і зняможацца кожны, хто жыве на ёй, жыхар яе са зверам палявым, з птушкай паднебнай, і нават рыбы марскія знікнуць.

Але ніхто не пярэч ані гань другога, бо люд твой як тыя, што сьперачаюцца ізь сьвятаром,
 
Аднак хай не будзе нікога, хто б асуджаў, ды нікога, хто б ганіў. І народ твой — як тыя, хто спрачаецца са святаром!

І спатыкнешся серадня, і прарока таксама паваліцца з табою ночы, і адатну маці тваю.
 
І ты ўпадзеш днём, і прарок таксама будзе падаць з табою ноччу; дык загублю маці тваю.

Люд Мой адцяты за нястачу веданьня, бо ты адкінуў веданьне, і Я адкіну цябе, каб ты не сьвятарстваваў Імне; а што ты забыўся права Бога свайго, Я таксама забудуся сыноў тваіх.
 
Прападае народ Мой, таму што не мае навучання, бо ты адкінуў навучанне, і Я цябе адкіну ад Майго святарства, бо забыўся ты пра закон Бога твайго, дык і Я забудуся пра дзяцей тваіх.

Чым болей яны мнажыліся, тым балей грашылі супроці Мяне; славу іхную абярну ў сорам.
 
Чым болей іх, тым больш грашаць супраць Мяне; дык славу іх замяню на ганьбу.

Жывяцца грэхам люду Майго, і да бяспраўя іхнага імкнецца душа іхная.
 
Грахом народа Майго жывяцца яны, і да няправасці кіруюць яны душы свае.

І станецца як люду, так сьвятару; і пакараю яго за дарогі ягоныя, і ўчынкі ягоныя абярну на яго.
 
Што будзе з народам, тое будзе са святаром, і адпомшчу за яго ліхія паводзіны, па ўчынках яго адгаджу яму.

Бо будуць есьці — і не насыцяцца, будуць бязуліць — і не размножацца; бо пакінулі зважаць на СПАДАРА.
 
Будуць яны есці і не наядуцца; будуць чужаложыць, але не размножацца, бо пакінулі Госпада, каб не служыць Яму.

Бязулства а віно а вінны сок забіраюць сэрца.
 
Распуста, і віно, і п’янства завалодалі сэрцам іх.

Люд Мой пытаецца ў пня свайго, і кій ягоны зьясьняе яму; бо дух бязулства прычыніў абмылу, і ад Бога свайго ішлі ў бязулства.
 
Народ Мой раіцца са сваім дрэвам, а яго палка прадказвае яму; бо дух чужаложны звёў іх, пакінулі Бога свайго, каб распуснічаць.

Абракаюць на вярхох гор і кадзяць на ўзгорках, пад дубамі а таполямі а вязамі, бо добры сьцень іх. Затым дачкі вашыя будуць бязуліць, і нявесткі вашыя — чужаложыць.
 
На вяршынях гор складаюць ахвяру, і на ўзгорках кадзяць кадзіла, пад дубам і таполяй, і тэрэбінітам, бо засень ад іх добрая. Таму вашыя дочкі займаюцца распустай, нявесткі вашыя чужаложаць.

Я не пакараю дачок вашых за бязулства ані нявестак вашых за чужалоства, бо яны бываюць ізь бязулямі і абракаюць ізь сьвятарамі бязулства; але люд, што не разумее, упадзець.
 
Ці ж не буду караць дачок вашых, калі б дапускаліся распусты? І нарачэніц вашых, калі б чужаложылі? Але яны самі паганяцца з чужаложніцамі і нават складаюць ахвяры з распусніцамі, ды так народ неразумны загіне.

Калі ты, Ізраелю, бязуліш, няхай бы Юда не выступаў; і не хадзіце да Ґілґалу ані ўходзьце да Бет-Авену, ані прысягайце: «Жыў СПАДАР!»
 
Калі ты, Ізраэлю, распуснічаеш, хай прынамсі Юда не грашыць! Не хадзіце ў Галгал, не заходзьце ў Бэт-Авэн, ані прысягайце словамі: «Жыве Госпад».

Бо, як цяліца ўпорлівая, быў упорлівы Ізраель; цяпер СПАДАР будзе пасьціць іх, як баранчыка на прасторным месцу.
 
Бо Ізраэль упорысты, як карова наравістая. Ці ж цяпер будзе іх пасвіць Госпад, як ягня на прасторным пасвішчы?

Яхрэм злучыўся з балванамі; пакінь яго.
 
Засябраваў Эфраім з ідаламі — кінь яго!

Упорлівымі іх робе напітак іхны, яны бязуляць кажначасна; вельма любяць сорам абароньнікі іх.
 
Далучыўся да п’янства іх, аддаліся яны распусце, больш любяць ганьбу нячыстасці.

Вецер ахопе іх крыламі сваімі, і засаромяцца яны аброкаў сваіх.
 
Апануе іх віхор сваімі крыламі, і засаромяцца яны ахвяр сваіх.