Да Габрэяў 7 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Бо гэты Мельхісэдэк, кароль Саліму, сьвятар найвышшага Бога, тый, што вышаў наўпярэймы Абрагаму, каторы зварачаўся ад паразы каралёў, і дабраславіў яго,
Бо Мэльхісэдэк, цар Саліму, сьвяшчэньнік Бога Найвышэйшага, той, што спаткаў Аўраама, як варочаўся з пабоішча цароў, і пабагаславіў яго,
Катораму Абрагам запраўды й дзясятую дзель даў з усяго, каторы найперш выкладаецца «кароль справядлівасьці», адлі й «кароль Саліму», значыцца, «кароль супакою»,
ды яму дзесяціну аддзяліў Аўраам ад усяго (— пе́ршае ў перакладзе цар праўды, а пасьля і цар Салімскі, гэта ёсьць цар міру),
Без айца, бяз маці, без радаводу, ані пачатку дзён, ані канца жыцьця ня маючы, але ўпадобнены да Сына Божага, застаецца сьвятаром на векі.
бяз бацькі, бяз маткі, без радаводу, ня маючы ні пачатку дзён, ні канца жыцьця, упадоблены-ж Сыну Божаму, астае́цца сьвяшчэньнікам назаўсёды.
Гляньце ж, які вялікі тый, катораму патрыярха Абрагам даў дзесяціну з усяго здабытку.
Ба́чыце-ж, як вялік той, каму й дзесяціну даў Аўраам патрыарх із найле́пшае здабычы.
І тыя запраўды із сыноў Левавых, што адзержуюць сьвятарства, маюць расказаньне — браць з права дзесяціну зь люду, значыцца з братоў сваіх, хоць гэтыя пайшлі ізь сьцёгнаў Абрагамовых.
І тыя з сыноў Ле́віных, што прымаюць сьвяшчэнства, маюць за́паведзь — браць паводле закону дзесяціну з народу, гэта ёсьць з сваіх братоў, хаця й гэтыя паходзяць ад сьцягнаў Аўраамавых.
Але гэны, што не паходзе з роду іхнага, узяў дзесяціну ад Абрагама і дабраславіў таго, каторы меў абятніцы.
Ён жа, не паходзячы з іхняга роду, дастаў дзесяціну ад Аўраама і пабагаславіў таго, што ме́ў прырачэньне.
бязь ніякага перачэньня меншага дабраславе вышшы.
Бяз усякае-ж спрэчкі ме́ншае багаслаўляецца большым.
І тут, з аднаго боку, дзесяціну адзержуюць людзі сьмяротныя; а там, праз каторага ё сьветчаньне, што ён жывець.
І тут дзесяціны бяруць людзі сьмяротныя, а там — той, аб Якім сьве́дчыцца, што жыве́.
І, казаў тый, таксама Леў, што адзержуе дзесяціны, пераз Абрагама дзесяціну даў:
І, адным словам, праз Аўраама ўзята дзесяціна і з Ле́вія, які сам бярэ дзесяціны,
Бо ён быў яшчэ ў сьцёгнах айца свайго, як Мельхісэдэк пераняў яго.
бо ён быў яшчэ ў сьцягнах бацькавых, калі спаткаў яго Мэльхісэдэк.
Дык, калі б запраўды дасканальнасьць была перазь сьвятарства Левіцкае (бо зь ім зьвязаны даны люду Закон іхны), што за патрэба была б паўставаць іншаму сьвятару подле парадку Мельхісэдэкавага, а не менавацца подле парадку Ааронавага?
Дык, калі-б зьвяршэньне было праз сьвяшчэнства лявіцкае, (бо народ ад яго закон дастаў), дык якая йшчэ патрэба паўставаць іншаму сьвяшчэнству па уставу Мэльхісэдэкаваму, а не па уставу Аронаваму называцца?
Бо калі мяняецца сьвятарства, канечне мяняецца й Закон.
Бо з зьме́най сьвяшчэнства кане́чнай робіцца і зьме́на закону.
Бо Тый, праз Каторага кажацца гэта, належа да іншага плямені, з каторага ніхто ня прыступіў да службы ля аброчніка;
Бо Той, аб Кім гаворыцца гэтае, нале́жаў да другога кале́на, з якога ніхто не прыступаў да ахвярніка;
Бо яўна, што Спадар наш пайшоў зь Юды, праз каторага плямя Масей нічога не сказаў узглядам сьвятарства.
бо ве́дама, што Госпад наш зазьяў з кале́на Юдавага, а аб гэтым кале́не Майсе́й нічога не сказаў адносна сьвяшчэнства.
І гэта яшчэ яўней, што паўстаець сьвятар іншы, подле парадку Мельхісэдэкавага,
І яшчэ ясьне́й відаць з таго, што нападобу Мэльхісэдэку ўстае́ іншы сьвяшчэньнік,
Каторы ўстаноўлены ня подле закону расказаньня цялеснага, але подле магутнасьці жыцьця нераспушчальнага.
Які не па закону за́паведзі цяле́снае стаўся, але па сіле нязьнішчальнага жыцьця.
Бо пасьветчана: «Ты сьвятар на векі подле парадку Мельхісэдэкавага».
Бо сьве́дчыцца: Ты — сьвяшчэньнік наве́к па уставу Мэльхісэдэкаваму.
Бо скасаваньне пярэдняга расказаньня бывае з прычыны яго слабасьці а бескарыснасьці,
А ране́й быўшая за́паведзь адкінена праз бяссільле яе́ і бескарыснасьць;
Бо Закон нічога ня прывёў да дасканальнасьці, але ўведзена лепшая надзея, каторай бліжымся да Бога.
бо закон нічога не давяршыў; але ўводзіцца лепшая надзе́я, праз якую набліжаемся да Бога.
І паколькі гэта было не бяз прысягі,
І паколькі гэта не бяз прысягі, —
(Бо тыя сталі сьвятарамі бяз прысягі, а Гэты з прысягаю Таго, Хто сказаў празь Яго: «Прысягаў Спадар і ня будзе каяцца: "Ты сьвятар навекі подле парадку Мельхісэдэкавага"»),
(бо тыя ставаліся сьвяшчэньнікамі бяз прысягі, а Гэты — з прысягай Таго, Хто казаў да Яго: Кляўся Госпад і не пака́ецца: Ты — сьвяшчэньнік наве́к па уставу Мэльхісэдэкаваму) (Псальм 109:4),
Патолькі Ісус стаў паручнікам лепшае ўмовы.
пагэ́талькі парукай ле́пшага запаве́ту стаўся Ісус.
Ды тых сьвятароў было шмат, бо сьмерць перакажала трываць ім;
І тых сьвяшчэньнікаў было бале́й, бо сьме́рць недапускала трываць;
А Гэты мае сьвятарства нямінаючае, бо застаецца на векі;
а Гэты праз тое, што ве́чна трывае, ма́е сьвяшчэнства непраходзячае,
Затым і запраўды можа супоўна спасаць тых, што бліжацца перазь Яго да Бога, будучы заўсёды жывы, каб прычыняцца за іх.
дык і можа назаўсёды збаўляць тых, што прыходзяць праз Яго да Бога, заўсёды жывы, каб заступацца за іх.
Бо такі найвышшы сьвятар годзіцца нам: сьвяты, нявінны, беззаганны, аддзелены ад грэшнікаў і сталы над нябёсы,
Гэткага і трэба было нам Архірэя: сьвятога, вольнага ад зла, беззаганнага, адлу́чанага ад грэшнікаў і узвы́шанага па-над нябёсы,
Каторы ня мае патрэбы дзень у дзень, як тыя найвышшыя сьвятарове, абракаць аброкі сьпярша за грахі свае, потым за грахі люду; бо Ён зьдзеяў гэта за адзін раз, абрэкшы сябе Самога.
Які ня ма́е патрэбы штодня, як архірэі, прынасіць ахвяры сьпярша за свае́ грахі, пасьля за грахі народу: бо Ён зрабіў гэта за-ра́з, прыне́сшы (ў ахвяру) Сябе́.
Бо Закон станове за найвышшых сьвятароў людзёў, што маюць заганы, але Слова прысяглае, просьле Закону, пастанавіла Сына, на векі дасканальнага.
Бо закон стаўляе за Архірэяў людзе́й, маючых слабасьці; а слова прырачэньня, што пасьля закону, (паставіла) Сына, наве́кі дасканалага.