Да Габрэяў 7 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Бо гэты Мэльхісэдэк, валадар Салему, сьвятар Бога Найвышэйшага, які сустрэў Абрагама, калі той вяртаўся пасьля разгрому валадароў, і дабраславіў яго,
 
Бо Мэльхісэдэк, цар Саліму, сьвяшчэньнік Бога Найвышэйшага, той, што спаткаў Аўраама, як варочаўся з пабоішча цароў, і пабагаславіў яго,

і якому дзесяціну ад усяго аддзяліў Абрагам, па-першае, перакладаецца як Валадар праведнасьці, а пасьля ён — валадар Салему, гэта ёсьць Валадар супакою,
 
ды яму дзесяціну аддзяліў Аўраам ад усяго (— пе́ршае ў перакладзе цар праўды, а пасьля і цар Салімскі, гэта ёсьць цар міру),

бяз бацькі, бяз маці, без радаводу, які ня мае ані пачатку дзён, ані канца жыцьця, падобны да Сына Божага, застаецца сьвятаром назаўсёды.
 
бяз бацькі, бяз маткі, без радаводу, ня маючы ні пачатку дзён, ні канца жыцьця, упадоблены-ж Сыну Божаму, астае́цца сьвяшчэньнікам назаўсёды.

Бачыце, які вялікі той, якому нават Абрагам патрыярх даў дзесяціну са здабычы.
 
Ба́чыце-ж, як вялік той, каму й дзесяціну даў Аўраам патрыарх із найле́пшае здабычы.

Тыя з сыноў Левія, якія атрымліваюць сьвятарства, маюць прыказаньне паводле Закону браць дзесяціну з народу, гэта ёсьць з братоў сваіх, хаця і яны выйшлі з паясьніцы Абрагама.
 
І тыя з сыноў Ле́віных, што прымаюць сьвяшчэнства, маюць за́паведзь — браць паводле закону дзесяціну з народу, гэта ёсьць з сваіх братоў, хаця й гэтыя паходзяць ад сьцягнаў Аўраамавых.

А ён, які не паходзіць з іх, узяў дзесяціну ад Абрагама і дабраславіў таго, які меў абяцаньні.
 
Ён жа, не паходзячы з іхняга роду, дастаў дзесяціну ад Аўраама і пабагаславіў таго, што ме́ў прырачэньне.

Без усялякае спрэчкі меншы дабраслаўляецца большым.
 
Бяз усякае-ж спрэчкі ме́ншае багаслаўляецца большым.

І тут дзесяціны атрымліваюць людзі сьмяротныя, а там — той, пра якога сьведчыцца, што жыве.
 
І тут дзесяціны бяруць людзі сьмяротныя, а там — той, аб Якім сьве́дчыцца, што жыве́.

І, можна так сказаць, праз Абрагама ўзята дзесяціна і з Левія, які сам атрымлівае дзесяціны,
 
І, адным словам, праз Аўраама ўзята дзесяціна і з Ле́вія, які сам бярэ дзесяціны,

бо ён быў яшчэ ў паясьніцы бацькі, калі сустрэў яго Мэльхісэдэк.
 
бо ён быў яшчэ ў сьцягнах бацькавых, калі спаткаў яго Мэльхісэдэк.

Дык, калі б усё зьдзейсьнілася праз сьвятарства лявітаў, бо народ разам з ім атрымаў Закон, якая яшчэ [была б] патрэба паўставаць іншаму сьвятарству паводле парадку Мэльхісэдэка, і не паводле парадку Аарона называцца?
 
Дык, калі-б зьвяршэньне было праз сьвяшчэнства лявіцкае, (бо народ ад яго закон дастаў), дык якая йшчэ патрэба паўставаць іншаму сьвяшчэнству па уставу Мэльхісэдэкаваму, а не па уставу Аронаваму называцца?

Бо разам з пераменай сьвятарства патрэбна, каб сталася і зьмена Закону.
 
Бо з зьме́най сьвяшчэнства кане́чнай робіцца і зьме́на закону.

Бо Той, пра Якога гаворыцца гэтае, належаў да другога калена, з якога ніхто не прыступаў да ахвярніка.
 
Бо Той, аб Кім гаворыцца гэтае, нале́жаў да другога кале́на, з якога ніхто не прыступаў да ахвярніка;

Бо відочна, што Госпад наш узыйшоў з калена Юды, а пра гэтае калена Майсей нічога не сказаў адносна сьвятарства.
 
бо ве́дама, што Госпад наш зазьяў з кале́на Юдавага, а аб гэтым кале́не Майсе́й нічога не сказаў адносна сьвяшчэнства.

І гэта яшчэ больш зразумела, калі паводле падабенства Мэльхісэдэка паўстае іншы Сьвятар,
 
І яшчэ ясьне́й відаць з таго, што нападобу Мэльхісэдэку ўстае́ іншы сьвяшчэньнік,

Які не паводле Закону прыказаньня цялеснага стаўся, але паводле моцы незьнішчальнага жыцьця.
 
Які не па закону за́паведзі цяле́снае стаўся, але па сіле нязьнішчальнага жыцьця.

Бо засьведчыў [Бог]: «Ты — сьвятар на вякі паводле парадку Мэльхісэдэка».
 
Бо сьве́дчыцца: Ты — сьвяшчэньнік наве́к па уставу Мэльхісэдэкаваму.

Бо раней быўшае прыказаньне адкінута праз слабасьць яго і некарыснасьць,
 
А ране́й быўшая за́паведзь адкінена праз бяссільле яе́ і бескарыснасьць;

бо Закон нічога ня споўніў, але ўводзіцца лепшая надзея, праз якую мы набліжаемся да Бога.
 
бо закон нічога не давяршыў; але ўводзіцца лепшая надзе́я, праз якую набліжаемся да Бога.

І як усё [гэта было] не без прысягі,
 
І паколькі гэта не бяз прысягі, —

бо тыя ставаліся сьвятарамі без прысягі, а Гэты — з прысягай Таго, Які гаварыў пра Яго: «Прысягнуў Госпад і не раскаецца: Ты — сьвятар на вякі паводле парадку Мэльхісэдэка»,
 
(бо тыя ставаліся сьвяшчэньнікамі бяз прысягі, а Гэты — з прысягай Таго, Хто казаў да Яго: Кляўся Госпад і не пака́ецца: Ты — сьвяшчэньнік наве́к па уставу Мэльхісэдэкаваму) (Псальм 109:4),

нагэтулькі лепшага запавету Паручальнікам стаўся Ісус.
 
пагэ́талькі парукай ле́пшага запаве́ту стаўся Ісус.

І тых сьвятароў было шмат дзеля таго, што сьмерць забараняла [некаму] затрымацца,
 
І тых сьвяшчэньнікаў было бале́й, бо сьме́рць недапускала трываць;

а Гэты праз тое, што застаецца на вякі, мае сьвятарства, якое не адступаецца [ад Яго],
 
а Гэты праз тое, што ве́чна трывае, ма́е сьвяшчэнства непраходзячае,

таму Ён і можа цалкам збаўляць тых, якія прыходзяць праз Яго да Бога, заўсёды жывы, каб заступацца за іх.
 
дык і можа назаўсёды збаўляць тых, што прыходзяць праз Яго да Бога, заўсёды жывы, каб заступацца за іх.

Бо Гэткага трэба нам Першасьвятара, сьвятога, нявіннага, беззаганнага, адлучанага ад грэшнікаў і ўзвышанага па-над нябёсы,
 
Гэткага і трэба было нам Архірэя: сьвятога, вольнага ад зла, беззаганнага, адлу́чанага ад грэшнікаў і узвы́шанага па-над нябёсы,

Які ня мае патрэбы штодня, як тыя першасьвятары, прыносіць ахвяры спачатку за свае грахі, пасьля за [грахі] народу, бо Ён зрабіў гэта аднойчы, прынёсшы [ў ахвяру] Сябе.
 
Які ня ма́е патрэбы штодня, як архірэі, прынасіць ахвяры сьпярша за свае́ грахі, пасьля за грахі народу: бо Ён зрабіў гэта за-ра́з, прыне́сшы (ў ахвяру) Сябе́.

Бо Закон стаўляе за першасьвятароў людзей, якія маюць нядужасьць, а слова прысягі, што пасьля Закону, [паставіла] Сына, дасканалага на вякі.
 
Бо закон стаўляе за Архірэяў людзе́й, маючых слабасьці; а слова прырачэньня, што пасьля закону, (паставіла) Сына, наве́кі дасканалага.