Выслоўяў Саламонавых 8 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Гарошка
Ці ня гукае мудрасьць а кемнасьць, ці ня пушчае голасу свайго?
Яна стаіць на версе высокіх месцаў, ля дарогі, на ростанях;
Яна гукае ля брамаў, ля ўходу ў места, ля ўходу ў дзьверы:
«Да вас, людзі, я гукаю, і голас мой да сыноў людзкіх.
Уцямце, неразумныя, добры розум, і, дурныя, уцямце разважнасьць.
Слухайце, бо я буду гукаць дабрароднае, і адчыненьне вуснаў маіх — пасьцівасьць;
Бо праўду вымаве паднябеньне мае, і агіда — нягоднасьць вуснам маім;
Справядлівыя ўсі казані вуснаў маіх; нямаш ў іх крутні ані ашукі;
Усі яны ясныя цемячаму і пасьцівыя тым, што знаходзяць веду.
Прыйміце навуку маю, а ня срэбра, і валей веду, як выборнае золата;
Бо лепшая мудрасьць за рубіны, і ўсе жаданае не зраўнуецца зь ёю.
Я, мудрасьць, жыву з розумам і веду добрага розуму знаходжу.
Баяцца СПАДАРА — ненавідзіць ліха: ненавіджу гордасьць а пыху а благую дарогу а ізрадлівыя вусны.
У мяне рада й добры розум; я кемнасьць, і ў мяне сіла;
Імною гаспадарствуюць каралі, і князі ўстанаўляюць уставы справядлівасьці;
Імною начэльнікі радзяць і ўсі дабрародныя судзьдзі зямлі.
Я люблю любячых мяне, і хто шукае мяне, той знойдзе мяне.
Багацьце а слава з імною, меньне кажначаснае а праўда;
Лепшыя плады мае за чыстае золата, за золата найчыстшае, і прыбытку зь мяне болей, чымся з выборнага срэбра.
Я йду дарогаю справядлівасьці, пасярод сьцежкаў суду,
Каб любячым мяне даць на спадак дабро і скарбніцы іхныя напоўніць.
СПАДАР меў мяне на пачатку дарогі Свае, перад справамі Сваімі, здаўна;
Я была ўстаноўлена спрадвеку, спачатна, раней за быцьцё зямлі.
Я радзілася, як ня было бяздоньняў, як ня было жаролаў, поўных вады;
Я радзілася раней, чымся горы былі ўстаноўлены, раней за ўзгоркі,
Як яшчэ ня была ўчынена зямля, ані раўніны, ані спачатныя пылкі сьвету.
Як Ён гатаваў нябёсы, я там, як Ён рысаваў круг над бяздоньням,
Як Ён устанаўляў булакі ўгары, як мацніў жаролы бяздоньня,
Як даваў мору загаду Сваю, каб воды ня выступалі з расказаньня Ягонага, як Ён клаў поды зямлі, —
Тады я была пры Ім мастачкаю, і была кажны дзень весялосьцяй, заўсёды
Цешачыся на заселенай часьці зямлі Ягонай, і любата мая із сынамі людзкімі.
Дык цяпер, сынове, паслухайце мяне, бо шчасьлівыя заховуючыя дарогі мае;
Паслухайце навукі, і будзьце мудрыя, і не адхінайце яе.
Шчасьлівы чалавек, што слухае мяне, кажнага дня сьцеражэць у брамах маіх, вартуе вушакі дзьвярэй маіх;
Бо хто знойдзе мяне, знойдзе жыцьцё і адзяржыць зычлівасьць ад СПАДАРА;
Але хто грэша супроці мяне, шкодзе душы сваёй; усі, ненавідзячыя мяне, любяць сьмерць».