Выслоўяў Саламонавых 8 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Ці ня гукае мудрасьць а кемнасьць, ці ня пушчае голасу свайго?
Ці мудрасьць не заклікае? і ці розум ня ўзносіць свой голас?
Яна стаіць на версе высокіх месцаў, ля дарогі, на ростанях;
Яна стаіць на ўзвышаных месцах, пры дарозе, на ростанях;
Яна гукае ля брамаў, ля ўходу ў места, ля ўходу ў дзьверы:
яна кліча каля гарадское брамы, дзе ўваходзяць у дзьверы:
«Да вас, людзі, я гукаю, і голас мой да сыноў людзкіх.
«Да вас, людзі, даклікаюся я, і да сыноў чалавечых мой голас!
Уцямце, неразумныя, добры розум, і, дурныя, уцямце разважнасьць.
Навучэцеся, невукі, добрай разумнасьці, зразумейце вы розум, бязглуздыя.
Слухайце, бо я буду гукаць дабрароднае, і адчыненьне вуснаў маіх — пасьцівасьць;
Слухайце, таму што я буду казаць важнае, і выслоўе вуснаў маіх — праўда;
Бо праўду вымаве паднябеньне мае, і агіда — нягоднасьць вуснам маім;
Бо ісьціну вымавіць язык мой, а бязбожнасьць — гідота для вуснаў маіх;
Справядлівыя ўсі казані вуснаў маіх; нямаш ў іх крутні ані ашукі;
усе словы вуснаў маіх слушныя; няма ў іх хітрыны і ашуканства;
Усі яны ясныя цемячаму і пасьцівыя тым, што знаходзяць веду.
усе яны простыя разумнаму і справядлівыя тым, хто здабыў веды.
Прыйміце навуку маю, а ня срэбра, і валей веду, як выборнае золата;
Прымеце навуку маю, а ня срэбра; лепей веды, чым чыстае золата;
Бо лепшая мудрасьць за рубіны, і ўсе жаданае не зраўнуецца зь ёю.
бо мудрасьць лепшая за перлы, і ўсё, чаго пажадаеш, не дараўнаецца зь ёю.
Я, мудрасьць, жыву з розумам і веду добрага розуму знаходжу.
Я, мудрасьць, жыву з розумам, і шукаю спазнаньня ў разважлівага.
Баяцца СПАДАРА — ненавідзіць ліха: ненавіджу гордасьць а пыху а благую дарогу а ізрадлівыя вусны.
Страх Гасподні — ненавідзець зло; гонар і пыху і ліхія шляхі і падступныя вусны я ненавіджу.
У мяне рада й добры розум; я кемнасьць, і ў мяне сіла;
У мяне рада і праўда: я розум, у мяне сіла.
Імною гаспадарствуюць каралі, і князі ўстанаўляюць уставы справядлівасьці;
Мною цары валадараць, і праўнікі ўзаконьваюць праўду.
Імною начэльнікі радзяць і ўсі дабрародныя судзьдзі зямлі.
Мною кіруюць уладыкі і вяльможы, і ўсе судзьдзі праведныя.
Я люблю любячых мяне, і хто шукае мяне, той знойдзе мяне.
Хто любіць мяне, тых я люблю, і хто шукае мяне, знойдуць мяне;
Багацьце а слава з імною, меньне кажначаснае а праўда;
багацьце і слава са мною — скарб нятленны, і праўда;
Лепшыя плады мае за чыстае золата, за золата найчыстшае, і прыбытку зь мяне болей, чымся з выборнага срэбра.
плады мае лепшыя за золата, і золата самага чыстага, і карысьці ад мяне болей, чым ад чыстага срэбра.
Я йду дарогаю справядлівасьці, пасярод сьцежкаў суду,
Я хаджу дарогаю праўды, сьцежкамі правасудзьдзя,
Каб любячым мяне даць на спадак дабро і скарбніцы іхныя напоўніць.
каб даць тым, хто мяне любіць, спадчыну дабра, і скарбніцы іхнія я напаўняю.
СПАДАР меў мяне на пачатку дарогі Свае, перад справамі Сваімі, здаўна;
Гасподзь меў мяне ад пачатку дарогі Сваёй, раней дзеяў Сваіх, спрадвеку:
Я была ўстаноўлена спрадвеку, спачатна, раней за быцьцё зямлі.
адвеку была я памазаная, ад пачатку, ад правеку зямлі.
Я радзілася, як ня было бяздоньняў, як ня было жаролаў, поўных вады;
Я нарадзілася, калі ня было яшчэ бездані, калі яшчэ ня было крыніц, багатых вадою.
Я радзілася раней, чымся горы былі ўстаноўлены, раней за ўзгоркі,
Я нарадзілася перш, чым былі пастаўлены горы, раней за пагоркі,
Як яшчэ ня была ўчынена зямля, ані раўніны, ані спачатныя пылкі сьвету.
калі яшчэ Ён не стварыў ні зямлі, ні палёў, ні пачатковых пылінак сусьвету.
Як Ён гатаваў нябёсы, я там, як Ён рысаваў круг над бяздоньням,
Ён рыхтаваў нябёсы, я была там. Калі ён крэсьліў скляпеньне над паверхняю бездані,
Як Ён устанаўляў булакі ўгары, як мацніў жаролы бяздоньня,
калі сталяваў наверсе аблокі, калі мацаваў крыніцы бездані,
Як даваў мору загаду Сваю, каб воды ня выступалі з расказаньня Ягонага, як Ён клаў поды зямлі, —
калі даваў мору статут, каб воды не заступалі межаў яго, калі закладваў асновы зямлі:
Тады я была пры Ім мастачкаю, і была кажны дзень весялосьцяй, заўсёды
тады я была пры Ім за майстра, і была кожны дзень радасьцю, весялосьцю была перад абліччам Ягоным заўсёды,
Цешачыся на заселенай часьці зямлі Ягонай, і любата мая із сынамі людзкімі.
радуючыся на зямным коле Яго, і радасьць мая была з сынамі чалавечымі.
Дык цяпер, сынове, паслухайце мяне, бо шчасьлівыя заховуючыя дарогі мае;
Цяпер, дзеці, паслухайце мяне; і шчасныя тыя, што будуць ахоўваць шляхі мае!
Паслухайце навукі, і будзьце мудрыя, і не адхінайце яе.
Паслухайце настаўленьня, і мудрымі станьце, і не адступайцеся ад яго.
Шчасьлівы чалавек, што слухае мяне, кажнага дня сьцеражэць у брамах маіх, вартуе вушакі дзьвярэй маіх;
Шчасны той чалавек, які слухае мяне, чуваючы дзень у дзень каля варотаў маіх і вартуючы дзьверы мае!
Бо хто знойдзе мяне, знойдзе жыцьцё і адзяржыць зычлівасьць ад СПАДАРА;
Бо, хто знайшоў мяне, той знайшоў жыцьцё, і атрымае мілату ад Госпада;
Але хто грэша супроці мяне, шкодзе душы сваёй; усі, ненавідзячыя мяне, любяць сьмерць».
а хто грэшыць супроць мяне, учыняе шкоду душы маёй: усе тыя, што ненавідзяць мяне, любяць сьмерць».