Выслоўяў Саламонавых 30 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Словы Аґура Ячанка. Цяжар агалашае муж Іхіелю, Іхіелю а Укалу.
 
Слова Агура, сына Якеевага. Натхнёныя выслоўі, якія сказаў гэты чалавек Іфіілу, Іфіілу і Укалу:

Бо недасьціпнейшы я за іншую людзіну, і няма ў мяне розуму людзкога;
 
сапраўды, я большы невук, чым хто-небудзь зь людзей, і розуму чалавечага няма ў мяне,

Я не наўчыўся мудрасьці, каб веду сьвятых ведаць.
 
і не навучыўся я мудрасьці, і пазнаньня сьвятых ня маю.

Хто ўзышоў на неба й зышоў? хто зьбер вецер у прыгоршчы свае? хто завязаў ваду ў вадзецьце? хто пастанавіў усі канцы зямлі? што за імя ягонае? і што за імя сыну ягонаму? ці ведаеш?
 
Хто ўзыходзіў на неба і сыходзіў? хто сабраў вецер у прыгаршчы свае? хто завязаў ваду ў вопратку? хто вызначыў усе межы зямлі? якое імя ў яго? і якое імя ў сына яго? ці ведаеш?

Кажнае слова Божае пералітаванае; Ён шчыт тым, што спадзяюцца на Яго.
 
Кожнае слова ў Бога чыстае; Ён — шчыт тым, хто на яго спадзяецца.

Не дабаўляй да слоў Ягоных, каб Ён ня ўпікнуў табе, і ты не апынуўся манюкам.
 
Не дадавай да словаў Ягоных, каб Ён ня выкрыў цябе як ашуканца.

Дзьвюх рэчаў я прасіў у Цябе; не адмоў імне ўперад, чымся памру:
 
Дзьве рэчы я прашу ў Цябе, не адмові мне, перш чым я памру:

Ману й ашукнае слова здаль ад мяне, галіты й багацьця не давай імне, жыві мяне належнаю емінаю маёй,
 
марнасьць і лжу адвядзі ад мяне, галечы і багацьця не давай мне, кармі мяне хлебам надзённым,

Каб я, перасыціўшыся, не адрокся й не сказаў: «Хто СПАДАР?» і каб, згалеўшы, я ня краў і ня будзеніў імені Бога свайго.
 
каб, аб’еўшыся, я ня зрокся Цябе і не сказаў: «хто Гасподзь?» і каб, згалеўшы, не пачаў красьці і зьневажаць імя Бога майго.

Не агукай слугі спадару ягонаму, каб ён не пракляў цябе, і ты ня быў вінен.
 
Не кляні раба перад гаспадаром ягоным, каб ён не пракляў цябе і ты не застаўся вінаваты.

Ё пакаленьне, што клінець айца свайго і маці свае не дабраславе.
 
Ёсьць род, які праклінае бацьку свайго і не дабраслаўляе маці сваёй.

Ё пакаленьне чыстае ў вачох сваіх, але не адмытае ад нечысьці свае.
 
Ёсьць род, які чысты ў вачах сваіх, тым часам як не адмыты ад бруду свайго.

Ё пакаленьне — о якія пыхатыя вочы іхныя, і як узьнятыя векі іхныя!
 
Ёсьць род — о, якія пыхлівыя вочы ў яго, і як паднятыя вейкі ў яго!

Ё пакаленьне, каторага зубы — мячы й каторага шчэляпы — вялікія нажы на тое, каб пажэрці ўбогіх ізь зямлі і бедных ізь людзёў!
 
Ёсьць род, у якога зубы — мячы, і сківіцы — нажы, каб пажыраць бедных на зямлі і ўбогіх сярод людзей.

У п’яўкі дзьве дачкі: «Дай, дай». Гэтыя тры ненасыці, і чатыры ня скажуць: «Досыць!»
 
У ненаеднасьці дзьве дачкі: «давай, давай»! Вось тры ненаяды, і чатыры, якія ня скажуць: «даволі!»

Шэоль і бясплодная дзетніца, зямля не насычаная вадою, і цяпло ня скажа: «Досыць!».
 
Апраметная і нутроба бясплодная, зямля, якая не насычаецца вадою, і агонь, які ня кажа: «даволі!».

Вока, што насьміхаецца з айца і грэбуе пакораю да маці, выдзяўбуць ґруґаны дольнія, і пажаруць птушаняты арліныя.
 
Вока, якое насьміхаецца з бацькі і пагарджае пакораю маці, выдзяўбуць крумкачы над ракою, і зжаруць птушаняты арліныя!

Тры лішне дзіўныя імне, і чатыры, каторых я ня знаю:
 
Тры рэчы неспасьцігальныя мне, і чатырох я не разумею:

Дарогі арла ў паветру, дарогі гада на скале, дарогі карабля сярод мора і дарогі мужчыны да дзявушчае.
 
шляхі арла на небе, шляхі зьмяі на скале, шляхі карабля сярод мора, і шляхі мужчыны да дзяўчыны.

Такая дарога чужаложнае жонкі: пад’ела, і абцерла вусны свае, і сказала: «Я не зрабіла нягоднасьці».
 
Такі шлях і ў жонкі-пералюбніцы; паела і выцерла рот свой, і кажа: «я нічога благога не зрабіла».

Пад трыма дрыжыць зямля, і чатырох яна ня можа несьці:
 
Ад трох трасецца зямля, чатырох яна ня выносіць:

Пад слугою, як ён каралюе, і дурням, як ён насыціўшыся;
 
раба, калі ён робіцца царом; неразумнага, калі ён удосыць есьць хлеб;

Пад ненавіднаю жонкаю, калі яна выходзе замуж, і нявольніцаю — наступніцаю па спадарыні сваёй.
 
ганебную жанчыну, калі яна выходзіць замуж, і служанку, калі зойме месца гаспадыні сваёй.

Во чатыры малюсенькія на зямлі, але надзвычайна мудрыя:
 
Вось чатыры малыя на зямлі; але яны мудрэйшыя за мудрых:

мурашкі — люд ня дужы, гатуюць, адылі, емя сабе ўлетку;
 
мурашкі — народ нядужы, але летам назапашваюць ежу сваю:

Трусы — люд кволы, робяць, адылі, дамкі сабе ў скалах;
 
горныя мышы — народ слабы, але ставяць дамы свае на скале;

Шаранча ня мае караля, але выступаюць усі зьбершыся вяткаю;
 
у саранчы няма цара, але выступае яна згуртавана;

Павук чапляецца лапамі, але бывае ў палацах каралеўскіх.
 
павук лапамі чапляецца, але бывае ў царскіх харомах.

Тры, што добра ходзяць, але чатыры хораша ходзяць:
 
Вось трое маюць статную хаду, і чацьвёра статна выступаюць:

Леў, найдужшы сярод жывёлы, і не адварачаецца ад нікога;
 
леў, асілак сярод зьвяроў, не саступіць ні перад кім;

Паперазаны па сьцёгнах конь, казёл і кароль, катораму няма супара.
 
конь, і казёл, і цар народу свайго.

Калі ты зрабіў дурна з прычыны свайго вяльмуваньня, і калі табе прышло ўдум ліха — руку на вусны.
 
Калі ты ў задавацтве тваім зрабіў глупства і падумаў ліхое, дык пакладзі руку на вусны;

З малака б’юць масла, і ад вытня з носу йдзець кроў, і ўзрушэньне гневу прыводзе да вады.
 
бо, як ад зьбіваньня малака робіцца масла, ад ўдару ў нос цячэ кроў, так і ад абуджэньня гневу ўзьнікае свара.