Выслоўяў Саламонавых 30 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Словы Аґура Ячанка. Цяжар агалашае муж Іхіелю, Іхіелю а Укалу.
Словы Агура, сына Яка з Масы. Выказванне гэтага чалавека да Ітыэля, да Ітыэля і Укала.
Бо недасьціпнейшы я за іншую людзіну, і няма ў мяне розуму людзкога;
Вось, я найбольшы невук з людзей і мудрасці чалавечай няма ў мяне;
Я не наўчыўся мудрасьці, каб веду сьвятых ведаць.
і не навучыўся я мудрасці, і не пазнаў ведаў святых.
Хто ўзышоў на неба й зышоў? хто зьбер вецер у прыгоршчы свае? хто завязаў ваду ў вадзецьце? хто пастанавіў усі канцы зямлі? што за імя ягонае? і што за імя сыну ягонаму? ці ведаеш?
Хто ўзыходзіць на неба і сыходзіць? Хто збірае вецер у руках сваіх? Хто сабраў воды, быццам у вопратку? Хто паставіў усе межы зямлі? Якое імя Яго і якое імя Яго сына, ці ведаеш ты?
Кажнае слова Божае пералітаванае; Ён шчыт тым, што спадзяюцца на Яго.
Кожнае слова Бога — гэта надзейны шчыт для тых, хто ўскладае на яго надзею.
Не дабаўляй да слоў Ягоных, каб Ён ня ўпікнуў табе, і ты не апынуўся манюкам.
Не дадавай нічога да слоў Яго, каб Ён не выкрыў цябе і каб не стаўся ты лгуном.
Дзьвюх рэчаў я прасіў у Цябе; не адмоў імне ўперад, чымся памру:
Прашу ад цябе дзвюх рэчаў, не адмаўляй мне, раней, чым памру:
Ману й ашукнае слова здаль ад мяне, галіты й багацьця не давай імне, жыві мяне належнаю емінаю маёй,
надоўга адхілі ад мяне марнасць і хлуслівыя словы, не давай мне беднасці і багацця, толькі ўдзяляй мне штораз на пражыццё хлебны паёк,
Каб я, перасыціўшыся, не адрокся й не сказаў: «Хто СПАДАР?» і каб, згалеўшы, я ня краў і ня будзеніў імені Бога свайго.
каб, наеўшыся, не быў я спакушаны адрачэннем і не сказаў: «Хто гэта — Госпад?», або, беднасцю прымушаны, каб не краў я і каб не лгаў я імем Бога майго.
Не агукай слугі спадару ягонаму, каб ён не пракляў цябе, і ты ня быў вінен.
Не дакарай паслугача перад яго гаспадаром, каб часам не пракляў ён цябе і каб не быў ты пакараны.
Ё пакаленьне, што клінець айца свайго і маці свае не дабраславе.
Ёсць род, што бацьку свайго праклінае і што не дабраслаўляе маці сваю.
Ё пакаленьне чыстае ў вачох сваіх, але не адмытае ад нечысьці свае.
Ёсць род, які здаецца сабе чыстым, але не адмыты ад бруду свайго.
Ё пакаленьне — о якія пыхатыя вочы іхныя, і як узьнятыя векі іхныя!
Ёсць род — як узвысіліся вочы яго і ўзняліся ўгару павекі яго!
Ё пакаленьне, каторага зубы — мячы й каторага шчэляпы — вялікія нажы на тое, каб пажэрці ўбогіх ізь зямлі і бедных ізь людзёў!
Ёсць род, які мае мечы замест зубоў, а сківіцы яго — нажы, каб пажэрці бедных з зямлі і ўбогіх — з людзей.
У п’яўкі дзьве дачкі: «Дай, дай». Гэтыя тры ненасыці, і чатыры ня скажуць: «Досыць!»
П’яўка мае дзве дачкі: «Прынясі, прынясі». Тры рэчы ёсць ненасытныя, і чатыры, што ніколі не кажуць: «Досыць!»:
Шэоль і бясплодная дзетніца, зямля не насычаная вадою, і цяпло ня скажа: «Досыць!».
пекла і бясплоднае чэрава, зямля, што не насычаецца вадою, агонь, што ніколі не кажа: «Даволі!»
Вока, што насьміхаецца з айца і грэбуе пакораю да маці, выдзяўбуць ґруґаны дольнія, і пажаруць птушаняты арліныя.
Вока, што кпіць з бацькі і што адцураецца паслушэнства маці — хай крумкачы з-за ракі выдзеўбаюць яго і хай з’ядуць яго дзеці арла.
Тры лішне дзіўныя імне, і чатыры, каторых я ня знаю:
Тры рэчы занадта складаныя для мяне, а чатыры я зусім не ведаю:
Дарогі арла ў паветру, дарогі гада на скале, дарогі карабля сярод мора і дарогі мужчыны да дзявушчае.
дарогу арла па небе, дарогу змяі па скале, дарогу карабля ў сярэдзіне мора, дарогу мужчыны да маладзенькай дзяўчыны.
Такая дарога чужаложнае жонкі: пад’ела, і абцерла вусны свае, і сказала: «Я не зрабіла нягоднасьці».
Так паступае жанчына-чужаложніца, што з’ела, абцёрла вусны і кажа: «Я нічога благога на зрабіла».
Пад трыма дрыжыць зямля, і чатырох яна ня можа несьці:
Пад трыма рэчамі дрыжыць зямля, а чатырох перанесці не можа:
Пад слугою, як ён каралюе, і дурням, як ён насыціўшыся;
пад слугою, калі ён будзе правіць; пад бязглуздым, калі ён будзе насычаны ежай;
Пад ненавіднаю жонкаю, калі яна выходзе замуж, і нявольніцаю — наступніцаю па спадарыні сваёй.
пад пагарджанай жанчынай, калі яе возьмуць за жонку; і пад служанкай, калі яна будзе спадчынніцай гаспадыні сваёй.
Во чатыры малюсенькія на зямлі, але надзвычайна мудрыя:
Ёсць на зямлі чатыры самыя малыя істоты, але яны мудрэйшыя за мудрых:
мурашкі — люд ня дужы, гатуюць, адылі, емя сабе ўлетку;
мурашкі — народ не моцны, які рыхтуе сабе ежу ў жніво;
Трусы — люд кволы, робяць, адылі, дамкі сабе ў скалах;
горныя мышы — народ слабы, які ставіць жыллё сваё на скале;
Шаранча ня мае караля, але выступаюць усі зьбершыся вяткаю;
саранча — не мае цара і выступае ўся яна чарадою;
Павук чапляецца лапамі, але бывае ў палацах каралеўскіх.
яшчарка — караскаецца на лапках, а спыняецца ў пакоях цара.
Тры, што добра ходзяць, але чатыры хораша ходзяць:
Ёсць тры рэчы, што ходзяць добра, і чатыры, што крочаць шчасліва:
Леў, найдужшы сярод жывёлы, і не адварачаецца ад нікога;
леў, самы моцны са звяроў, не пабаіцца сустрэчы ні з кім;
Паперазаны па сьцёгнах конь, казёл і кароль, катораму няма супара.
певень, што падперазаўся, і баран, і цар, які мае з сабою войска.
Калі ты зрабіў дурна з прычыны свайго вяльмуваньня, і калі табе прышло ўдум ліха — руку на вусны.
Калі ты зрабіў глупства, ды ўзнёсся сам над сабой; ці падумаў ліхое — ускладзі руку на вусны свае!
З малака б’юць масла, і ад вытня з носу йдзець кроў, і ўзрушэньне гневу прыводзе да вады.
Бо хто добра ўзбівае малако — атрымлівае масла, а хто моцна высмарквае ноздры — выклікае кроў, а хто выклікае гнеў — выклікае сваркі.