Выслоўяў Саламонавых 4 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Слухайце, сынове, навуку айцову, слухайце ўважліва, каб пазнаць розум;
 
Слухайце, дзеці, бацькоўскае настаўленне і слухайце, каб навучыцца разважлівасці;

Бо добрую навуку даю вам. Не пакідайце права майго;
 
я дам вам добрае навучанне, не пагарджайце запаветам маім.

Бо я быў сын айца свайго, кунежны адзіны ў маці сваёй;
 
Бо і я быў сынам бацькі майго, пешчаны і адзіны — у маці маёй;

І ён вучыў мяне, і казаў імне: «Няхай сэрца твае дзяржыць моцна словы мае; дзяржы расказаньні мае й жыві;
 
вучыў ён мяне і казаў мне: «Хай прымае сэрца тваё словы мае, беражы настаўленні мае — і будзеш жыць.

Прыдбавай мудрасьць, прыдбавай кемнасьць; не забывайся а не адхінайся ад слоў вуснаў маіх.
 
Набывай мудрасць, набывай разважлівасць, не забывайся і не ўхіляйся ад слоў вуснаў маіх.

Не пакідай яе, і яна будзе бараніць цябе; любі яе, і яна будзе сьцерагчы цябе.
 
Не пакідай яе, і яна зберажэ цябе, любі яе, а яна выратуе цябе.

Галоўна мудрасьць: прыдбай мудрасьць і за ўсю сваю маемасьць прыдбай кемнасьць;
 
Пачатак мудрасці: валодай мудрасцю і набывай разважлівасць ва ўсякай тваёй маёмасці.

Вывыш яе, і яна цябе падыйме; яна ўславе цябе, калі ты абыймеш яе;
 
Набывай яе, і яна ўзвысіць цябе, яна праславіць цябе, калі будзеш любіць яе.

Яна дасьць на галаву тваю вянок зычлівасьці, падаруе цябе каронаю харашыні».
 
Ускладзе на галаву тваю вянок ласкі, абароніць цябе ўслаўленым вянцом».

Слухай, сыну мой, і прыймі словы мае, і памножацца гады жыцьця твайго.
 
Слухай, сыне мой, і ўспрымай словы мае, каб памножыліся гады жыцця твайго.

У дарозе мудрасьці я вучыў цябе, вёў цябе па простых сьцежках.
 
Паказаў я табе шлях мудрасці; вяду цябе сцежкамі справядлівымі,

Як ты пойдзеш, сіг твой ня будзе зьдзержаваны, і як пабяжыш, не спатыкнешся.
 
калі ўступіш на іх, не будуць сціснутыя крокі твае, і, калі пабяжыш, не сустрэнеш перашкоду.

Моцна дзяржыся навукі, ня кволь, сьцеражы яе; бо яна жыцьцё твае.
 
Трымай настаўленне і не адпускай яго; беражы яго, бо яно — жыццё тваё.

На сьцежку нягодных ня ўходзь і ня ступай на дарогу благіх;
 
Не ўступай на сцежкі бязбожнікаў і не хадзі па дарозе ліхіх людзей.

Сьцеражыся яе, абмінай яе, адхініся ад яе й абміні;
 
Пазбягай яе і не хадзі па ёй; ухіляйся і адступіся ад яе.

Бо яны не заснуць, пакуль ня зробяць ліха, і спабудуцца сну, калі ня прычыняць спатыкненьня;
 
Бо не спяць яны, пакуль благога не зробяць, і сон іх не ахоплівае, калі не дадуць камусьці падножку.

Бо яны ядуць хлеб нягоднасьці і п’юць віно ўсілства.
 
Бо ядуць яны хлеб бязбожнасці і п’юць віно несправядлівасці.

А сьцежка справядлівых, як сьвятліня сьвітаньня, зьзяе ясьней а ясьней аж да супоўнага дня.
 
А сцежка справядлівых — быццам святло ззяючае ўзыходзіць і расце аж да поўнага дня.

Дарога нягодных, як глыбокая цямнота: яны на ведаюць, аб што спатыкнуцца.
 
Шлях бязбожнікаў — цёмны, і не ведаюць яны, дзе зваляцца.

Сыну мой! уважай на словы мае, да казаняў маіх нахіні вуха свае.
 
Сыне мой, слухай уважліва размовы мае і схіляй вуха сваё да размоў маіх;

Няхай яны не адступаюць ад аччу тваіх; дзяржы іх у сэрцу сваім;
 
хай не знікаюць яны з вачэй тваіх, беражы іх у глыбіні сэрца свайго;

Бо яны — жыцьцё таму, хто знайшоў іх, і ўсяму целу ягонаму ўздараўленьне.
 
бо яны — жыццё для тых, хто знаходзіць іх, і здароўе — для ўсяго цела.

Над усе сьцеражонае сьцеражы сэрца свае, бо зь яго жаролы жыцьця.
 
Усялякім наглядам сцеражы сэрца сваё, бо з яго жыццё ўзнікае.

Адвярні ад сябе ашукны рот і крутадушныя вусны здаль ад сябе.
 
Адхілі ад сябе крывадушны язык, і хай будуць далёка ад цябе шкодныя вусны.

Вочы твае хай глядзяць проста, і векі твае проста перад табою.
 
Вочы твае хай глядзяць прама, а павекі хай накіраваны будуць перад сабой.

Разваж добра сьцежку ног сваіх, і ўсі дарогі твае ўладзяцца.
 
Сачы за сцежкай ног тваіх, і ўсе дарогі твае будуць цвёрдыя.

Не адхінайся ані направа, ані налева; адвярні нагу сваю ад ліха.
 
Не паварочвай ані направа, ані налева, беражы нагу сваю ад ліха.