Выслоўяў Саламонавых 30 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Словы Агура, сына Якэ, выслоўі, якія сказаў чалавек гэты да Ітыэля, да Ітыэля і Укаля:
 
Слова Агура, сына Якеевага. Натхнёныя выслоўі, якія сказаў гэты чалавек Іфіілу, Іфіілу і Укалу:

Бо я найдурнейшы між людзей, і розуму чалавечага няма ў мяне,
 
сапраўды, я большы невук, чым хто-небудзь зь людзей, і розуму чалавечага няма ў мяне,

не навучыўся я мудрасьці і ведаў сьвятых ня ведаю.
 
і не навучыўся я мудрасьці, і пазнаньня сьвятых ня маю.

Хто ўзыходзіў на неба і зыходзіў? Хто сабраў вецер у жменю сваю? Хто зьвязаў воды ў адзежу? Хто ўмацаваў усе канцы зямлі? Якое імя яго і якое імя сына ягонага, ці ведаеш ты?
 
Хто ўзыходзіў на неба і сыходзіў? хто сабраў вецер у прыгаршчы свае? хто завязаў ваду ў вопратку? хто вызначыў усе межы зямлі? якое імя ў яго? і якое імя ў сына яго? ці ведаеш?

Усе словы Бога чыстыя [ад дамешкаў], Ён — шчыт для тых, што маюць у Ім надзею.
 
Кожнае слова ў Бога чыстае; Ён — шчыт тым, хто на яго спадзяецца.

Не дадавай да словаў Ягоных, каб Ён ня выкрыў цябе і ня стаўся ты падманшчыкам.
 
Не дадавай да словаў Ягоных, каб Ён ня выкрыў цябе як ашуканца.

Дзьве рэчы прашу ў Цябе, не адмаўляй мне перш, чым памру:
 
Дзьве рэчы я прашу ў Цябе, не адмові мне, перш чым я памру:

марнасьць і слова хлусьлівае аддалі ад мяне, ані беднасьці, ані багацьця не давай мне, сыць мяне хлебам, вызначаным для мяне,
 
марнасьць і лжу адвядзі ад мяне, галечы і багацьця не давай мне, кармі мяне хлебам надзённым,

каб я, насыціўшыся, ня выракся Цябе і не сказаў: «Хто ГОСПАД?», або каб, зьбяднеўшы, ня стаў красьці і ганьбіць імя Бога майго.
 
каб, аб’еўшыся, я ня зрокся Цябе і не сказаў: «хто Гасподзь?» і каб, згалеўшы, не пачаў красьці і зьневажаць імя Бога майго.

Не ачарняй слугі перад гаспадаром ягоным, каб ён не пракляў цябе і ты ня стаўся вінаватым.
 
Не кляні раба перад гаспадаром ягоным, каб ён не пракляў цябе і ты не застаўся вінаваты.

[Ёсьць] пакаленьне, якое праклінае бацьку свайго і не дабраслаўляе маці сваю,
 
Ёсьць род, які праклінае бацьку свайго і не дабраслаўляе маці сваёй.

пакаленьне, якое чыстае ў вачах сваіх, але не абмытае ад бруду свайго,
 
Ёсьць род, які чысты ў вачах сваіх, тым часам як не адмыты ад бруду свайго.

пакаленьне, у якога пыхлівыя вочы і павекі ўзьнятыя,
 
Ёсьць род — о, якія пыхлівыя вочы ў яго, і як паднятыя вейкі ў яго!

пакаленьне, у якога зубы — мячы, а сківіцы — нажы, каб есьці ўцісканых на зямлі і гаротных між людзей.
 
Ёсьць род, у якога зубы — мячы, і сківіцы — нажы, каб пажыраць бедных на зямлі і ўбогіх сярод людзей.

У п’яўкі дзьве дачкі: «давай» і «давай». Вось тры ненасытныя і чатыры, якія ня скажуць: «Досыць»:
 
У ненаеднасьці дзьве дачкі: «давай, давай»! Вось тры ненаяды, і чатыры, якія ня скажуць: «даволі!»

адхлань і чэрава няплоднае, зямля, якая не насычаецца вадою, і агонь, які ня кажа: «Досыць».
 
Апраметная і нутроба бясплодная, зямля, якая не насычаецца вадою, і агонь, які ня кажа: «даволі!».

Вока, якое зьдзекуецца з бацькі і пагарджае паслухмянасьцю маці, выдзяўбуць груганы над ракою і зьядуць арляняты.
 
Вока, якое насьміхаецца з бацькі і пагарджае пакораю маці, выдзяўбуць крумкачы над ракою, і зжаруць птушаняты арліныя!

Вось тры [рэчы], дзівосныя для мяне, і чатырох не разумею:
 
Тры рэчы неспасьцігальныя мне, і чатырох я не разумею:

шляху арла ў небе, шляху зьмяі на скале, шляху карабля сярод мора і шляху мужчыны да дзяўчыны.
 
шляхі арла на небе, шляхі зьмяі на скале, шляхі карабля сярод мора, і шляхі мужчыны да дзяўчыны.

Такі самы шлях жанчыны чужаложнай: зьела, абцёрла вусны свае і кажа: «Я не зрабіла благога».
 
Такі шлях і ў жонкі-пералюбніцы; паела і выцерла рот свой, і кажа: «я нічога благога не зрабіла».

Дзеля трох трасецца зямля, і чатырох яна зьнесьці ня можа:
 
Ад трох трасецца зямля, чатырох яна ня выносіць:

слугі, калі ён валадарыць, бязглуздага, калі ён насычаецца хлебам,
 
раба, калі ён робіцца царом; неразумнага, калі ён удосыць есьць хлеб;

ганебнай жанчыны, калі яна замуж выходзіць, і нявольніцы, калі яна спадкуе па гаспадыні сваёй.
 
ганебную жанчыну, калі яна выходзіць замуж, і служанку, калі зойме месца гаспадыні сваёй.

Вось чатыры малыя на зямлі, але яны мудрэйшыя за мудрых:
 
Вось чатыры малыя на зямлі; але яны мудрэйшыя за мудрых:

мурашкі — народ ня моцны, але летам назапашваюць хлеб свой,
 
мурашкі — народ нядужы, але летам назапашваюць ежу сваю:

даманы — народ не магутны, але стаўляюць дамы свае на скале,
 
горныя мышы — народ слабы, але ставяць дамы свае на скале;

няма валадара ў саранчы, але ўсе выходзяць шыхтавана,
 
у саранчы няма цара, але выступае яна згуртавана;

павук лапкамі чапляецца, але вось, ён у палацы валадара.
 
павук лапамі чапляецца, але бывае ў царскіх харомах.

Вось трое крочаць паважна, і чацьвёра паважна ходзяць:
 
Вось трое маюць статную хаду, і чацьвёра статна выступаюць:

леў, магутнейшы між зьвярамі, ні перад кім не саступае,
 
леў, асілак сярод зьвяроў, не саступіць ні перад кім;

конь асядланы, і казёл, і валадар, супраць якога ніхто не паўстане.
 
конь, і казёл, і цар народу свайго.

Калі вывышаешся бяздумна або калі задумаў ліхое, [палажы] руку сваю на вусны.
 
Калі ты ў задавацтве тваім зрабіў глупства і падумаў ліхое, дык пакладзі руку на вусны;

Бо хто зьбівае малако, атрымае масла, і хто ўдарыць у нос, атрымае кроў, а хто выклікае гнеў, атрымае сварку.
 
бо, як ад зьбіваньня малака робіцца масла, ад ўдару ў нос цячэ кроў, так і ад абуджэньня гневу ўзьнікае свара.