Выслоўяў Саламонавых 31 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Словы Лемуэля, валадара, выслоўі, якім навучыла яго маці ягоная.
Слова Лемуіла цара. Настаўленьне, якое дала яму маці ягоная:
Што, сыне мой? Што, сыне жывата майго? Што, сыне абяцаньняў маіх?
што, сыне мой? Што, сыне ўлоньня майго? Што, сыне зарокаў маіх?
Не давай жанчынам сілы тваёй, ані шляхоў тваіх нішчыцелькам валадароў.
Не аддавай жанчыне сілы тваёй, ні шляхоў тваіх пагубніцам цароў.
Не валадарам, Лемуэлю, не валадарам піць віно, і не князям — сікеру,
Не царам, Лемуіле, не царам піць віно, і не князям — сякеру,
каб не напіліся і не забыліся яны на напісанае, і каб не скрывілі суд для ўсіх прыгнечаных.
каб, напіўшыся, яны не забылі закона і не перакруцілі суд усіх прыгнечаных.
Дайце сікеру таму, хто гіне, а віно — засмучаным душою.
Дайце сякеру таму, хто гіне, і віно засмучанаму душою;
Няхай вып’е такі і забудзецца на бядоту сваю, і ня памятае больш цяжару свайго.
хай ён вып’е і забудзе беднасьць сваю і не згадае больш пра сваю пакуту.
Адчыні вусны твае дзеля нямых, дзеля абароны ўсіх сіротаў.
Размыкай вусны свае за безгалосага і дзеля абароны ўсіх занядбаных.
Адчыні вусны твае, судзі праведна, абараняй прыгнечанага і беднага.
Размыкай вусны свае дзеля правасудзьдзя і дзеля беднага і гаротнага.
Хто знойдзе жонку дабрадзейную? Яна даражэй за пэрліны.
Хто знойдзе дабрадзейную жонку? цана яе вышэй за жэмчуг.
Пэўнае ў ёй сэрца мужа яе, і ён не застанецца без прыбытку.
Пэўнае ў ёй сэрца мужа яе, і не застанецца ён бяз прыбытку.
Яна дае яму дабро, а ня зло, у-ва ўсе дні жыцьця свайго.
Яна аддае яму дабром, а ня злом, ва ўсе дні жыцьця свайго.
Шукае яна воўну і лён, і ахвотна працуе рукамі сваімі.
Здабывае воўну і лён, і ахвотна працуе сваімі рукамі.
Яна падобная да караблёў купецкіх, здалёк прыносіць хлеб свой.
Яна, як купецкія караблі, здалёку вязе свой хлеб.
І ўстае яна сярод ночы, і раздае ежу ў доме сваім, і належнае служкам сваім.
Яна ўстае на досьвітку, і раздае ежу ў доме сваім і належнае слугам сваім.
Падумае яна пра поле, і купляе яго, з плоду рук сваіх закладае вінаграднік.
Падумае пра поле, і купляе яго; ад плёну рук сваіх садзіць вінаграднік.
Яна падпярэзвае моцаю сьцёгны свае і ўмацоўвае рамёны свае.
Апярэзвае сілаю сьцёгны свае і мацуе мышцы свае.
Яна адчувае, што добры занятак яе, і сьветач яе ня тухне і ўначы.
Яна адчувае, што занятак яе добры, і — сьветач яе ня тухне і ўначы.
Працягвае рукі свае да кудзелі, а далоні яе трымаюць верацяно.
Працягвае рукі свае да прасьніцы, і пальцы яе бяруцца за верацяно.
Далоні свае адкрывае прыгнечанаму, і руку сваю працягвае беднаму.
Далоню сваю яна растуляе беднаму, і руку сваю падае ўбогаму.
Не баіцца сьцюжы для дому свайго, бо ўвесь дом яе ў кармазын апрануты.
Не баіцца сьцюжы для сям’і сваёй, бо ўся сям’я яе апранута ў двайную адзежу.
Дываны яна робіць сабе, вісон і пурпур — адзеньне яе.
Яна робіць сабе дываны; вісон і пурпура — вопратка яе.
У брамах [гораду] вядомы муж ейны, калі сядзіць сярод старшыняў зямлі.
Муж яе вядомы каля брамы, калі сядзіць са старэйшынамі зямлі.
Робіць яна палатніну, і продае яе, і дастаўляе паясы купцам Хананейскім.
Яна робіць покрывы, і прадае, і паясы дастаўляе купцам Фінікійскім.
Сіла і велічнасьць — адзеньне яе, і радуецца яна дню, што прыходзіць.
Моц і прыгажосьць яе — вопратка яе, і весела глядзіць яна ў будучыню.
Яна адкрывае вусны свае з мудрасьцю, і міласэрнае настаўленьне на языку ў яе.
Вусны свае растуляе з мудрасьцю, і добрая парада на языку ў яе.
Яна пільнуе шэсьце дому свайго і ня есьць хлеба гультайства.
Яна сочыць за гаспадаркай у доме сваім і ня есьць хлеба гультайскага.
Устаюць дзеці ейныя, і называюць шчасьлівай яе, і муж ейны хваліць яе:
Устаюць дзеці — і дагаджаюць ёй, — муж, і хваліць яе:
«Шмат было жанчынаў дабрадзейных, але ты пераўзыйшла іх усіх!»
«шмат было жонак дабрадзейных; але ты пераўзышла іх усіх».
Прывабнасьць падманлівая і прыгажосьць марная, але жанчына, якая баіцца ГОСПАДА, годная пахвалы.
Мілавіднасьць падманлівая і прыгажосьць марная; а жонка, якая баіцца Госпада, вартая пахвалы.
Дайце ёй з пладоў рук ейных, і няхай справы яе ў брамах [гораду] хваляць яе.
Дайце ёй ад плёну рук яе, і хай праславяць яе каля брамы ўчынкі яе!