Выслоўяў Саламонавых 7 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Сыне мой, прыймі словы мае і захоўвай у сабе прыказаньні мае.
Сыне мой! памятай словы мае і запаведзі мае захавай у сабе.
Захоўвай прыказаньні мае і жыві, і закон мой — як зрэнку вока твайго.
Захоўвай запаведзі мае, і жыві, і навуку маю, як зрэнкі вачэй тваіх.
Навяжы іх на пальцы твае, напішы іх на табліцах сэрца твайго.
Навяжы іх на пальцы твае, напішы іх на скрыжалі сэрца твайго.
Скажы мудрасьці: «Ты — сястра мая», і розум назаві сябрам,
Скажы мудрасьці: «ты сястра мая!» і розум назаві родным тваім,
каб яны захавалі цябе ад чужой жонкі, ад чужаніцы, што гаворыць словы лісьлівыя.
каб яны ахоўвалі цябе ад жонкі другога, ад чужой, што гладка гаворыць словы свае.
Вось, глядзеў я праз вакно дому свайго, праз краты свае,
Вось, аднойчы глядзеў я ў акно майго дома, праз рашотку маю,
і ўбачыў сярод неразумных, заўважыў сярод маладых людзей юнака легкадумнага,
і ўбачыў сярод нявопытных, угледзеў сярод маладых людзей неразумнага юнака,
як праходзіў вуліцай каля рогу яе, як ішоў дарогаю ў дом яе,
які пераходзіў плошчу паблізу вугла яе і ішоў па дарозе да дома яе,
у поцемках, у позьні час, у начной цемры і змроку.
у сутоньні, а позьняй гадзіне, у начной цемры і ў змроку.
І вось выходзіць насустрач яму жанчына, у распусным адзеньні, з падступным сэрцам,
І вось — насустрач яму жанчына ў строях распусьніцы, з хітрым сэрцам,
галасьлівая і нястрыманая, ногі яе не бываюць у доме яе:
узбуджаная і неапанаваная; ногі яе ня ступаюць у доме яе;
ці то на вуліцы, ці то на плошчы, і на кожным рагу растаўляе пасткі.
то на вуліцы, то на плошчах і на кожным вугле яна ладзіць ловы.
І схапіла яго, цалавала яго, і з бессаромным тварам казала яму:
Яна схапіла яго, цалавала яго і бяз сораму ў твары сказала яму:
«У мяне ахвяра мірная, сёньня споўніла абяцаньні мае,
«Мірная ахвяра ў мяне: сёньня я выканала абяцаньні мае;
таму выйшла на спатканьне табе, прагнула бачыць аблічча тваё і знайшла цябе.
таму і выйшла насустрач табе, каб знайсьці цябе, і — знайшла цябе.
Дыванамі я заслала ложак мой, шматколернымі тканінамі з Эгіпту,
Кілімамі ўслала я пасьцель маю, палатном каляровым Егіпецкім;
пакой мой пасыпала мірам, альвасам і цынамонам.
спальню маю ўпахошчыла сьмірнаю, альясам і карынкаю.
Прыйдзі, будзем цешыцца пяшчотамі да раніцы, атрымліваць асалоду ад каханьня.
Зайдзі, будзем упівацца пяшчотамі да раніцы, каханьнем нацешымся;
Бо няма мужа ў доме, выбраўся ў далёкую дарогу,
бо мужа дома няма; ён выправіўся ў далёкую дарогу;
капшук з грашыма ўзяў з сабою, у дзень поўні месяца мае вярнуцца дамоў».
кашалёк срэбра ўзяў з сабою; дамоў вернецца да дня поўні месяца».
Мноствам ласкавых словаў прывабіла яго, лісьлівасьцю вуснаў сваіх зьвяла яго.
Мноствам ласкавых слоў яна яго звабіла, мяккасьцю вуснаў сваіх авалодала ім.
Ён адразу пайшоў за ёю, як вол, ведзены на зарэз, як бязглузды, на ланцугу ведзены на пакараньне,
Ён адразу пайшоў за ёю, як вол ідзе ў разьніцу, як алень на стралу,
аж пакуль страла праб’е вантробы яго; як птушка, што кідаецца ў сіло, і ня ведае, што на загубу яе.
пакуль страла не праніжа вантробы ягонай; як птушка кідаецца ў сіло, і ня ведае, што яно — пагібель яе.
Дык цяпер, дзеці, паслухайце мяне, і зважайце на словы вуснаў маіх.
Дык вось, дзеці, паслухайце мяне і зразумейце словы вуснаў маіх.
Няхай не схіляецца сэрца тваё да шляхоў яе, і не блукай па сьцежках яе,
Хай ня збочвае сэрца тваё на шляхі яе, ня блукай сьцежкамі яе;
бо шматлікія пакалечаныя ёю, і мноства магутных яна загубіла.
бо многіх яна параніла, і шмат дужых забіла яна:
Дом ейны — шлях у пекла, які вядзе ў сутарэньні сьмерці.
дом яе — дарога ў апраметную, якая вядзе ў сярэдзіну жытлішча сьмерці.