Выслоўяў Саламонавых 7 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Сыну мой! дзяржы казані мае і расказаньні мае захавай у сябе;
 
Сыне мой! памятай словы мае і запаведзі мае захавай у сабе.

Дзяржы расказаньні мае й жыві, і навуку маю, як зрэнка вока свайго;
 
Захоўвай запаведзі мае, і жыві, і навуку маю, як зрэнкі вачэй тваіх.

Завяжы іх на палцы свае, напішы і на табліцы сэрца свайго;
 
Навяжы іх на пальцы твае, напішы іх на скрыжалі сэрца твайго.

Скажы мудрасьці: «Ты сястра мая» і назаві кемнасьць роднаю,
 
Скажы мудрасьці: «ты сястра мая!» і розум назаві родным тваім,

Каб усьцерагчы сябе ад чужое жонкі, ад чужаземкі зь лісьлівымі словамі;
 
каб яны ахоўвалі цябе ад жонкі другога, ад чужой, што гладка гаворыць словы свае.

Бо з акна дому свайго, пераз баконку сваю глядзеў я далоў,
 
Вось, аднойчы глядзеў я ў акно майго дома, праз рашотку маю,

І абачыў меж дурных, зацеміў меж дзяцюкоў маладзёна бяз розуму,
 
і ўбачыў сярод нявопытных, угледзеў сярод маладых людзей неразумнага юнака,

Торг пераходзячага ля рогу яго, і дарогаю міма дому ейнага йшоў,
 
які пераходзіў плошчу паблізу вугла яе і ішоў па дарозе да дома яе,

Зьмярканьням, увечары, сярод ночы, у цемры.
 
у сутоньні, а позьняй гадзіне, у начной цемры і ў змроку.

І вось, — жонка наўпярэймы яму, у ўбору бязулі, і цікуючага сэрца,
 
І вось — насустрач яму жанчына ў строях распусьніцы, з хітрым сэрцам,

Галасьлівая а ўпорлівая; ногі ейныя ня стыкаюцца ў доме ейным:
 
узбуджаная і неапанаваная; ногі яе ня ступаюць у доме яе;

То вонках, то на вуліцы і ля кажнага вугла цікуе.
 
то на вуліцы, то на плошчах і на кожным вугле яна ладзіць ловы.

І схапіла яго, і цалавала яго, зь бессаромным відам гукала яму:
 
Яна схапіла яго, цалавала яго і бяз сораму ў твары сказала яму:

«Супакойныя аброкі ў мяне; сядні я споўніла абятніцы свае;
 
«Мірная ахвяра ў мяне: сёньня я выканала абяцаньні мае;

Затым вышла наўпярэймы табе, бязупынку шукаць віду твайго і знашла цябе;
 
таму і выйшла насустрач табе, каб знайсьці цябе, і — знайшла цябе.

Дыванамі я заслала пасьцелю сваю, калярыстымі тканінамі ягіпецкімі;
 
Кілімамі ўслала я пасьцель маю, палатном каляровым Егіпецкім;

Напархумавала пасьцелю сваю мірам, алёям а цынамонам.
 
спальню маю ўпахошчыла сьмірнаю, альясам і карынкаю.

Хадзі, супоўна насыцьмася каханьнямі нашымі да раньня, пацешмася любосьцяй нашай;
 
Зайдзі, будзем упівацца пяшчотамі да раніцы, каханьнем нацешымся;

Бо мужа няма ў доме ягоным, ён паехаў у далёкую дарогу;
 
бо мужа дома няма; ён выправіўся ў далёкую дарогу;

Капшук із срэбрам ён узяў із сабою; у поўні месяца ён зьвернецца да дому свайго».
 
кашалёк срэбра ўзяў з сабою; дамоў вернецца да дня поўні месяца».

Яна сьхінула яго сваёй вымоўнасьцю, лісьлівымі вуснамі сваімі прысіліла яго.
 
Мноствам ласкавых слоў яна яго звабіла, мяккасьцю вуснаў сваіх авалодала ім.

Ён якга йдзець за ёю, як вол ідзець на зарэз, альбо як дурны ў зялезьзю на кару,
 
Ён адразу пайшоў за ёю, як вол ідзе ў разьніцу, як алень на стралу,

Пакуль дзіда не праб’ець печанцы ягоныя; як птушка барзьдзіць у сіло і ня ведае, што гэта супроці душы яе.
 
пакуль страла не праніжа вантробы ягонай; як птушка кідаецца ў сіло, і ня ведае, што яно — пагібель яе.

Дык цяпер слухайце, сынове, мяне, і ўважайце на словы вуснаў маіх:
 
Дык вось, дзеці, паслухайце мяне і зразумейце словы вуснаў маіх.

Хай ня сьхінаецца на дарогі ейныя сэрца твае, ня блудзі па сьцежках ейных;
 
Хай ня збочвае сэрца тваё на шляхі яе, ня блукай сьцежкамі яе;

Бо шмат каго, раніўшы, паваліла яна, і ўсі моцныя забітыя ёю.
 
бо многіх яна параніла, і шмат дужых забіла яна:

Дом ейны — дарогі шэолю, да пакояў сьмерці зводзячыя.
 
дом яе — дарога ў апраметную, якая вядзе ў сярэдзіну жытлішча сьмерці.