Біблія » Пераклады » Пераклад Васіля Сёмухі

Выслоўяў Саламонавых 7 Выслоўяў Саламонавых 7 разьдзел

1 Сыне мой! памятай словы мае і запаведзі мае захавай у сабе.
2 Захоўвай запаведзі мае, і жыві, і навуку маю, як зрэнкі вачэй тваіх.
3 Навяжы іх на пальцы твае, напішы іх на скрыжалі сэрца твайго.
4 Скажы мудрасьці: «ты сястра мая!» і розум назаві родным тваім,
5 каб яны ахоўвалі цябе ад жонкі другога, ад чужой, што гладка гаворыць словы свае.
6 Вось, аднойчы глядзеў я ў акно майго дома, праз рашотку маю,
7 і ўбачыў сярод нявопытных, угледзеў сярод маладых людзей неразумнага юнака,
8 які пераходзіў плошчу паблізу вугла яе і ішоў па дарозе да дома яе,
9 у сутоньні, а позьняй гадзіне, у начной цемры і ў змроку.
10 І вось — насустрач яму жанчына ў строях распусьніцы, з хітрым сэрцам,
11 узбуджаная і неапанаваная; ногі яе ня ступаюць у доме яе;
12 то на вуліцы, то на плошчах і на кожным вугле яна ладзіць ловы.
13 Яна схапіла яго, цалавала яго і бяз сораму ў твары сказала яму:
14 «Мірная ахвяра ў мяне: сёньня я выканала абяцаньні мае;
15 таму і выйшла насустрач табе, каб знайсьці цябе, і — знайшла цябе.
16 Кілімамі ўслала я пасьцель маю, палатном каляровым Егіпецкім;
17 спальню маю ўпахошчыла сьмірнаю, альясам і карынкаю.
18 Зайдзі, будзем упівацца пяшчотамі да раніцы, каханьнем нацешымся;
19 бо мужа дома няма; ён выправіўся ў далёкую дарогу;
20 кашалёк срэбра ўзяў з сабою; дамоў вернецца да дня поўні месяца».
21 Мноствам ласкавых слоў яна яго звабіла, мяккасьцю вуснаў сваіх авалодала ім.
22 Ён адразу пайшоў за ёю, як вол ідзе ў разьніцу, як алень на стралу,
23 пакуль страла не праніжа вантробы ягонай; як птушка кідаецца ў сіло, і ня ведае, што яно — пагібель яе.
24 Дык вось, дзеці, паслухайце мяне і зразумейце словы вуснаў маіх.
25 Хай ня збочвае сэрца тваё на шляхі яе, ня блукай сьцежкамі яе;
26 бо многіх яна параніла, і шмат дужых забіла яна:
27 дом яе — дарога ў апраметную, якая вядзе ў сярэдзіну жытлішча сьмерці.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга выслоўяў Саламонавых, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002