Выслоўяў Саламонавых 13 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Мудры сын слухае навукі айцоўскае, але насьміханьнік ня слухае крыку.
Мудры сын слухае бацькавых настаўленьняў; а насьмешнік ня слухае засьцярогаў.
З пладоў вуснаў людзіна паспытаецца дабра, але душа выступнікаў — ґвалту.
Ад плоду вуснаў сваіх чалавек спажывае дабро, а душа здраднікаў закона — зло.
Хто сьцеражэць вусны свае, сьцеражэць душу сваю; хто зявае, будзе мець зьнішчэньне.
Хто захоўвае вусны свае, той захоўвае душу сваю, а хто шырока свой рот разьзяўляе, таму бяда.
Душа ленага жадае, але дарма, душа ўлеглівага будзе сытая.
Душа гультая жадае, але марна: а душа руплівых насыціцца.
Ману ненавідзе справядлівы, але нягодны абрыдны й сароме.
Праведнік ненавідзіць ілжывае слова, а бязбожны сарамаціць і ганьбіць сябе.
Справядлівасьць крые беззаганнага дарогаю сваёю, але нягоднасьць ськідае грэшніка.
Праўда ахоўвае беззаганнага ў дарозе, а бязбожнасьць губіць грэшнікаў.
Іншы прыдаецца багатым, а іншы зь вялікім багацьцям бедніцца.
Сёй-той выдае сябе за багатага, а ў яго нічога няма; другі сябе за беднага, а ў яго багацьця многа.
Багацьце людзіны — выкуп за жыцьцё, бедны ня слухае крыку.
Багацьцем сваім чалавек адкупляе жыцьцё сваё, а бедны і пагрозы ня чуе.
Сьвятло справядлівых цеша, але сьвечка нягодных згасьне.
Сьвятло праведных весела гарыць; а сьветач бязбожных тухне.
Адно з пыхі бывае вада, але з тымі, што радзяцца — мудрасьць.
Ад пыхі паходзіць разлад, а ў тых, што раяцца, — мудрасьць.
Багацьце, благім парадкам прыдбанае, менее, а спакваля зьбіраючы множа.
Багацьце ад марнасьці памяншаецца, а хто зьбірае працаю, памнажае яго.
Спадзева, што доўжыцца — боль сэрца, але здойсьненае жаданьне — дзерва жыцьця.
Надзея, якая доўга ня праўдзіцца, стамляе сэрца, а жаданьне, якое споўнілася, — як дрэва жыцьця.
Хто грэбуе словам, тый будзе зьнішчаны; а хто баіцца расказаньня, адзяржыць заплату.
Хто пагарджае словам, той робіць шкоду сабе; а хто баіцца запаведзі, будзе ўзнагароджаны.
Права мудрага — жарало жыцьця, ад пасадак сьмерці адхінаючае.
Навука ў мудрага — крыніца жыцьця, якая аддаляе ад сьмерці.
Добры розум даець ласку, але дарога выступнікаў цяжкая.
Добры розум дае зычлівасьць; а дарога бязбожных цьвёрдая.
Кажны разважны дзее ўмела, але неразумны пашырае сваю дурноту.
Кожны разумны дзее зь веданьнем, а немысель выстаўляе на паказ дурасьць.
Нягодны пасланец лучае ў бяду, але верны пасол — леча.
Неразумны пасол трапляе ў бяду, а верны пасланец — ратунак.
Беднасьць а сорам таму, хто адхінае навуку; а хто зважае на ўпікі, будзе паважаны.
Галеча і ганьба таму, хто пагарджае навукай; а хто трымаецца настаўленьня, пашанаваны будзе.
Здойсьненае жаданьне прыемна душы, адварачацца ад ліха — агіда неразумным.
Жаданьне, якое споўнілася, — прыемнае душы; агідна неразумнаму ўхіляцца ад зла.
Хто ходзе з мудрымі, будзе мудрым, але таварыш неразумных зьнішчэе.
Хто сябруе з мудрым, будзе мудры; а хто сябруе зь неразумнымі, разбэсьціцца.
Ліха жанецца за грэшнікамі, але справядлівым будзе адплачана дабром.
Грэшнікаў даганяе зло, а праведнікам дасца дабро.
Добры пакідае спадак унукам, але схавана справядліваму багацьце грэшніка.
Добры пакідае спадчыну і ўнукам, а багацьце грэшніка зьберагаецца праведнаму.
Шмат еміны на ніве бедных, але гінуць зь бяспраўя.
Шмат хлеба бывае і на палетку ў бедных; але маёмасьць гіне ад бяспраўя.
Хто жалее розкі свае, тый ненавідзе сына свайго; але хто любе яго, тый упару карае яго.
Хто шкадуе дубца свайго, той ненавідзіць сына; а хто любіць, той змалку карае яго.
Справядлівы есьць, каб досыць учыніць душы сваёй, але жывот нягодных будзе ў нястачы.
Праведнік есьць да сытасьці, а жывот бязбожных церпіць нястачы.