Выслоўяў Саламонавых 7 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Сыне мой, прыймі словы мае і захоўвай у сабе прыказаньні мае.
 
Сын мой, заховывай мае словы, а запаветы мае хавай у сабе.

Захоўвай прыказаньні мае і жыві, і закон мой — як зрэнку вока твайго.
 
Заховывай запаветы мае і будзеш жыць, а навуку маю, як зрэнку вачэй тваіх.

Навяжы іх на пальцы твае, напішы іх на табліцах сэрца твайго.
 
Прывяжы іх да тваіх пальцаў, запішы іх на табліцы твайго сэрца.

Скажы мудрасьці: «Ты — сястра мая», і розум назаві сябрам,
 
Скажы мудрасьці: — ты сястра мая, а розум назаві родным тваім,

каб яны захавалі цябе ад чужой жонкі, ад чужаніцы, што гаворыць словы лісьлівыя.
 
каб аховывалі цябе ад чужой жонкі, ад чужой, што мякчыць словы свае.

Вось, глядзеў я праз вакно дому свайго, праз краты свае,
 
Вось аднойчы глядзеў я ў вакно майго дому, праз крату маю

і ўбачыў сярод неразумных, заўважыў сярод маладых людзей юнака легкадумнага,
 
і пабачыў сярод недасьветчаных, пабачыў паміж юнакамі неразумнага юнака,

як праходзіў вуліцай каля рогу яе, як ішоў дарогаю ў дом яе,
 
які йшоў пляцам каля рагу яе і йшоўшага дарогаю да ейнай хаты,

у поцемках, у позьні час, у начной цемры і змроку.
 
змрокам пад вечар, у начной цёмнасьці, у цемры.

І вось выходзіць насустрач яму жанчына, у распусным адзеньні, з падступным сэрцам,
 
Вось на спатканьне яму жанчына ў вопратцы блудніцы з хітрым сэрцам,

галасьлівая і нястрыманая, ногі яе не бываюць у доме яе:
 
гаварлівая і непагамаваная, ногі яе ня жывуць у ейным доме:

ці то на вуліцы, ці то на плошчы, і на кожным рагу растаўляе пасткі.
 
раз на вуліцы, раз на пляцы і па ўсіх кутох робіць яна засадкі.

І схапіла яго, цалавала яго, і з бессаромным тварам казала яму:
 
Яна схапіла яго, цалавала яго і з бязсаромным тварам гаварыла яму:

«У мяне ахвяра мірная, сёньня споўніла абяцаньні мае,
 
— мірная ахвяра ў мяне: сягоньня я выканала мае абяцанні.

таму выйшла на спатканьне табе, прагнула бачыць аблічча тваё і знайшла цябе.
 
Дзеля гэтага я выйшла табе на спатканьне, каб ашукаць цябе і знайшла цябе.

Дыванамі я заслала ложак мой, шматколернымі тканінамі з Эгіпту,
 
Посьцілкамі прыбрала я ложак мой, рожнаколернымі эгіпскімі тканінамі,

пакой мой пасыпала мірам, альвасам і цынамонам.
 
папырскала свой пакой міраю, алёэсам і цынамонам;

Прыйдзі, будзем цешыцца пяшчотамі да раніцы, атрымліваць асалоду ад каханьня.
 
хадзі-ж, будзем піць каханьне аж да раніцы, нацешымся каханьнем,

Бо няма мужа ў доме, выбраўся ў далёкую дарогу,
 
бо мужа майго няма ў хаце, ён паехаў у далёкую дарогу;

капшук з грашыма ўзяў з сабою, у дзень поўні месяца мае вярнуцца дамоў».
 
мяшок з грашмі ўзяў з сабою, вернецца дамоў у дзень поўні.

Мноствам ласкавых словаў прывабіла яго, лісьлівасьцю вуснаў сваіх зьвяла яго.
 
І схіліла яго мноствам словаў сваіх і зьняволіла яго мяккасьцяй сваіх вуснаў.

Ён адразу пайшоў за ёю, як вол, ведзены на зарэз, як бязглузды, на ланцугу ведзены на пакараньне,
 
Зараз пайшоў за ёю, як вол ідзе на ўбой, як алень на стрэл.

аж пакуль страла праб’е вантробы яго; як птушка, што кідаецца ў сіло, і ня ведае, што на загубу яе.
 
І прабіла страла ягоную вантробу; сьпяшаўся, як птушка ў сіло, ня ведаючы, што яно ёй на згубу.

Дык цяпер, дзеці, паслухайце мяне, і зважайце на словы вуснаў маіх.
 
Дык слухайце мяне дзеці і ўважайце на словы маіх вуснаў.

Няхай не схіляецца сэрца тваё да шляхоў яе, і не блукай па сьцежках яе,
 
Няхай ня схіляецца сэрца тваё на шляхі яе; ня блудзі па сьцежках яе,

бо шматлікія пакалечаныя ёю, і мноства магутных яна загубіла.
 
бо яна многіх паваліла раненымі і шмат моцных забіта ёю.

Дом ейны — шлях у пекла, які вядзе ў сутарэньні сьмерці.
 
Дом яе — шлях у пекла, што вядзе ў дамы сьмерці.