Выслоўяў Саламонавых 8 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Ці ж мудрасьць ня кліча? Ці ж розум ня ўзносіць голас свой?
 
Ці-ж ня мудрасьць кліча і ці ня розум узвышае свой голас?

На вяршынях гораў, пры дарозе, на ростанях стаіць яна,
 
Яна становіцца на высокіх месцах пры дарозе і на раздарожжы;

каля брамаў, пры ўваходзе ў горад, пры дзьвярах кліча яна.
 
яна кліча каля брамаў пры ўваходзе ў горад, пры ўваходзе ў дзьверы.

«Да вас, людзі, я клічу, да сыноў чалавечых голас мой!
 
Да вас клічу я людзі і да сыноў чалавечых мой голас.

Навучыцеся, неразумныя, цьвярозаму мысьленьню, і вы, бязглуздыя, прыдбайце сэрца разумнае.
 
Навучыцеся неразумныя развагі, а дурныя розуму.

Слухайце, бо буду гаварыць пра рэчы важныя, і расчыняцца вусны мае, каб сказаць рэчы справядлівыя.
 
Слухайце, бо буду гаварыць аб вялікіх рэчах і адчыненьне вуснаў маіх — праўда,

Бо праўду выкажа язык мой, і няправасьць — брыдота для вуснаў маіх.
 
бо праўду гаворыць мой язык і бязбожнасьць агідная маім вуснам;

Выслоўі вуснаў маіх праведныя, няма ў іх хлусьні і крывадушнасьці.
 
усе словы маіх вуснаў справядлівыя; няма ў іх няпраўды і хітрасьці.

Усе яны простыя для разумнага і правыя для тых, што знайшлі веданьне.
 
Усе яны ясныя разумнаму і справядлівыя для набываючых веду.

Прыйміце настаўленьне маё, а ня срэбра; лепш веды, чым чыстае золата,
 
Прымеце маю навуку, а не серабро; лепш веда, чым адборнае золата,

бо мудрасьць лепшая за пэрлы, і ніякія каштоўнасьці не параўнаюцца з ёю.
 
бо мудрасьць лепшая ад пэрлаў і нішто з пажаданага не зраўняецца з ёю.

Я, мудрасьць, жыву разам з цьвярозым мысьленьнем і шукаю веданьня і разважлівасьці.
 
Я, мудрасьць, жыву з розумам і шукаю разумнай веды.

Страх перад ГОСПАДАМ — ненавідзець ліхоту, пыху і фанабэрыстасьць; шляхі ліхія і вусны крывадушныя я ненавіджу.
 
Страх Госпада гэта ненавісьць да благога; я ненавіджу гордасьць, высокадумнасьць, благі шлях і хітрыя вусны.

У мяне рада і сапраўдная мудрасьць, я — розум, у мяне сіла.
 
У мяне рада і праўдзівая мудрасьць; я розум — у мяне сіла.

Дзякуючы мне валадары валадараць і князі дзейнічаюць праведна.
 
Праз мяне пануюць каралі і валадары ўзаканяюць праўду;

Дзякуючы мне начальнікі кіруюць, і магнаты, і ўсе судзьдзі зямлі.
 
праз мяне пануюць валадары і магнаты і ўсе судзьдзі зямлі.

Я люблю тых, якія мяне любяць, і тыя, што мяне шукаюць, знойдуць мяне.
 
Любячых мяне я люблю і шукаючыя мяне знойдуць мяне;

У мяне багацьце і слава, незьнішчальныя скарбы і праведнасьць.
 
у мяне багацьце і слава, трывалая маемасьць і праўда;

Плод мой лепшы за золата, і золата найчысьцейшае; і карысьць ад мяне лепшая за срэбра адборнае.
 
плады мае лепшыя за золата, за найлепшае золата, і карысьці ад мяне больш, чым ад адборнага серабра.

Я хаджу сьцежкамі праведнасьці і шляхамі правасудзьдзя,
 
Я хаджу па шляху праўды, па сьцежках суду,

каб даць тым, што любяць мяне, у спадчыну даброцьці, і скарбніцы іх я напоўню.
 
каб тым, што любяць мяне, дала ў спадчыне вечную маемасьць і напаўняю іх скарбніцы.

ГОСПАД меў мяне на пачатку шляху Свайго, раней стварэньняў Сваіх, спакон вякоў.
 
Гаспод меў мяне на пачатку Свайго шляху, раней усіх часоў;

Спрадвеку я пастаўлена, ад пачатку, перш, чым зямля паўстала.
 
ад веку я памазаная, ад пачатку, раней існаваньня зямлі.

Я нарадзілася, калі яшчэ не было бяздоньняў, калі не было крыніцаў, напоўненых водамі.
 
Я радзілася раней, чым былі ўстаноўленыя пропасьці, калі ня было яшчэ крыніцаў з вадою.

Перш, чым горы былі асаджаны, перад узгоркамі я нарадзілася,
 
Я радзілася раней, чым былі створаныя горы, раней узгоркаў;

калі Ён яшчэ не стварыў ані зямлі, ані палёў, ані пачатковых пылінак сусьвету.
 
калі Ён не стварыў яшчэ ні зямлі, ні палёў, ні пачаткаў земскага пылу.

Калі Ён прыгатоўваў нябёсы, я была там. Калі Ён крэсьліў скляпеньне над абліччам бяздоньня,
 
Калі Ён прыгатаўляў нябёсы я была там; калі Ён разьмерываў кола на твары бяздоньня;

калі засноўваў аблокі ўгары, калі ўмацоўваў крыніцы бяздоньня,
 
калі ўмацаваў на гары хмары, калі ўмацаваў крыніцы бяздоньня;

калі вызначаў для мора статут ягоны, каб воды не перакрочвалі межы свае, калі закладаў падваліны зямлі,
 
калі даваў мору ягоныя граніцы і водам, каб не пераступалі ягоных загадаў, калі ўстанаўляў падставы зямлі,

я была ў Яго дойлідам і была пацехай [Яго] кожны дзень, радуючыся перад абліччам Яго кожны час,
 
тады я была пры Ім мастаком і была радасьцяй Яго, вяселячыся перад Ягоным абліччам увесь час,

радуючыся на заселенай зямлі Яго, і пацеха мая — з сынамі чалавечымі.
 
радуючыся на зямным кругу Яго і радасьць мая была з сынамі чалавечымі.

І цяпер, дзеці, паслухайце мяне, і шчасьлівыя тыя, якія трымаюцца шляхоў маіх.
 
Дык слухайце мяне цяпер сыны, бо шчасьлівыя тыя, якія заховываюць шляхі мае.

Слухайце настаўленьне, і будзеце мудрымі, і не адкідайце яго.
 
Паслухайце павучэньня і будзьце мудрымі і не адступайце.

Шчасьлівы чалавек, які слухае мяне, чуваючы кожны дзень пры брамах маіх, стоячы на варце пры парозе дзьвярэй маіх.
 
Шчасьлівы чалавек, які слухае мяне, які ня сьпіць кожны дзень каля брамаў маіх і стоячы на варце ў маіх дзьвярэй,

Бо хто знойдзе мяне, знойдзе жыцьцё і атрымае ласку ад ГОСПАДА,
 
бо хто знайшоў мяне, той знайшоў жыцьцё і атрымае ласку ад Госпада,

а хто грашыць супраць мяне, шкодзіць душы сваёй; усе, якія ненавідзяць мяне, любяць сьмерць».
 
але хто грэшыць супроць мяне, робіць шкоду сваёй душы: усе, што мяне ненавідзяць — любяць сьмерць.