Выслоўяў Саламонавых 8 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Ці ж мудрасьць ня кліча? Ці ж розум ня ўзносіць голас свой?
Ці ня гукае мудрасьць а кемнасьць, ці ня пушчае голасу свайго?
На вяршынях гораў, пры дарозе, на ростанях стаіць яна,
Яна стаіць на версе высокіх месцаў, ля дарогі, на ростанях;
каля брамаў, пры ўваходзе ў горад, пры дзьвярах кліча яна.
Яна гукае ля брамаў, ля ўходу ў места, ля ўходу ў дзьверы:
«Да вас, людзі, я клічу, да сыноў чалавечых голас мой!
«Да вас, людзі, я гукаю, і голас мой да сыноў людзкіх.
Навучыцеся, неразумныя, цьвярозаму мысьленьню, і вы, бязглуздыя, прыдбайце сэрца разумнае.
Уцямце, неразумныя, добры розум, і, дурныя, уцямце разважнасьць.
Слухайце, бо буду гаварыць пра рэчы важныя, і расчыняцца вусны мае, каб сказаць рэчы справядлівыя.
Слухайце, бо я буду гукаць дабрароднае, і адчыненьне вуснаў маіх — пасьцівасьць;
Бо праўду выкажа язык мой, і няправасьць — брыдота для вуснаў маіх.
Бо праўду вымаве паднябеньне мае, і агіда — нягоднасьць вуснам маім;
Выслоўі вуснаў маіх праведныя, няма ў іх хлусьні і крывадушнасьці.
Справядлівыя ўсі казані вуснаў маіх; нямаш ў іх крутні ані ашукі;
Усе яны простыя для разумнага і правыя для тых, што знайшлі веданьне.
Усі яны ясныя цемячаму і пасьцівыя тым, што знаходзяць веду.
Прыйміце настаўленьне маё, а ня срэбра; лепш веды, чым чыстае золата,
Прыйміце навуку маю, а ня срэбра, і валей веду, як выборнае золата;
бо мудрасьць лепшая за пэрлы, і ніякія каштоўнасьці не параўнаюцца з ёю.
Бо лепшая мудрасьць за рубіны, і ўсе жаданае не зраўнуецца зь ёю.
Я, мудрасьць, жыву разам з цьвярозым мысьленьнем і шукаю веданьня і разважлівасьці.
Я, мудрасьць, жыву з розумам і веду добрага розуму знаходжу.
Страх перад ГОСПАДАМ — ненавідзець ліхоту, пыху і фанабэрыстасьць; шляхі ліхія і вусны крывадушныя я ненавіджу.
Баяцца СПАДАРА — ненавідзіць ліха: ненавіджу гордасьць а пыху а благую дарогу а ізрадлівыя вусны.
У мяне рада і сапраўдная мудрасьць, я — розум, у мяне сіла.
У мяне рада й добры розум; я кемнасьць, і ў мяне сіла;
Дзякуючы мне валадары валадараць і князі дзейнічаюць праведна.
Імною гаспадарствуюць каралі, і князі ўстанаўляюць уставы справядлівасьці;
Дзякуючы мне начальнікі кіруюць, і магнаты, і ўсе судзьдзі зямлі.
Імною начэльнікі радзяць і ўсі дабрародныя судзьдзі зямлі.
Я люблю тых, якія мяне любяць, і тыя, што мяне шукаюць, знойдуць мяне.
Я люблю любячых мяне, і хто шукае мяне, той знойдзе мяне.
У мяне багацьце і слава, незьнішчальныя скарбы і праведнасьць.
Багацьце а слава з імною, меньне кажначаснае а праўда;
Плод мой лепшы за золата, і золата найчысьцейшае; і карысьць ад мяне лепшая за срэбра адборнае.
Лепшыя плады мае за чыстае золата, за золата найчыстшае, і прыбытку зь мяне болей, чымся з выборнага срэбра.
Я хаджу сьцежкамі праведнасьці і шляхамі правасудзьдзя,
Я йду дарогаю справядлівасьці, пасярод сьцежкаў суду,
каб даць тым, што любяць мяне, у спадчыну даброцьці, і скарбніцы іх я напоўню.
Каб любячым мяне даць на спадак дабро і скарбніцы іхныя напоўніць.
ГОСПАД меў мяне на пачатку шляху Свайго, раней стварэньняў Сваіх, спакон вякоў.
СПАДАР меў мяне на пачатку дарогі Свае, перад справамі Сваімі, здаўна;
Спрадвеку я пастаўлена, ад пачатку, перш, чым зямля паўстала.
Я была ўстаноўлена спрадвеку, спачатна, раней за быцьцё зямлі.
Я нарадзілася, калі яшчэ не было бяздоньняў, калі не было крыніцаў, напоўненых водамі.
Я радзілася, як ня было бяздоньняў, як ня было жаролаў, поўных вады;
Перш, чым горы былі асаджаны, перад узгоркамі я нарадзілася,
Я радзілася раней, чымся горы былі ўстаноўлены, раней за ўзгоркі,
калі Ён яшчэ не стварыў ані зямлі, ані палёў, ані пачатковых пылінак сусьвету.
Як яшчэ ня была ўчынена зямля, ані раўніны, ані спачатныя пылкі сьвету.
Калі Ён прыгатоўваў нябёсы, я была там. Калі Ён крэсьліў скляпеньне над абліччам бяздоньня,
Як Ён гатаваў нябёсы, я там, як Ён рысаваў круг над бяздоньням,
калі засноўваў аблокі ўгары, калі ўмацоўваў крыніцы бяздоньня,
Як Ён устанаўляў булакі ўгары, як мацніў жаролы бяздоньня,
калі вызначаў для мора статут ягоны, каб воды не перакрочвалі межы свае, калі закладаў падваліны зямлі,
Як даваў мору загаду Сваю, каб воды ня выступалі з расказаньня Ягонага, як Ён клаў поды зямлі, —
я была ў Яго дойлідам і была пацехай [Яго] кожны дзень, радуючыся перад абліччам Яго кожны час,
Тады я была пры Ім мастачкаю, і была кажны дзень весялосьцяй, заўсёды
радуючыся на заселенай зямлі Яго, і пацеха мая — з сынамі чалавечымі.
Цешачыся на заселенай часьці зямлі Ягонай, і любата мая із сынамі людзкімі.
І цяпер, дзеці, паслухайце мяне, і шчасьлівыя тыя, якія трымаюцца шляхоў маіх.
Дык цяпер, сынове, паслухайце мяне, бо шчасьлівыя заховуючыя дарогі мае;
Слухайце настаўленьне, і будзеце мудрымі, і не адкідайце яго.
Паслухайце навукі, і будзьце мудрыя, і не адхінайце яе.
Шчасьлівы чалавек, які слухае мяне, чуваючы кожны дзень пры брамах маіх, стоячы на варце пры парозе дзьвярэй маіх.
Шчасьлівы чалавек, што слухае мяне, кажнага дня сьцеражэць у брамах маіх, вартуе вушакі дзьвярэй маіх;
Бо хто знойдзе мяне, знойдзе жыцьцё і атрымае ласку ад ГОСПАДА,
Бо хто знойдзе мяне, знойдзе жыцьцё і адзяржыць зычлівасьць ад СПАДАРА;
а хто грашыць супраць мяне, шкодзіць душы сваёй; усе, якія ненавідзяць мяне, любяць сьмерць».
Але хто грэша супроці мяне, шкодзе душы сваёй; усі, ненавідзячыя мяне, любяць сьмерць».