Выслоўяў Саламонавых 2 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Сыне мой, калі ты прыймеш словы мае і захаваеш у сябе прыказаньні мае,
 
Сыну мой! калі ты прыймеш словы мае і расказаньні мае захаваеш у сябе,

прыхіляючы вуха тваё да мудрасьці і схіляючы сэрца тваё да разважлівасьці,
 
Так што нахінеш вуха свае да мудрасьці, і прытарнуеш сэрца свае да зразуменьня;

калі вось клікаць будзеш розум і голас твой уздымеш, заклікаючы развагу,
 
Дыкжэ калі будзеш гукаць веду, узьнімеш голас свой да цямленьня;

калі шукаць яе будзеш як срэбра, і прагнуць яе будзеш як багацьця,
 
Калі будзеш шукаць яе, як срэбра, і сачыць яе, як схаваныя скарбы, —

тады зразумееш страх перад ГОСПАДАМ і знойдзеш пазнаньне Бога.
 
Тады ўцяміш боязьнь Божую і знацьцё Бога знойдзеш;

Бо ГОСПАД дае мудрасьць, і з вуснаў Ягоных — веданьне і разуменьне.
 
Бо розум даець СПАДАР; з вуснаў Ягоных веда а розум;

Ён захоўвае цьвярозы розум правым, Ён — шчыт для тых, якія ходзяць беззаганна.
 
Ён хавае пасьцівым існае; Ён — шчыт ходзячым беззаганна;

Ён пільнуе сьцежкі правасудзьдзя, захоўвае шляхі багабойных Сваіх.
 
Ён сьцеражэць сьцежкі суду і бароне дарогу дабрачэсьлівых Сваіх.

Тады зразумееш праведнасьць, суд і справядлівасьць, і кожны шлях добры,
 
Тады ўцяміш справядлівасьць а суд а пасьцівасьць, кажную сьцежку добрую,

калі ўвойдзе мудрасьць у сэрца тваё, і веданьне ўсьцешыць душу тваю.
 
Калі ўвыйдзе мудрасьць у сэрца твае, і веда душы тваей прыемная будзе:

Разважлівасьць будзе пільнаваць цябе, і розум будзе захоўваць цябе,
 
Разважнасьць будзе сьцерагчы цябе, кемнасьць будзе бараніць цябе,

каб выратаваць цябе ад шляху ліхога і ад чалавека, які гаворыць хлусьліва,
 
Каб усьцерагчы цябе ад благое дарогі, ад людзіны, крутадушна гукаючае,

ад тых, якія пакідаюць шлях просты, каб хадзіць сьцежкамі цемры,
 
Каторыя пакідаюць сьцежкі пасьцівасьці, каб хадзіць дарогамі цямноты,

якія цешацца, робячы злое, і радуюцца з ліхіх учынкаў,
 
Каторыя любуюць рабеньне ліха і радуюцца зь нягоднае крутадушнасьці,

у якіх шляхі крывыя і якія блукаюцца на сьцежках сваіх,
 
Каторых дарогі крывыя, і яны крутадушныя на сьцежках сваіх;

каб выратаваць цябе ад чужой жанчыны і ад чужаніцы, што гаворыць лісьліва,
 
Каб вывальніць цябе ад жонкі чужое, ад чужаземкі зь яе лісьлівым словамі,

якая пакінула сябра маладосьці сваёй і забылася на запавет Бога свайго.
 
Каторая пакідае правадыра маладосьці свае і змову Бога свайго забываецца;

Бо дом яе нахіліўся да сьмерці, і шлях ейны — да мёртвых;
 
Бо сьхінаецца да сьмерці дом ейны, сьцежкі ейныя — да сьценяў сьмерці;

усе, хто да яе ўваходзяць, назад не вяртаюцца і не знаходзяць сьцежак жыцьця.
 
Ніхто з уходзячых да яе не зварачаецца ані дасягае дарогаў жыцьця.

Дык хадзі ж ты шляхам добрых і трымайся сьцежкі праведнікаў,
 
Затым маеш хадзіць дарогаю добрых і заховаваць дарогу справядлівасьці;

бо правыя будуць жыць на зямлі, і беззаганныя застануцца на ёй.
 
Бо пасьцівыя населяць зямлю, і дасканальныя застануцца ў ёй;

А бязбожныя будуць вынішчаны з зямлі, ліхадзеі будуць выкарэнены з яе.
 
Але нягодныя будуць адцяты ад зямлі, і ізрадлівыя вырваны зь яе.