Выслоўяў Саламонавых 12 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Хто любіць настаўленьне, любіць веданьне, а хто ненавідзіць дакараньне, той дурань.
 
Хто любе навучаньне, любе веду; але хто ненавідзе вымаўкі, тый недасьціпны.

Добры знойдзе ласку ў ГОСПАДА, але чалавека зламыснага Ён асудзіць.
 
Добры адзержуе зычлівасьць ад СПАДАРА, але чалавека нягоднага Ён засуджае.

Ня будзе стаяць чалавек бязбожнасьцю, а корань праведных не захістаецца.
 
Ня ўладзіцца чалавек нягоднасьцяй, але карэнь справядлівых непахісны.

Дабрадзейная жонка — карона для мужа свайго, а бессаромная — як гніль у костках ягоных.
 
Малайчына жонка — карона мужу свайму, але ганьбячая — гніцьцё ў касьцёх ягоных.

Думкі праведных слушныя, намеры бязбожнікаў падступныя.
 
Думкі справядлівых — права, парады нягодных — ашука.

Словы бязбожнікаў цікуюць на кроў, але вусны правых ратуюць іх.
 
Словы нягодных цікуюць на кроў, але вусны пасьцівых выбаўляюць іх.

Паваленыя бязбожнікі, і няма іх, а дом праведных будзе стаяць.
 
Нягодныя перакулены, і няма, але дом справядлівых будзе стаяць.

Хваляць чалавека паводле розуму ягонага, але той, хто мае ліхое сэрца, будзе пагарджаны.
 
Пахваляць людзіну подле розуму яе, але крутадушным сэрцам пагрэбуюць.

Лепей быць простым і працаваць на сябе, чым выдаваць сябе за паважнага і ня мець хлеба.
 
Каго ўлегцы маюць, і ў яго ё слуга, тый лепшы за хвалька патрабуючага хлеба.

Праведнік рупіцца пра жыцьцё быдла свайго, а нутро бязбожных бязьлітаснае.
 
Справядлівы бачлівы на жыцьцё статку свайго, а нутр нягодных неміласьціўны.

Хто абрабляе зямлю сваю, той насыціцца хлебам, а хто ганяецца за марнасьцю, той ня мае розуму.
 
Хто робе зямлю сваю, насыціцца хлебам, але йдучаму за дзяньгубамі не стаець розуму.

Бязбожнік жадае [злавіць у] пасткі ліхоцьця, а корань праведных прыносіць [плод].
 
Нягодны жадае пасіленьня ад благіх, але карэнь справядлівых родзе.

Ліхадзей заблытаецца праз правіны вуснаў сваіх, а праведнік выйдзе з бяды.
 
Благі спатыкнецца на выступак вуснаў, але справядлівы выйдзе зь бяды.

З плоду вуснаў сваіх чалавек насыціцца дабром, і праца рук чалавека зьвернецца да яго.
 
З плоду вуснаў людзіна насыціцца дабром, і праца рук людзіны зьвернецца да яе.

Шлях неразумнага слушны ў вачах ягоных, але мудры той, хто слухае параду.
 
Дарога дурнога простая ў ваччу ягоным; але хто слухае рады, тый мудры.

Гнеў неразумнага выяўляецца адразу, а разумны хавае зьнявагу.
 
Гнеў дурнога таго ж дня ведамы, але разумны не зважае на ўраз.

Хто дыхае праўдаю, той выкажацца праведна, а сьведка фальшывы хлусіць.
 
Хто дыхае вернасьцяй, кажа справядлівасьць; але сьветка хвальшывая — ашуку,

Ёсьць такі, што лапоча і раніць, як мечам, а язык мудрага лечыць.
 
Лапатун, як выцень мяча, але язык мудрых леча.

Вусны праўдамоўныя трываць будуць вечна, а язык хлусьлівы — імгненьне.
 
Вусны праўды трываюць на векі, але язык манлівы на часіну.

Ашуканства ў сэрцы тых, якія задумляюць ліхоту, а ў тых, якія радзяць мір, — радасьць.
 
Ашука ў сэрцу тых, што задумляюць ліха, але параднікі супакою радуюцца.

Не спаткае праведніка нічога благога, а ў бязбожніка будзе поўна няшчасьцяў.
 
Нічога благога ня стрэне справядлівага, але нягодныя напоўняцца клопатам.

Агіда для ГОСПАДА вусны хлусьлівыя, а тыя, што дзейнічаюць сумленна, падабаюцца Яму.
 
Агіда СПАДАРУ манлівыя вусны, але тыя, што абходзяцца верна — упадабаньне Яму.

Чалавек разумны прыхоўвае веданьне, а сэрца дурняў абвяшчае глупства.
 
Разважны чалавек хавае веданьне, але сэрца дурнога агалашае дурноту.

Рука руплівых будзе мець уладу, а нядбайныя будуць даньнікамі.
 
Рука ўлеглівых будзе мець уладу, але лентыя будуць даньнікамі.

Смутак у сэрцы чалавека прыгнятае яго, а добрае слова разьвяселіць яго.
 
Смутак на сэрцу людзіны цягне яе далоў, але добрае слова вяселе.

Праведнік мае перавагу над бліжнім сваім, а шлях бязбожнікаў зводзіць іх саміх.
 
Справядлівы мае перавагу над прыяцелям сваім, але дарога нягодных зводзе іх.

Гультай не сьпячэ ўпаляванага, а маёмасьць чалавека руплівага каштоўная.
 
Лены чалавек не сьпячэць упаляванага, але маемасьць чалавека ўлеглівага дарагая.

На сьцежцы праведнасьці — жыцьцё, і на шляху яе няма сьмерці.
 
На дарозе справядлівасьці — жыцьцё, і кірунак яе ня знае сьмерці.