Выслоўяў Саламонавых 19 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Лепш бедны, які ходзіць у беззаганнасьці сваёй, чым крывадушны вуснамі сваімі, і да таго ж дурны.
Валей бедны, што ходзе ў сваёй нявіннасьці, чымся крутадушны вуснамі сваімі і ён неразумны.
Таксама нядобра душы бяз ведаў, і хто сьпяшаецца нагамі [сваімі], саграшыць.
Таксама бязь веданьня душы ня добра, і шыбканогі грэша.
Неразумнасьць чалавека крывіць шлях ягоны, але сэрца ягонае гневаецца на ГОСПАДА.
Дурнота чалавека выкрыўляе дарогу ягоную, а на СПАДАРА абураецца сэрца ягонае.
Маёмасьць дадае шматлікіх сяброў, а ўбогага пакідае бліжні ягоны.
Багацьце дабаўляе шмат прыяцеляў, але беднага адлучаюць ад прыяцеля ягонага.
Сьведка фальшывы не пазьбегне пакараньня, і хто дыхае няпраўдай, не ўратуецца.
Хвальшывая сьветка ня будзе нявінная, і хто дыхае маною, не ўцячэць.
Шмат хто паніжаецца перад магнатам, і кожны сябруе з чалавекам, які [дае] падарункі.
Шмат хто дабіваецца ласкі князя, і кажны прыяцель таго, хто даець падаркі.
Усе браты беднага ненавідзяць яго, тым больш сябры ягоныя аддаляюцца ад яго; той бяжыць, каб паразмаўляць, але іх няма.
Усі браты беднага ненавідзяць яго, пагатове здаляюцца ад яго прыяцелі ягоныя; жанецца за словамі, а яны ня зь ім.
Хто набывае розум, той любіць душу сваю, хто шукае разважлівасьці — знаходзіць дабро.
Хто прыдбаець розум, тый любе душу сваю; заховуе розум, каб знайсьці дабро.
Сьведка фальшывы не пазьбегне пакараньня, і хто дыхае няпраўдай, загіне.
Хвальшывая сьветка ня будзе нявінная, і хто дыхае маною — загіне.
Не пасуе дурню раскоша, тым больш слузе мець уладу над князямі.
Ня ўходзе неразумнаму раскоша, шмат меней слузе панаваньне над князьмі.
Розум чалавека стрымлівае гнеў ягоны, і слава яго — у прабачэньні правінаў.
Мудрасьць чалавека зьдзержуе гнеў ягоны, і слава яму — дараваць выступак.
Гнеў валадара — як рыканьне ільва, а зычлівасьць ягоная — як раса на траве.
Гнеў каралеўскі — равеньне левяняці, але як раса на траву зычлівасьць ягоная.
Неразумны сын — загуба для бацькі, а сварлівая жонка — як няспыннае капаньне [праз дах].
Неразумны сын — шкода айцу, а звадлівая жонка — хатні латак.
Дом і маёмасьць — спадчына ад бацькоў, але разумная жонка — ад ГОСПАДА.
Дом а маемасьць спадаюць па бацькох, але разумная жонка — ад СПАДАРА.
Лянота кідае ў сон, і нядбайная душа будзе цярпець голад.
Лянота занура ў глыбокі сон, а гуляючая душа будзе галадаваць.
Хто захоўвае прыказаньні — захоўвае душу сваю, хто не шануе шлях Яго — памрэ.
Хто дзяржыць расказаньне, дзяржыць душу сваю; хто ўлегцы мае дарогі свае — памрэць.
Хто літуецца над убогім, той пазычае ГОСПАДУ, за дабрадзейства Ён аднагародзіць яму.
Пазычае СПАДАРУ, хто робе ласку беднаму, і за ўчынак ягоны Ён адплаце яму.
Карай сына свайго, пакуль ёсьць надзея, і няхай не спрычыніцца да загубы яго душа твая.
Казьнер сына, бо ё надзея, але да сьмерці ягонае не дапушчай душы свае.
Зласьлівы няхай атрымае пакараньне, бо калі пашкадуеш яго, яшчэ больш павялічыш [кару].
Людзіна вялікае злосьці будзе пакарана, бо, калі ты вывальніш, пакараеш удругава.
Слухай парады і прыймай настаўленьне, каб стаўся ты мудрым пры канцы [дзён].
Слухай парады й прыймі навуку, каб стаць мудрым наапошку.
Шмат думак у сэрцы чалавека, але збудзецца намер ГОСПАДА.
Шмат падумкаў у сэрцу чалавека, але рада СПАДАРОВА — яна станецца.
Пажаданая для чалавека міласэрнасьць ягоная, і бедны лепшы за чалавека хлусьлівага.
Жада чалавека — ганьба яго; валей бедны, як манюка.
Страх перад ГОСПАДАМ [вядзе] да жыцьця, і такі [чалавек] будзе жыць, і насыціцца, і зло не наведае яго.
Боязьнь СПАДАРА — да жыцьця; гэткі насычаны, жывець і не дазнаець ліха.
Гультай хавае руку сваю ў місе, але нават да вуснаў сваіх не падымае яе.
Лены хавае руку сваю ў талерку і нават да роту свайго не падыйме яе.
Бі насьмешніка, і неразумны паразумнее, дакарай разумнага, і ён здабудзе веданьне.
Пакарай скалазуба, і просты паразумнее; і згань разумнага, ён сьцяме веду.
Руйнуе бацьку, выганяе маці сын, які прыносіць сорам і ганьбу.
Хто глабае айца, выганяе маці — ё сын, што сарамаціць а ганьбе.
Перастань, сыне мой, слухаць настаўленьні, якія адводзяць ад словаў веданьня.
Перастань, сыну мой, слухаць навукі адхіну ад слоў веды.
Сьведка нягодны насьміхаецца над судом, і вусны бязбожнікаў глытаюць злачынства.
Сьветка веляла сьмяецца із суду, і рот нягодных глытае бяспраўе.
Падрыхтаваныя прысуды для насьмешнікаў, а хвастаньне — на плечы дурняў.
Суды гатовы на скалазуба, і розка — на плечы неразумных.