Выслоўяў Саламонавых 26 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Як сьнег улетку, а дождж у жніво, так дурню не пасуе слава.
Як сьнег улетку і як дождж у жніво, так чэсьць ня ўходзе дурному.
Як птушка пераляціць і як ластаўка паляціць, так праклён беспрычынны ня збудзецца.
Як блудная птушка, як лёт ластаўчын, так бяспрычынны праклён ня здойсьніцца.
Пуга — для каня, аброць — для асла, а кій — на сьпіну дурня.
Пуга каню, аброць аслу, і кій сьпіне дурных.
Не адказвай дурню паводле дурасьці ягонай, каб ня стаўся ты падобным да яго.
Не адказуй дурному подле дурноты ягонае, каб і ты ня стаў роўны зь ім;
Адказвай дурню паводле дурасьці ягонай, каб ня стаўся ён мудрым у вачах сваіх.
Адказуй дурному подле дурноты ягонае, каб ён ня быў мудрыцом у ваччу сваім.
Падцінае сабе ногі і п’е шкоду сваю той, хто праз рукі дурня слова пасылае.
Адцінае сабе ногі, п’ець шкоду тый, што пасылае паручэньне рукою неразумнага;
Няроўныя ногі кульгавага, таксама прыказка ў вуснах дурня.
Як сьцёгны кволыя ў кульгавага, так прыказь у вуснах неразумных.
Як прывязваць камень да вяроўкі, так аддаваць пашану дурню.
Як тый, што пушчае дарагі камень з пушчала, так тый, што сьціць неразумнага.
Як калючка ў руцэ п’янага, так прыказка ў вуснах дурня.
Як цернь у руццэ п’яніцы, так прыказь у вуснах неразумных.
Вяльможны робіць усё: і дурня наймае, і мінака наймае.
Як стралец ране ўсіх, так наймаючы неразумнага і наймаючы хаджан.
Як сабака вяртаецца да ванітаў сваіх, так дурань паўтарае дурасьць сваю.
Як сабака зварачаецца да ірвакоў сваіх, так неразумны паўтарае дурноту сваю.
Ці бачыў ты чалавека, мудрага ў вачах сваіх? На дурня большая надзея, чым на такога.
Ці бачыў чалавека, мудрага ў ваччу сваім? Болей надзеі ў неразумнага, чымся ў яго.
Гультай кажа: «Леў на шляху! Леў на плошчы!»
Ляны кажа: «Леў на дарозе, леў меж вуліцаў».
Дзьверы варочаюцца на завесах сваіх, а гультай — на ложку сваім.
Дзьверы абарачаюцца на завесах сваіх, а ляны — на ложку сваім варочаецца.
Гультай хавае руку сваю ў місе, і яму цяжка падняць яе да вуснаў сваіх.
Ляны хавае руку сваю ў талерку, і цяжка яму падняць яе да вуснаў сваіх.
Гультай мудрэйшы ў вачах сваіх за сямёх, што адказваюць з разуменьнем.
Мудрэйшы ляны ў ваччу сваім за сямёх адказуючых разумна.
Хапае сабаку за вушы той, хто мяшаецца ў чужую спрэчку.
Як тый, што хапае сабаку за вушы, так хадзяка, што мяшаецца да чужое сьпярэчкі.
Як вар’ят, які кідае агонь, стрэлы і сьмерць,
Як шалёны, што пушчае галавешкі, стрэлы а сьмерць,
так чалавек, які падманвае бліжняга свайго і кажа: «Гэта я жартую».
Так людзіна, што ашукуе прыяцеля свайго й кажа: «Ціж я ня шкеліў?»
Калі няма дроваў, агонь гасьне, калі няма пляткара, звадка сьціхае.
Ідзе няма дроў, цяпло гасьне; і йдзе няма агуканьніка, нязгода моўкне.
Вугаль — для жару, дровы — для агню, а чалавек сварлівы — для распальваньня спрэчкі.
Вугаль да жару, і дровы да цяпла; і звадлівая людзіна да тога, каб зацяпляць нязгоду.
Словы пляткара — як прысмакі, яны зыходзяць у глыб нутра.
Словы агуканьніка, як ласонікі, і зыходзяць да нутра жывата.
Як гліна, паліваная срэбрам з жужалем, так гарачыя вусны і ліхое сэрца.
Як гліняны гаршчок, паліваны срэбным шумаўём, так гарачыя вусны й нягоднае сэрца.
Ненавісьнік прыкрываецца вуснамі сваімі, а ў нутры сваім рыхтуе ашуканства.
Вуснамі сваімі непрыяцель прыдаецца, але ў нутру сваім задумляе ашуку;
Калі ён робіць лагодным голас свой, ня вер яму, бо сем брыдотаў у сэрцы ягоным.
Калі ён гукае лагодна, ня вер яму, бо сем агідаў у сэрцу ягоным.
[Чыя] нянавісьць прыхоўваецца ашуканствам, таго ліхота выявіцца перад грамадою.
Чыя ненавіднасьць прыкрыта ашукаю, таго злосьць адкрыецца прынародна.
Хто капае яму, той уваліцца ў яе, і хто пакоціць камень, на таго ён вернецца.
Хто капае яму, уваліцца ў яе; і камень зьвернецца на тога, хто коце яго.
Брахлівы язык ненавідзіць пакрыўджаных ім, і вусны лісьлівыя вядуць да загубы.
Манлівы язык ненавідзе ўцісьненых ім, і гладкія вусны прычыняюць адхіненьне.