Выслоўяў Саламонавых 18 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Свавольны шукае жаданьня [свайго] і кожнай цьвярозай думцы працівіцца.
 
Дурыцца сваявол, у ўсе разумнае ўрываецца.

Дурань ня хоча застанаўляцца, а толькі каб выявіць розум свой.
 
Неразумны ня хоча розуму, але каб выказаць, розум свой.

Калі прыходзіць бязбожнік, прыходзіць пагарда, і разам з сорамам — ганьба.
 
Як прыходзе нягоднік, прыходзе таксама грэбаваньне і зь няславаю сорам.

Словы вуснаў чалавечых — глыбокія воды, крыніца мудрасьці — бурлівы ручай.
 
Глыбокія воды слова вуснаў людзкіх, цякучы цурэй — жарало мудрасьці.

Нядобра зважаць на аблічча бязбожнага, каб паваліць праведнага на судзе.
 
Ня добра мець бачнасьць на асобу нягоднага, каб адхінуць справядлівага на судзе.

Словы дурня прыводзяць да спрэчкі, і вусны ягоныя выклікаюць бойку.
 
Вусны неразумнага прыводзяць да жалобы, і рот ягоны выклікае біцьцё.

Вусны дурня — загуба ягоная, а мова ягоная — пастка для душы яго.
 
Рот дурнога — загубеньне яму, і вусны ягоныя — пасадка душы ягонай.

Словы пляткара — як прысмакі, яны зыходзяць у глыб нутра.
 
Словы агуканьніка — як ласонікі, і яны зыходзяць да нутра жывата.

Нядбайны ў рабоце сваёй — брат нішчыцеля.
 
Таксама нярупатлівы да работы свае — брат раськідона.

Імя ГОСПАДА — магутная вежа, пабяжыць туды праведнік і будзе ў бясьпецы.
 
Імя СПАДАРОВА — моцная вежа: уцякае да яе справядлівы, і ён бясьпечны.

Маёмасьць багатага — умацаваны горад для яго, уяўляецца яна яму як муры высокія.
 
Багацьце багатырова — моцнае месца ягонае, і як высокая сьцяна ў ваччу ягоным.

Перад загубай вывышаецца сэрца чалавека, а ўпакораньне папераджае славу.
 
Перад патрышчаньням сэрца людзіны пыхатае, і перад славаю — пакора.

Хто дае адказ раней, чым выслухае, той неразумны, і сорам яму.
 
Хто адказуе ўперад, чымся пачуе, дурнота а сорам таму.

Дух чалавека пераносіць немач сваю, але дух маркотны хто можа ўзьняць.
 
Дух людзіны жывіць яе ў няўздоленьню, але маркотны дух хто можа перажыць?

Сэрца разважнае набывае веды, і вуха мудрых шукае веданьня.
 
Сэрца цямлівага прыдбаець веду, і вуха мудрых шукае веды.

Падарунак чалавека дае яму прастору і да вялікіх прывядзе яго.
 
Падарак чалавека даець яму прастору і прыводзе яго да вялікіх людзёў.

Першы ў спрэчцы сваёй [падаецца] справядлівым, але прыйдзе бліжні ягоны і выспрабуе яго.
 
Справядлівы першы ў сваёй справе, але прыходзе прыяцель ягоны й скумае яго.

Жэрабя спыняе сваркі і дзеліць між магутнымі.
 
Жэрабя суймае вады й дзеле памеж дужых.

Пакрыўджаны брат — як умацаваны горад, а сваркі — як завалы ў замку.
 
Уражаны брат, як моцнае места, і вады, як завалы замку.

З плоду вуснаў сваіх насыціць чалавек нутро сваё, з прыбыткаў губаў сваіх насыціцца.
 
З пладоў вуснаў людзіны насыціцца жывот ейны: прыбыткам вуснаў сваіх ён насыціцца.

Сьмерць і жыцьцё ў руцэ языка; хто любіць яго, будзе есьці плады ягоныя.
 
Сьмерць і жыцьцё ў моцы языка, і любячыя яго паспытаюцца з пладоў яго.

Хто знайшоў жонку, той знайшоў добрае і атрымаў ласку ад ГОСПАДА.
 
Хто знашоў жонку, тый знашоў дабро й адзяржаў зычлівасьць СПАДАРОВУ.

Бедны гаворыць, умольваючы, а багаты адказвае груба.
 
З маленьням гукае бедны, а багаты адказуе гарэзьліва.

Чалавек, які мае сяброў, сам павінен быць сяброўскі, і бывае, што сябар больш любіць, чым брат.
 
Людзіна, што мае прыяцеляў, мае абходзіцца прыязьліва; бывае прыяцель бліжшы за брата.