Выслоўяў Саламонавых 18 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Свавольны шукае жаданьня [свайго] і кожнай цьвярозай думцы працівіцца.
Дурань ня хоча застанаўляцца, а толькі каб выявіць розум свой.
Калі прыходзіць бязбожнік, прыходзіць пагарда, і разам з сорамам — ганьба.
Словы вуснаў чалавечых — глыбокія воды, крыніца мудрасьці — бурлівы ручай.
Нядобра зважаць на аблічча бязбожнага, каб паваліць праведнага на судзе.
Словы дурня прыводзяць да спрэчкі, і вусны ягоныя выклікаюць бойку.
Вусны дурня — загуба ягоная, а мова ягоная — пастка для душы яго.
Словы пляткара — як прысмакі, яны зыходзяць у глыб нутра.
Нядбайны ў рабоце сваёй — брат нішчыцеля.
Імя ГОСПАДА — магутная вежа, пабяжыць туды праведнік і будзе ў бясьпецы.
Маёмасьць багатага — умацаваны горад для яго, уяўляецца яна яму як муры высокія.
Перад загубай вывышаецца сэрца чалавека, а ўпакораньне папераджае славу.
Хто дае адказ раней, чым выслухае, той неразумны, і сорам яму.
Дух чалавека пераносіць немач сваю, але дух маркотны хто можа ўзьняць.
Сэрца разважнае набывае веды, і вуха мудрых шукае веданьня.
Падарунак чалавека дае яму прастору і да вялікіх прывядзе яго.
Першы ў спрэчцы сваёй [падаецца] справядлівым, але прыйдзе бліжні ягоны і выспрабуе яго.
Жэрабя спыняе сваркі і дзеліць між магутнымі.
Пакрыўджаны брат — як умацаваны горад, а сваркі — як завалы ў замку.
З плоду вуснаў сваіх насыціць чалавек нутро сваё, з прыбыткаў губаў сваіх насыціцца.
Сьмерць і жыцьцё ў руцэ языка; хто любіць яго, будзе есьці плады ягоныя.
Хто знайшоў жонку, той знайшоў добрае і атрымаў ласку ад ГОСПАДА.
Бедны гаворыць, умольваючы, а багаты адказвае груба.
Чалавек, які мае сяброў, сам павінен быць сяброўскі, і бывае, што сябар больш любіць, чым брат.