Выслоўяў Саламонавых 16 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Да чалавека [належыць] меркаваньне сэрца, але ад ГОСПАДА адказ языка.
 

Усе шляхі чалавека чыстыя ў вачах ягоных, але ГОСПАД узважвае душы.
 

Ускладзі на ГОСПАДА ўсе справы свае, і ўсе намеры твае зьдзейсьняцца.
 

Усё зрабіў ГОСПАД дзеля Сябе, і нават бязбожніка на дзень ліхі.
 

Агіда для ГОСПАДА кожны пыхлівы сэрцам, можна паручыцца, ён не застанецца непакараным.
 

Міласэрнасьцю і праўдай адкупляецца беззаконьне, і страх перад ГОСПАДАМ адводзіць ад зла.
 

Калі ГОСПАДУ даспадобы шляхі чалавека, Ён нават ворагаў ягоных пагодзіць з ім.
 

Лепш малое ў праведнасьці, чым багатыя прыбыткі ў беззаконьні.
 

Сэрца чалавека абдумвае шлях свой, але ГОСПАД накіроўвае крокі ягоныя.
 

Калі слова натхнёнае ў вуснах валадара, у судзе ня будзе падступным язык ягоны.
 

Вага і шалі справядлівыя — ад ГОСПАДА, і ўсе камяні ваговыя ў торбе — справа Ягоная.
 

Агіда для валадара — учынкі бязбожныя, бо пасад умацоўваецца праведнасьцю.
 

Падабаюцца валадару вусны праведныя, і таго, хто гаворыць праўдзіва, ён любіць.
 

Гнеў валадара — весьнік сьмерці, але мудры чалавек улагодзіць яго.
 

У сьвятле аблічча валадара — жыцьцё, і зычлівасьць ягоная — як воблака з позьнім дажджом.
 

Нашмат лепш прыдбаць мудрасьць, чым золата, і лепей прыдбаць розум, чым срэбра.
 

Шырокая дарога правых — адвярнуцца ад зла; хто пільнуе шлях свой, той захоўвае душу сваю.
 

Перад загубай ідзе пыхлівасьць, і перад падзеньнем — дух ганарысты.
 

Лепш скарацца духам з пакорнымі, чым дзяліць здабычу з пыхліўцамі.
 

Разважлівы ў слове знойдзе добрае, і той, хто спадзяецца на ГОСПАДА, — шчасьлівы.
 

Мудрага сэрцам называюць разумным, і слодыч вуснаў павялічвае веды.
 

Розум — крыніца жыцьця для тых, хто мае яго, але настаўленьне неразумных — глупства.
 

Сэрца мудрага робіць разважлівымі вусны ягоныя і мове ягонай дадае ведаў.
 

Прыемныя словы — сотавы мёд, асалода для душы і лекі для цела.
 

Ёсьць шлях, які [падаецца] слушным перад абліччам чалавека, але ў канцы ягоным — шлях сьмерці.
 

Работнік цяжка працуе для сябе, бо рот ягоны прымушае яго.
 

Чалавек нягодны ліхоцьце рыхтуе, і ў вуснах ягоных нібы агонь палючы.
 

Чалавек падступны сее звадкі, і пляткар разьдзяляе сяброў.
 

Чалавек злачынны зводзіць бліжняга свайго і вядзе яго на шлях нядобры,
 

прыплюшчвае вочы свае, каб прыдумляць подступ, крывіць губы свае, робячы ліха.
 

Сівізна — слаўная карона, на шляху праведнасьці знаходзяць яе.
 

Лепш павольны на гнеў, чым магутны, і той, які пануе над духам сваім, чым заваёўнік гораду.
 

Жэрабя кідаюць у заўлоньне, але ад ГОСПАДА ўсе суды яго.