Выслоўяў Саламонавых 16 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Чалавечае — гэта рыхтаваць сэрца, а ад Госпада — адказ языка.
У вачах чалавека ўсе яго дарогі чыстыя, але Госпад разглядае душы.
Даручы Госпаду свае справы — і споўняцца твае намеры.
Усё зрабіў Госпад згодна Свайму ўласнаму намеру, таксама і бязбожніка зберагае на ліхі дзень.
Агіднасць для Госпада — усякі фанабэрысты чалавек; напэўна, можна паручыцца: ён не будзе беспакараны.
Міласэрнасцю і праўдай адкупляецца несправядлівасць, і ў страху Госпада — ухіленне ад ліха.
Калі дарогі чалавека падабаюцца Госпаду, таксама і непрыяцеляў яго навяртае Ён да згоды.
Лепш малае са справядлівасцю, чым многія набыткі — без справядлівасці.
Сэрца чалавека плануе дарогу яго, але Госпад кіруе яго крокамі.
На вуснах цара — натхненне, не памыляцца вусны яго ў прыказанні.
Груз і вага Госпада — справядлівыя, і справа Яго — усе камяні ў мяшку.
Грэбуюць цары дзейнічаць бязбожна, бо трон умацоўваецца справядлівасцю.
Ласка цароў — вусны справядлівыя; хто гаворыць праўду, таго будуць любіць.
Гнеў цара — вяшчун смерці, і супакоіць гнеў чалавек мудры.
У святле аблічча царскага — жыццё, і ласка яго — як дождж доўгачаканы.
Валодаць мудрасцю — значна лепш, чым золатам; а набываць разважлівасць — больш каштоўна, чым срэбра.
Сцежка справядлівых — ухіляцца ад ліха; хто беражэ шлях свой — вартаўнік душы сваёй.
Знішчэнню папярэднічае фанабэрыстасць, а перад пагібеллю — пыхлівасць духа.
Лепш скарыцца з пакорлівымі, чым здабычу дзяліць з фанабэрыстымі.
Вучоны ў слове знойдзе дабро, і хто ўскладае надзею на Госпада — шчаслівы.
Хто сэрцам мудры — будзе звацца разважлівым; а слодыч вуснаў памножыць веды.
Крыніца жыцця — вучонасць таго, хто валодае ёю; бязглуздасць — кара для бязглуздых.
Сэрца мудрага навучыць вусны яго і памножыць веды ў вуснах яго.
Складная мова — соты мядовыя, слодыч для душы і здароўе для цела.
Ёсць дарога, якая здаецца чалавеку вернай, а ўрэшце рэшт вядзе да смерці.
Душа таго, хто працуе, працуе для сябе, таму што прымушае яго ўласны рот.
Чалавек бязбожны падбухторвае да ліха, і ў вуснах яго — быццам агонь, што палымнее.
Чалавек ліхі выклікае сваркі, а той, хто наракае, раз’ядноўвае сяброў.
Несправядлівы чалавек ашуквае сябра свайго і вядзе яго на нядобрую дарогу.
Міргаючы вачамі, ён абдумвае крывадушнае і, сціскаючы вусны свае, рыхтуе ліха.
Вянок годнасці — сівізна, якую можна знайсці на шляхах справядлівасці.
Той, хто трывае, — лепей за дужага чалавека, а той, хто кіруе душой сваёю, — за заваёўніка гарадоў.
Жэрабя кідаецца ў крысо, але рашаецца Госпадам.