Выслоўяў Саламонавых 25 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Гэта таксама прыповесьці Салямона, сабраныя людзьмі Эзэкіі, валадара Юды.
 

Слава Божая — утоіць справу, а слава валадароў — дасьледаваць справу.
 

Высокасьць неба, глыбокасьць зямлі і сэрца валадароў недасьледныя.
 

Аддзялі жужаль ад срэбра, і выйдзе ў майстра начыньне.
 

Прыбяры бязбожніка ад аблічча валадара, і пасад ягоны ўмацуецца праведнасьцю.
 

Не ўзьвялічвай сябе перад абліччам валадара і на месцы вялікіх ня стой,
 

бо лепш, калі скажуць табе: «Узьніміся вышэй», чым калі панізяць цябе перад абліччам магната, якога бачылі вочы твае.
 

Не кідайся пасьпешліва судзіцца, бо што зробіш у канцы, калі асароміць цябе бліжні твой.
 

Вядзі спрэчку з бліжнім тваім і не выяўляй таямніцу іншага,
 

каб той, хто пачуе, не ўпікнуў цябе, і каб не зьвярнулася [супраць] цябе гаворка твая.
 

Як залатыя яблыкі са срэбнымі ўпрыгожваньнямі, так слова, сказанае дарэчы.
 

Як залатыя завушніцы і аздоба са шчырага золата, так мудрае дакараньне для ўважлівага вуха.
 

Як прахалода сьнегу ў дзень жніва, так верны пасланец для таго, хто паслаў яго, ён ажыўляе душу гаспадара свайго.
 

Як хмары і вецер без дажджу, так чалавек, які хваліцца падарункам фальшывым.
 

Цярплівасьцю пераканаеш начальніка, і лагодны язык ломіць костку.
 

[Як] знайшоў мёд, еш, колькі трэба табе, каб ты не пераеў і не званітаваў.
 

Стрымай нагу тваю ад дому бліжняга твайго, каб ты не надакучыў яму і каб ён не ўзьненавідзеў цябе.
 

Як мачуга, меч і вострая страла, так чалавек, які кажа фальшывае сьведчаньне супраць бліжняга свайго.
 

Як гнілы зуб і кульгавая нага, так надзея на ліхадзея ў дзень бедства.
 

Як здымаць адзеньне ў халодны дзень, як [ліць] воцат на салетру, так сьпяваць песьні засмучанаму сэрцу.
 

Калі ненавісьнік твой галодны, накармі яго хлебам, калі смагне, напаі яго вадою,
 

бо гэтым вугольле зьбіраеш на галаву ягоную, і ГОСПАД аднагародзіць табе.
 

Паўночны вецер прыганяе дождж, а язык абмоўніка [прыносіць] гнеў на тварах.
 

Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме.
 

Як халодная вада для стомленай душы, так добрыя весткі з далёкага краю.
 

Як скаламучанае жарало і зьнішчаная крыніца, так праведнік, які падае перад бязбожнікам.
 

Як нядобра есьці шмат мёду, так дамагацца сваёй славы ня ёсьць слава.
 

Як горад зруйнаваны і без муроў, так чалавек, які не валодае духам сваім.