Выслоўяў Саламонавых 25 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Яна Станкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Таксама й гэта прыказі Салямонавы, каторыя выпісалі мужы Гэзэкі, караля Юдэйскага.
 

Слава Божая схаваць справу, але чэсьць каралёва прасачыць справу.
 

Неба ўзглядам вышыні, і зямля ўзглядам глыбіні, і сэрца каралёў ня скумальныя.
 

Адлучы шумаўё ад сэрца, і выйдзе судзіна літаваньніку;
 

Аддаль нягоднага ад караля, і пасад ягоны ўмацуецца справядлівасьцяй.
 

Не выстаўляйся ў прытомнасьці караля і на месцу вялікіх ня стой;
 

Бо валей хай скажуць табе: «Пайдзі вышэй сюды», чымся пастановяць цябе ніжэй у прытомнасьці князя, каторага бачылі вочы твае.
 

Не хапайся да сьпярэчкі, бо што зробіш наапошку, як асарамаціць цябе прыяцель твой.
 

Сьперачайся з прыяцелям сваім, але тайны другога не адкрывай;
 

Каб не засароміў цябе тый, што пачуе, і даказ твой ня зьвернецца.
 

Як залатыя яблыкі ў срэбнай судзіне, так слова, як належа, сказанае.
 

Як залатая ўносьніца а прыбор із чыстага золата, так мудры ўпіканьнік слухаючаму вуху.
 

Як халадок ад сьнегу ў жніво, так верны пасланец таму, хто паслаў яго, бо ён пасіляе душу спадароў сваіх.
 

Як булакі а вецер без дажджу, так людзіна, што хваліцца хвальшывым падаркам.
 

Цярплівосьцяй пераканаеш дзяржаўцу, і мяккі язык пераломе косьць.
 

Знашоў мёд, еж досыць, каб ты не перасыціўся ім, і ня вырвала яго.
 

Зьдзержуй нагу сваю ад дому прыяцеля свайго, каб ты не дадзеў яму, і ён не зьненавідзіў цябе.
 

Молат а меч а зайстраная страла — людзіна, што сьветча на прыяцеля свайго хвальшывым сьветчаньням.
 

Зломлены зуб і зьвіхнёная нага давер да нявернага чалавека ў часе бяды.
 

Як тый, што адбірае адзецьце ў сьцюдзёнае надвор’е, і як воцат на салетру, так тый, што пяець песьні смутнаму сэрцу.
 

Калі галодны непрыяцель твой, дай яму хлеба есьці; і калі ён сьмягне, дай яму вады піць;
 

Бо ты пакладзеш жар на галаву ягоную, і СПАДАР адплаце табе.
 

Паўночны вецер прыжанець дождж, тайны язык — хмарны від.
 

Валей жыць у куце страхі, чымся із звадліваю жонкаю ў супольным доме.
 

Як сьцюдзёная вада стамаванай душы, так добрая ведамка з далёкае зямлі.
 

Як мутны ўзнор і папсаванае жарало, так справядлівы, перад нягодным упадаючы.
 

Нядобра есьці шмат мёду, так няслава людзіне, што шукае славы свае.
 

Разбуранае места, безь сьцяны — людзіна, што не валодае сваім духам.