Выслоўяў Саламонавых 10 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Прыповесьці Салямона. Мудры сын — радасьць для бацькі, а дурны сын — смутак для маці.
 

Не прыносяць карысьці скарбы бязбожныя, а праведнасьць ратуе ад сьмерці.
 

Не дазволіць ГОСПАД галадаваць душы праведніка, але адкіне жаданьні бязбожнікаў.
 

Лянівая рука робіць бедным, а рука працавітая ўзбагачае.
 

Хто летам зьбірае, той сын разважлівы, а хто сьпіць у жніво — сын ганебны.
 

Дабраславенствы — на галаве праведнага, а вусны бязбожнікаў хаваюць няправасьць.
 

Памяць пра праведніка дабраслаўлёная, а імя бязбожнікаў спарахнее.
 

Мудры сэрцам прыймае прыказаньні, а той, хто мае вусны неразумныя, упадзе.
 

Хто ходзіць беззаганна, той ходзіць бясьпечна, а хто крывіць шляхі свае, будзе выяўлены.
 

Хто міргае вачыма, той робіць прыкрасьць, і той, хто мае вусны неразумныя, упадзе.
 

Вусны праведніка — крыніца жыцьця, а вусны бязбожнікаў хаваюць няправасьць.
 

Нянавісьць выклікае сваркі, а любоў пакрывае ўсе правіны.
 

У вуснах разумнага знаходзіцца мудрасьць, а кій — на сьпіне бязглуздага.
 

Мудрыя захоўваюць веданьне, а вусны неразумнага вядуць да загубы.
 

Маёмасьць багатага — умацаваны горад для яго, загуба для бедных — галеча іхняя.
 

Праца праведніка вядзе да жыцьця, набытак бязбожніка — да грэху.
 

На сьцежцы жыцьця той, хто прыймае настаўленьне, а хто адкідае дакараньне — блукае.
 

Хто хавае нянавісьць, у таго вусны хлусьлівыя, а хто паклёп разносіць, той дурань.
 

У мностве словаў не пазьбегнеш грэху, а хто стрымлівае вусны свае, той разважлівы.
 

Язык праведніка — адборнае срэбра, а сэрца бязбожніка нічога ня вартае.
 

Вусны праведнага пасьвяць многіх, а бязглуздыя паміраюць ад нястачы розуму.
 

Дабраславенства ад ГОСПАДА, яно ўзбагачае, і смутку з сабою не прыносіць.
 

Радасьць для дурня — учынкі ганебныя, а чалавек разумны [радуецца] мудрасьці.
 

Тое, чаго баіцца бязбожнік, прыйдзе на яго, а прагненьні праведных споўняцца.
 

Калі пранясецца віхура, ня будзе больш бязбожніка, а праведнік мае вечны падмурак.
 

Як воцат для зубоў і як дым для вачэй, так гультай для тых, што яго пасылаюць.
 

Страх перад ГОСПАДАМ памнажае дні, а гады бязбожнікаў скароцяцца.
 

Чаканьне праведнікаў — радасьць, а спадзяваньне бязбожнікаў загіне.
 

Шлях ГОСПАДАЎ — апора для беззаганных і загуба для злачынцаў.
 

Праведнік не пахісьнецца навекі, а бязбожнікі ня будуць жыць на зямлі.
 

Вусны праведніка памнажаюць мудрасьць, а язык падступны будзе адсечаны.
 

Вусны праведніка ведаюць, што даспадобы [Богу], а ў вуснах бязбожнікаў — падступнасьць.