Выслоўяў Саламонавых 4 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Слухайце, дзеці, настаўленьне бацькі і ўважайце, каб навучыцца розуму,
бо я даю вам добрую навуку; не пакідайце закону майго.
Бо і я быў сынам у бацькі майго, пешчаны і адзіны ў маці маёй.
І ён вучыў мяне, і казаў мне: «Няхай трымаецца сэрца тваё словаў маіх, захоўвай прыказаньні мае і жыві.
Набывай мудрасьць, набывай розум, не забывайся і не ўхіляйся ад словаў вуснаў маіх.
Не пакідай яе, і яна захавае цябе, любі яе, і яна будзе пільнаваць цябе.
Галоўнае — мудрасьць; набывай мудрасьць, і за ўсю маёмасьць тваю набывай розум.
Узьвяліч яе, і яна падыме цябе, яна праславіць цябе, калі ты ўхопішся за яе,
ускладзе на галаву тваю вянок ласкі, аздобіць цябе каронаю славы».
Слухай, сыне мой, і прыймі словы мае, і памножацца гады жыцьця твайго.
Я паказваю табе шлях мудрасьці, вяду цябе сьцежкамі праведнасьці.
Калі пойдзеш імі, ня будуць блытацца ногі твае, калі пабяжыш, не спатыкнешся.
Трымайся настаўленьня, не занядбоўвай, захоўвай яго, бо яно — жыцьцё для цябе.
Не ўзыходзь на сьцежку бязбожнікаў і не хадзі па шляху ліхотнікаў,
пазьбягай яго і не хадзі па ім, ухіляйся ад яго і абмінай яго,
бо не заснуць яны, калі ня ўчыняць благога, і сон іх ня возьме, калі не давядуць каго да падзеньня.
Бо ядуць яны хлеб беззаконьня і п’юць віно гвалту.
Але сьцежка праведных — як сьвятло зараніцы, што ўзыходзіць і расьце аж да поўнага дня.
Шлях бязбожнікаў цёмны, яны ня ведаюць, дзе спатыкнуцца.
Сыне мой, зважай на словы мае, прыхілі вуха тваё да прамоваў маіх.
Няхай не зыходзяць яны з вачэй тваіх, захоўвай іх у глыбіні сэрца твайго,
бо яны — жыцьцё для таго, хто знайшоў іх, і здароўе для ўсяго цела яго.
З усёй стараннасьцю захоўвай сэрца тваё, бо з яго крыніца жыцьця.
Адкінь ад сябе вусны хлусьлівыя, аддалі ад сябе язык крывадушны.
Вочы твае няхай глядзяць проста, а павекі твае няхай скіраваныя будуць перад табою.
Абдумай сьцежку для ног тваіх, і ўсе шляхі твае няхай будуць пэўныя.
Не зыходзь ані направа, ані налева, аддалі нагу тваю ад ліхоцьця.