Выслоўяў Саламонавых 17 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Лепш сухая луста ў супакоі, чым дом, поўны заколатай жывёлы, са сваркамі.
 

Разумны слуга будзе панаваць над шалапутным сынам і між братоў будзе дзяліць спадчыну.
 

Літавальны гаршчок — для срэбра, і горан — для золата, а сэрцы выпрабоўвае ГОСПАД.
 

Ліхотнік зважае на вусны нягодныя, хлус слухае язык згубны.
 

Хто насьміхаецца з беднага, той зьневажае Творцу ягонага, і хто цешыцца з няшчасьця, не пазьбегне пакараньня.
 

Карона старых — сыны сыноў, і слава сыноў — бацькі іхнія.
 

Не пасуе бязглуздаму паважная мова, тым больш шляхетнаму вусны брахлівыя.
 

Хабар — каштоўны камень у вачах гаспадара яго, куды толькі зьвернецца ён, будзе мець посьпех.
 

Хто прыкрывае правіну, шукае любові, а хто паўтарае слова, разьдзяляе сяброў.
 

Мацней дзейнічае нагана на разумнага, чым сто ўдараў на дурнога.
 

Ліхадзей шукае толькі непаслухмянства, таму бязьлітасны анёл будзе пасланы супраць яго.
 

[Лепш] спаткаць мядзьведзіцу, пазбаўленую дзяцей, чым дурня ў неразумнасьці ягонай.
 

Хто адплочвае злом за дабро, у таго зло не адыйдзе ад дому ягонага.
 

Пачатак звадкі — прарыў вады, перш, чым спрэчка пачнецца, пакінь [яе].
 

Той, хто апраўдвае злачынцу, і той, хто вінаваціць праведніка, — абодва агіда для ГОСПАДА.
 

Навошта грошы ў руцэ дурнога, каб набыць мудрасьці, калі няма розуму?
 

Сябра любіць у кожны час, і ў нядолі робіцца братам.
 

Чалавек, пазбаўлены розуму, дае руку і ручаецца перад абліччам бліжняга свайго.
 

Хто любіць сваркі, любіць грэх, і хто падымае высока вароты свае, шукае загубы.
 

Крывадушнае сэрца ня знойдзе дабра, і язык здрадлівы трапіць у бяду.
 

Хто нараджае неразумнага, [нараджае] на смутак сабе, і бацька бязглуздага ня будзе цешыцца.
 

Радаснае сэрца аздараўляе, [нібы] лекі, а маркотны дух сушыць косткі.
 

Бязбожнік бярэ хабар з-за пазухі, каб скрывіць сьцежкі правасудзьдзя.
 

Перад абліччам разумнага — мудрасьць, а вочы дурня — на канцы зямлі.
 

Сын неразумны — згрызота для бацькі свайго і горыч для той, якая яго нарадзіла.
 

Таксама нядобра караць праведніка і біць шляхетнага за шчырасьць.
 

Хто мае веданьне, той у словах ашчадны, і чалавек разумны мае спакойны дух.
 

Таксама неразумны, калі маўчыць, лічыцца мудрым, і калі закрывае вусны свае, разважлівым.