Выслоўяў Саламонавых 17 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Лепш сухая луста ў супакоі, чым дом, поўны заколатай жывёлы, са сваркамі.
 
Лепш сухая луста хлеба з супакоем, чым дом, поўны жывёлы, што заколена, са сваркамі.

Разумны слуга будзе панаваць над шалапутным сынам і між братоў будзе дзяліць спадчыну.
 
Мудры слуга будзе кіраваць сынамі несумленнымі і паміж братамі падзеліць спадчыну.

Літавальны гаршчок — для срэбра, і горан — для золата, а сэрцы выпрабоўвае ГОСПАД.
 
Як агнём правяраецца срэбра і горнам золата, так сэрцы правярае Госпад.

Ліхотнік зважае на вусны нягодныя, хлус слухае язык згубны.
 
Ліхі чалавек скараецца несправядлівым вуснам, а хітры чалавек скараецца языку лгуна.

Хто насьміхаецца з беднага, той зьневажае Творцу ягонага, і хто цешыцца з няшчасьця, не пазьбегне пакараньня.
 
Хто адцураецца беднага — упікае яго Творцу; а хто цешыцца з пагібелі іншага — не будзе беспакараны.

Карона старых — сыны сыноў, і слава сыноў — бацькі іхнія.
 
Вянец старых — сыны сыноў, а слава сыноў — бацькі іх.

Не пасуе бязглуздаму паважная мова, тым больш шляхетнаму вусны брахлівыя.
 
Не ўпрыгожыць бязглуздага складная мова, а кіраўніка — вусны, што лгуць.

Хабар — каштоўны камень у вачах гаспадара яго, куды толькі зьвернецца ён, будзе мець посьпех.
 
Падарунак — найкаштоўнейшы самацвет у вачах гаспадара яго, куды б ні пайшоў ён — будзе мець поспех.

Хто прыкрывае правіну, шукае любові, а хто паўтарае слова, разьдзяляе сяброў.
 
Хто ўтойвае злачынства — шукае сяброўства, а хто ў размове нагадвае аб ім — раз’ядноўвае саюзнікаў.

Мацней дзейнічае нагана на разумнага, чым сто ўдараў на дурнога.
 
Вымова мацней уздзейнічае на разважлівага, чым на бязглуздага сто бізуноў.

Ліхадзей шукае толькі непаслухмянства, таму бязьлітасны анёл будзе пасланы супраць яго.
 
Ліхі заўсёды шукае толькі сварак, і строгі анёл будзе пасланы супраць яго.

[Лепш] спаткаць мядзьведзіцу, пазбаўленую дзяцей, чым дурня ў неразумнасьці ягонай.
 
Лепш сустрэць мядзведзіцу з адабранымі дзіцянятамі, чым бязглуздага, самаўпэўненага ў сваёй бязглуздасці.

Хто адплочвае злом за дабро, у таго зло не адыйдзе ад дому ягонага.
 
Хто ліхам за дабро адплачвае, той не мінуе ліха ў доме сваім.

Пачатак звадкі — прарыў вады, перш, чым спрэчка пачнецца, пакінь [яе].
 
Пачатак сварак — гэта прарыў водаў; і пакінь іх, перш чым спрэчка ўзмацніцца.

Той, хто апраўдвае злачынцу, і той, хто вінаваціць праведніка, — абодва агіда для ГОСПАДА.
 
Хто апраўдвае бязбожніка і хто асуджае справядлівага — і той, і другі агідныя для Госпада.

Навошта грошы ў руцэ дурнога, каб набыць мудрасьці, калі няма розуму?
 
Дзеля чаго каштоўнасць у руцэ бязглуздага? Дзеля таго, каб набыць мудрасць, не хапае яму разважлівасці.

Сябра любіць у кожны час, і ў нядолі робіцца братам.
 
Сябар любіць ва ўсякі час, а брат народжаны для няшчасця.

Чалавек, пазбаўлены розуму, дае руку і ручаецца перад абліччам бліжняга свайго.
 
Бязглузды чалавек звязвае рукі, калі ручаецца за сябра свайго.

Хто любіць сваркі, любіць грэх, і хто падымае высока вароты свае, шукае загубы.
 
Хто любіць злачынства — любіць сваркі, а хто ўзвышае дзверы свае — той шукае ўзлому.

Крывадушнае сэрца ня знойдзе дабра, і язык здрадлівы трапіць у бяду.
 
Той, у каго крывадушнае сэрца, — не знойдзе дабра; а хто хітруе ў размове — трапіць у бяду.

Хто нараджае неразумнага, [нараджае] на смутак сабе, і бацька бязглуздага ня будзе цешыцца.
 
Хто родзіць бязглуздага — смутак сабе родзіць, і бацька не пацешыцца з бязглуздага.

Радаснае сэрца аздараўляе, [нібы] лекі, а маркотны дух сушыць косткі.
 
Радасны дух робіць жыццё квітнеючым, дух сумны высушвае косці.

Бязбожнік бярэ хабар з-за пазухі, каб скрывіць сьцежкі правасудзьдзя.
 
Бязбожнік прымае падарункі з-за пазухі, каб перавярнуць сцежкі законнасці.

Перад абліччам разумнага — мудрасьць, а вочы дурня — на канцы зямлі.
 
На твары разважлівага свеціць мудрасць; вочы бязглуздых — на канцах зямлі.

Сын неразумны — згрызота для бацькі свайго і горыч для той, якая яго нарадзіла.
 
Сын бязглузды — гнеў бацькі і пакута для маці, што нарадзіла яго.

Таксама нядобра караць праведніка і біць шляхетнага за шчырасьць.
 
Нядобра караць справядлівага і біць кіраўніка за слушнасць.

Хто мае веданьне, той у словах ашчадны, і чалавек разумны мае спакойны дух.
 
Мае розум, хто ў размовах сваіх стрыманы, і хто з пакорлівым духам — той чалавек разважлівы.

Таксама неразумны, калі маўчыць, лічыцца мудрым, і калі закрывае вусны свае, разважлівым.
 
Таксама і бязглузды, калі маўчыць, можа здацца мудрым, і разважлівым, калі сціскае вусны свае.