Выслоўяў Саламонавых 2 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Сыне мой, калі ты прыймеш словы мае і захаваеш у сябе прыказаньні мае,
 
Сыне мой, калі прымеш размовы мае і схаваеш у сябе запаветы мае,

прыхіляючы вуха тваё да мудрасьці і схіляючы сэрца тваё да разважлівасьці,
 
накіроўваючы вуха сваё да мудрасці, схіляючы сэрца сваё да пазнання разважлівасці,

калі вось клікаць будзеш розум і голас твой уздымеш, заклікаючы развагу,
 
бо калі прызавеш мудрасць і ўручыш голас свой разважлівасці,

калі шукаць яе будзеш як срэбра, і прагнуць яе будзеш як багацьця,
 
калі шукаць яе будзеш, як грошы, ды адшукваць яе будзеш, як скарб, —

тады зразумееш страх перад ГОСПАДАМ і знойдзеш пазнаньне Бога.
 
тады зразумееш страх Госпадаў і знойдзеш пазнанне Бога,

Бо ГОСПАД дае мудрасьць, і з вуснаў Ягоных — веданьне і разуменьне.
 
бо Госпад дае мудрасць, і з вуснаў Яго — веды і разважлівасць.

Ён захоўвае цьвярозы розум правым, Ён — шчыт для тых, якія ходзяць беззаганна.
 
Ён запасе мудрасць для справядлівых і будзе шчытом для тых, хто ходзіць простым шляхам,

Ён пільнуе сьцежкі правасудзьдзя, захоўвае шляхі багабойных Сваіх.
 
захоўваючы сцежкі справядлівасці і пільнуючы дарогі святых.

Тады зразумееш праведнасьць, суд і справядлівасьць, і кожны шлях добры,
 
Тады зразумееш справядлівасць, прыказанне і закон і ўсякую добрую сцежку,

калі ўвойдзе мудрасьць у сэрца тваё, і веданьне ўсьцешыць душу тваю.
 
бо ўвойдзе мудрасць у сэрца тваё, і веды спадабаюцца душы тваёй.

Разважлівасьць будзе пільнаваць цябе, і розум будзе захоўваць цябе,
 
Сумленне будзе пільнаваць цябе, а растаропнасць уратуе цябе,

каб выратаваць цябе ад шляху ліхога і ад чалавека, які гаворыць хлусьліва,
 
каб усцярогся ты ад дарогі ліхой і ад чалавека, які хлусіць,

ад тых, якія пакідаюць шлях просты, каб хадзіць сьцежкамі цемры,
 
[пазбавіць ад тых,] хто пакідае дарогу простую, каб хадзіць па цёмных дарогах,

якія цешацца, робячы злое, і радуюцца з ліхіх учынкаў,
 
[ад тых,] хто весяліцца, калі робіць злачынства, і радуецца з найгоршых рэчаў:

у якіх шляхі крывыя і якія блукаюцца на сьцежках сваіх,
 
дарогі іх нясталыя, а крокі іх блудныя;

каб выратаваць цябе ад чужой жанчыны і ад чужаніцы, што гаворыць лісьліва,
 
каб усцярогся ты ад чужой жонкі і ад чужой, якая змякчае свае размовы

якая пакінула сябра маладосьці сваёй і забылася на запавет Бога свайго.
 
і якая пакінула правадыра маладосці сваёй і забылася на запавет Бога свайго.

Бо дом яе нахіліўся да сьмерці, і шлях ейны — да мёртвых;
 
Бо дом яе нахіліўся да смерці, а шляхі яе — да пекла;

усе, хто да яе ўваходзяць, назад не вяртаюцца і не знаходзяць сьцежак жыцьця.
 
усе, што ідуць да яе, не вяртаюцца і не знаходзяць сцежак жыцця.

Дык хадзі ж ты шляхам добрых і трымайся сьцежкі праведнікаў,
 
Такім чынам, хадзі шляхам добрых людзей і трымайся сцежак справядлівых людзей:

бо правыя будуць жыць на зямлі, і беззаганныя застануцца на ёй.
 
бо той, хто справядлівы, будзе жыць на зямлі і сумленныя назаўсёды застануцца на ёй;

А бязбожныя будуць вынішчаны з зямлі, ліхадзеі будуць выкарэнены з яе.
 
а бязбожнікі будуць сцёрты з зямлі і тыя, што дзейнічаюць несправядліва, будуць выкаранены з яе.