Выслоўяў Саламонавых 27 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
Не хваліся заўтрашнім днём, бо ня ведаеш, што гэты дзень народзіць.
Не хваліся заўтрашнім днём, не ведаючы, што прынясе дзень, што надыходзіць.
Няхай іншы хваліць цябе, а ня вусны твае, нехта чужы, а ня губы твае.
Хай іншы цябе хваліць — не твой уласны рот, чужы — не твае ўласныя вусны.
Камень цяжкі і пясок важкі, але гнеў неразумнага цяжэйшы за іх абодвух.
Цяжкі камень і цяжкаваты пясок, але гнеў бязглуздага цяжэйшы за абаіх.
Гнеў нястрымны і ярасьць бязьлітасная, але хто ўстаіць перад рэўнасьцю?
Шалёны нораў і абурэнне, што прарываецца наверх, — а хто можа ўстаяць перад зайздрасцю?
Лепш адкрытае дакараньне, чым схаваная любоў.
Лепш адкрытае абвінавачванне, чым схаваная любоў.
Раны ад таго, хто любіць, [выказваюць] вернасьць [ягоную], а пацалункі ненавісьніка шматлікія.
Раны ад таго, хто любіць, вярнейшыя, чым ілжывыя пацалункі таго, хто ненавідзіць.
Душа насычаная топчацца па мёдзе, а душы галоднай усё горкае салодкае.
Душа, што насыцілася, будзе таптаць мёд, а душа, што прагне, нават горкае будзе лічыць за салодкае.
Як птушка, што пакінула гняздо сваё, так чалавек, які пакідае месца сваё.
Як птушка, што ўцякае з гнязда свайго, так чалавек, што блукае далёка ад радзімы сваёй.
Алей і кадзіла радуюць сэрца, а салодкасьць бліжняга — у парадзе ад душы.
Маззю і фіміямам цешыцца сэрца і прывабнасцю сябра ў парадзе ад душы.
Не пакідай бліжняга твайго і бліжняга бацькі твайго, і ў дом брата твайго не хадзі ў дзень няшчасьця твайго, бо лепш сусед блізка, чым брат далёка.
Не адмаўляйся ад сябра свайго і сябра бацькі свайго, і ў дзень смутку не ўваходзь у дом брата свайго. Лепш сусед паблізу, чым брат далёка.
Будзь мудры, сыне мой, і ўзрадуй сэрца маё, каб мог я адказаць таму, хто зьневажае мяне.
Імкніся да мудрасці, сыне мой, парадуй сэрца маё, каб мог адказаць таму, хто мне ўпікае.
Разумны бачыць зло і хаваецца, а неразумныя ідуць і будуць пакараныя.
Хітры, што бачыць ліха, — хаваецца; а легкаверныя, што ідуць да яго, — караюцца.
Забяры адзеньне яго, бо ён паручыўся за чужога, і за чужынца вазьмі заклад ад яго.
Здымі вопратку з таго, хто паручыўся за іншага, а за незнаёмых — вазьмі ад яго заклад.
Таму, хто рана раніцаю гучным голасам дабраслаўляе бліжняга свайго, палічаць гэта за праклён.
Хто, уздымаючыся раніцай, хваліць блізкага свайго гучным голасам, залічаць яму гэта за праклён.
Няспыннае капаньне [праз дах] у дажджлівы дзень і сварлівая жонка — аднолькавыя.
Дах, што працякае ў халодны дзень, і сварлівая жонка — роўныя;
Хто [спрабуе] схаваць яе, хавае вецер і пахкі алей у правай руцэ сваёй, які выдае сябе.
хто стрымлівае яе — той быццам вецер стрымлівае і прымудраецца, каб трымаць масць у правай руцэ.
Жалеза жалезам вострыцца, а чалавек вострыць аблічча бліжняга свайго.
Жалеза жалезам вастрыцца, а чалавек завастрае позірк сябра свайго.
Хто даглядае дрэва фігавае, будзе есьці плады яго, а хто пільнуецца гаспадара свайго, будзе ў пашане.
Хто сцеражэ дрэва фігавае — будзе есці плады яго, а хто вартаўнік гаспадара свайго — праславіцца.
Як у вадзе аблічча да аблічча, так сэрца чалавека — да чалавека.
Як у вадзе твар глядзіць на твар, так сэрца чалавека — у чалавеку.
Адхлань і пекла ненасытныя, і вочы чалавека ненасытныя.
Пекла і пагібель ніколі не насычаюцца, падобна ім ненасытныя і вочы чалавечыя.
Літавальны гаршчок для срэбра і горан для золата, а для чалавека — вусны, якія хваляць яго.
Як срэбра — у горане, а золата — у печы, так правяраецца чалавек вуснамі таго, хто хваліць [яго].
Хоць будзеш таўчы неразумнага таўкачом паміж зерня ў ступе, дурнота ягоная не адыйдзе ад яго.
Калі стаўчэш бязглуздага ў ступцы таўкачом разам з зярнятамі, не выйдзе з яго бязглуздасць.
Ведай добра авечак тваіх, зьвяртай сэрца тваё да статкаў тваіх,
Пільна даглядай за жывёлай тваёй, звяртай увагу на статкі,
бо багацьце ня вечнае, і ці ж дыядэма [перадаецца] з пакаленьня ў пакаленьне?
бо не будзеш мець багацце заўсёды. Няўжо з пакалення ў пакаленне будзе перадавацца вянец?
Вырастае трава, і зьяўляецца зеляніна, і зьбіраюць сена з гораў.
Агаліліся лугі — і з’явіліся травы зялёныя, і сабралі сена з узгоркаў;
Ягняты — на вопратку табе, і казлы — плата за поле.
авечкі — на вопратку тваю, а казлы — на выкуп нівы.
І досыць казінага малака на ежу табе, і на ежу дому твайму, і на жыцьцё для служак тваіх.
Хопіць табе казінага малака на снеданне тваё, і на снеданне дому твайго, і на пражытак слугам тваім.