Выслоўяў Саламонавых 23 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
Калі сядзеш есьці з вялікім панам, пільна зважай, што перад табою,
Калі ты ўсеўся, каб есці з кіраўніком, назірай уважліва, што пастаўлена перад тварам тваім,
і прыстаў нож да горла твайго, калі прагавітая душа твая.
і прыстаў нож да свайго горла, калі ты прагны.
Ня квапся на прысмакі ягоныя, бо гэта падманлівы хлеб.
Не жадай ад ежы яго, бо гэта хлеб падманны.
Не намагайся мець багацьце, пакінь разважаньні свае.
Не клапаціся пра багацце, але адпачывай у разважлівасці сваёй.
Зьвернеш вочы твае на яго, а яго няма, бо справіць яно крылы сабе і паляціць, як арол, аж у неба.
Калі павернеш вочы свае да багацця — яго ўжо няма, бо крылы сабе прыправіць; бо зробіць яно сабе крылы, як у арла, і паляціць у неба.
Ня еш хлеб з зайздросным і ня квапся на прысмакі ягоныя,
Не снедай з чалавекам зайздросным і не жадай ежы яго;
бо якія думкі ў сэрцы ягоным, такі і ён. «Еш і пі», — кажа ён табе, але сэрца ягонае не з табою.
бо, як лічыць ён у душы сваёй, — такі і сам ён. «Снедай і пі», — кажа ён табе, а розум яго — не з табою.
Кавалак, які ты зьеў, званітуеш, дарэмныя будуць салодкія словы твае.
Лусту, што ты з’еў, — вырыгнеш, і дарэмна растраціш прыгожыя размовы свае.
Не гавары ў вушы дурня, бо ён узгардзіць разумнымі прамовамі тваімі.
Не гавары ў вушы неразумных, бо пагрэбуюць яны ведамі языка твайго.
Не перасоўвай мяжы старадаўняй і на поле сіротаў не ўваходзь,
Не перанось даўнейшай мяжы, на ніву сірот не ўваходзь:
бо дужы Абаронца іхні, і Ён будзе бараніць іх у судовай справе іхняй з табою.
бо ў іх ёсць магутны Збавіцель, і Ён Сам будзе супраць цябе разбіраць справу іх.
Зьвярні сэрца тваё да настаўленьня, і вушы твае — да словаў веданьня.
Прывядзі сэрца сваё да ведаў, а вушы свае — да слоў ведаў.
Не пакідай юнака без настаўленьня, бо калі пакараеш яго дубцом, ён не памрэ.
Не пазбаўляй юнака настаўлення; бо калі ўдарыш яго розгаю — не памрэ:
Ты пакараеш яго дубцом і выратуеш душу ягоную ад пекла.
ты ўдарыш яго дубцом і душу яго вызваліш ад пекла.
Сыне мой, калі мудрым будзе сэрца тваё, будзе радавацца з табою і маё сэрца.
Сыне мой, калі мудрым будзе сэрца тваё, будзе цешыцца з табою і маё сэрца,
І будуць цешыцца ныркі мае, калі на вуснах тваіх будуць словы правасьці.
і паясніца мая будзе радавацца, калі вусны твае будуць казаць вернае.
Няхай сэрца тваё не зайздросьціць грэшнікам, але кожны дзень няхай будзе яно ў страху перад ГОСПАДАМ,
Хай не зайздросціць сэрца тваё грэшнікам, але ўвесь дзень жыві ў страху Госпадавым;
бо ёсьць будучыня, і надзея твая не загіне.
бо ёсць будучыня ў цябе, і не аднімецца твая надзея.
Слухай, сыне мой, і будзь мудры, і скіроўвай сэрца тваё на шлях [просты].
Слухай, мой сыне, і будзь мудры, і роўна па дарозе накіроўвай душу тваю.
Ня будзь сярод тых, што напіваюцца віна, сярод тых, што аб’ядаюцца мясам,
Не будзь на балях п’яніцаў ані на баляваннях цела,
бо п’яніца і абжора зьбяднеюць, і заспанасьць апране ў лахманы.
бо п’яніца і гуляка збяднеюць, а дрымотны апранецца ў лахманы.
Слухай бацьку твайго, які нарадзіў цябе, і не цурайся маці тваёй, калі яна састарэе.
Слухай бацьку свайго, які парадзіў цябе, і не будзь пагардлівы, калі састарэе маці твая.
Купляй праўду і не прадавай мудрасьці, настаўленьня і розуму.
Купляй праўду і не прадавай; купляй мудрасць, і веды, і розум.
Цешыцца і весяліцца бацька праведнага, і той, хто нарадзіў мудрага, радуецца з яго.
Узрадуецца радасцю бацька справядлівага; а хто парадзіў мудрага — узвесяліцца ў ім;
Няхай радуецца бацька твой, і тая, што нарадзіла цябе, няхай весяліцца.
хай радуюцца твой бацька і маці твая, хай радуецца тая, што нарадзіла цябе.
Сыне мой, дай мне сэрца тваё, і няхай вачам тваім будуць даспадобы шляхі мае.
Сыне мой, дай мне сваё сэрца, хай вочы твае зберагуць шляхі мае.
Бо распусьніца — яма глыбокая, і чужая [жонка] — цесны калодзеж.
Бо яма глыбокая — распусніца, а чужая жанчына — цеснае падзямелле.
Яна цікуе, быццам забойца, і памнажае ліхадзеяў паміж людзьмі.
бо расстаўляе яна пасткі на дарозе, быццам разбойнік, і памнажае несправядлівых сярод людзей.
У каго стогн? У каго гора? У каго сваркі? У каго смутак? У каго раны без прычыны? У каго чырвоныя вочы?
У каго: «Гора»? У каго: «Ах»? У каго сваркі? У каго скарга? У каго раны без прычыны? У каго памутненне вачэй?
У тых, якія доўга сядзяць пры віне, у тых, якія прыходзяць спрабаваць віна мяшанага.
У тых, хто прабывае ў віне і ідзе, каб пакаштаваць змяшанага [віна].
Не глядзі на віно, як яно чырванее, як прамяніцца ў келіху, як роўненька ліецца.
Не глядзі на віно, як яно чырванее, як гожа блішчыць у кубку, як лёгка цячэ праз горла,
У канцы яно ўкусіць, як зьмяя, і ўджаліць, як гадзіна.
бо ўрэшце рэшт — укусіць, як гадзюка, свой яд, як вужака, запусціць.
Вочы твае будуць глядзець на чужых [жонак], і сэрца тваё загаворыць падступна.
Вочы твае ўбачаць рэчы дзіўныя, а сэрца тваё будзе гаварыць нясталае;
І будзеш ты як той, што ляжыць пасярод мора, і як той, што ляжыць на версе мачты.
і будзеш ты, як той, што спіць сярод мора, і быццам той, што заснуў на мачце карабля:
[І скажаш:] «Білі мяне, а я не адчуваў, штурхалі мяне, а я ня ведаў. Калі прачнуся, зноў буду шукаць таго самага».
«Пабілі мяне, а мне не было балюча, ударылі мяне, а я нічога не адчуў; калі прачнуся — ізноў буду шукаць гэта».