Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Выслоўяў 23 Кніга Выслоўяў 23 разьдзел

1 Калі ты ўсеўся, каб есці з кіраўніком, назірай уважліва, што пастаўлена перад тварам тваім,
2 і прыстаў нож да свайго горла, калі ты прагны.
3 Не жадай ад ежы яго, бо гэта хлеб падманны.
4 Не клапаціся пра багацце, але адпачывай у разважлівасці сваёй.
5 Калі павернеш вочы свае да багацця — яго ўжо няма, бо крылы сабе прыправіць; бо зробіць яно сабе крылы, як у арла, і паляціць у неба.
6 Не снедай з чалавекам зайздросным і не жадай ежы яго;
7 бо, як лічыць ён у душы сваёй, — такі і сам ён. «Снедай і пі», — кажа ён табе, а розум яго — не з табою.
8 Лусту, што ты з’еў, — вырыгнеш, і дарэмна растраціш прыгожыя размовы свае.
9 Не гавары ў вушы неразумных, бо пагрэбуюць яны ведамі языка твайго.
10 Не перанось даўнейшай мяжы, на ніву сірот не ўваходзь:
11 бо ў іх ёсць магутны Збавіцель, і Ён Сам будзе супраць цябе разбіраць справу іх.
12 Прывядзі сэрца сваё да ведаў, а вушы свае — да слоў ведаў.
13 Не пазбаўляй юнака настаўлення; бо калі ўдарыш яго розгаю — не памрэ:
14 ты ўдарыш яго дубцом і душу яго вызваліш ад пекла.
15 Сыне мой, калі мудрым будзе сэрца тваё, будзе цешыцца з табою і маё сэрца,
16 і паясніца мая будзе радавацца, калі вусны твае будуць казаць вернае.
17 Хай не зайздросціць сэрца тваё грэшнікам, але ўвесь дзень жыві ў страху Госпадавым;
18 бо ёсць будучыня ў цябе, і не аднімецца твая надзея.
19 Слухай, мой сыне, і будзь мудры, і роўна па дарозе накіроўвай душу тваю.
20 Не будзь на балях п’яніцаў ані на баляваннях цела,
21 бо п’яніца і гуляка збяднеюць, а дрымотны апранецца ў лахманы.
22 Слухай бацьку свайго, які парадзіў цябе, і не будзь пагардлівы, калі састарэе маці твая.
23 Купляй праўду і не прадавай; купляй мудрасць, і веды, і розум.
24 Узрадуецца радасцю бацька справядлівага; а хто парадзіў мудрага — узвесяліцца ў ім;
25 хай радуюцца твой бацька і маці твая, хай радуецца тая, што нарадзіла цябе.
26 Сыне мой, дай мне сваё сэрца, хай вочы твае зберагуць шляхі мае.
27 Бо яма глыбокая — распусніца, а чужая жанчына — цеснае падзямелле.
28 бо расстаўляе яна пасткі на дарозе, быццам разбойнік, і памнажае несправядлівых сярод людзей.
29 У каго: «Гора»? У каго: «Ах»? У каго сваркі? У каго скарга? У каго раны без прычыны? У каго памутненне вачэй?
30 У тых, хто прабывае ў віне і ідзе, каб пакаштаваць змяшанага [віна].
31 Не глядзі на віно, як яно чырванее, як гожа блішчыць у кубку, як лёгка цячэ праз горла,
32 бо ўрэшце рэшт — укусіць, як гадзюка, свой яд, як вужака, запусціць.
33 Вочы твае ўбачаць рэчы дзіўныя, а сэрца тваё будзе гаварыць нясталае;
34 і будзеш ты, як той, што спіць сярод мора, і быццам той, што заснуў на мачце карабля:
35 «Пабілі мяне, а мне не было балюча, ударылі мяне, а я нічога не адчуў; калі прачнуся — ізноў буду шукаць гэта».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Выслоўяў Саламонавых, 23 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017