Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Выслоўяў 10 Кніга Выслоўяў 10 разьдзел

1 Прыпавесці Саламонавы. Мудры сын — радасць бацьку, а бязглузды сын — гора для маці сваёй.
2 Ніяк не дапамогуць бязбожныя скарбы, а справядлівасць душу выратуе ад смерці.
3 Не пашкодзіць Госпад голадам справядліваму, а хцівасць бязбожнікаў знішчыць.
4 Лянівая рука ўтварае беднасць, а рука працавітых падрыхтоўвае багацце.
5 Той сын мудры, хто збірае ў жніво, а хто храпе ўлетку — сын шалапутны.
6 Дабраславенні Госпадавы — на галаве справядлівага, а вусны бязбожнікаў хаваюць лютасць.
7 Памяць справядлівага будзе ў дабраславенні, а імя бязбожнікаў сатлее.
8 Мудры сэрцам прымае пастановы, а бязглузды загіне праз вусны.
9 Хто ходзіць прама, той ходзіць вечна; а хто крывіць дарогі свае, будзе выкрыты.
10 Хто міргае вокам, той прынясе боль, а бязглузды вуснамі загубіць.
11 Вусны справядлівага — крыніца жыцця, а вусны бязбожнікаў хаваюць лютасць.
12 Нянавісць выклікае сваркі, а любоў пакрывае ўсе грахі.
13 У вуснах мудрага знаходзіцца мудрасць, а розгі — на спіне таго, хто не мае сэрца.
14 Мудрыя зберагаюць веды, а вусны бязглуздага — блізкія да пагібелі.
15 Маёмасць багатага — горад крэпасці яго; пагібель бедных — беднасць іх.
16 Праца справядлівага — на жыццё, а плады бязбожніка — на грэх.
17 Хто беражэ настаўленне — ідзе да жыцця, а хто адхіляе папрокі — блукае.
18 Ілжывыя вусны хаваюць нянавісць, а хто зневажае — той неразумны.
19 У шматслоўнасці не будзе недахопу ў грахах, а той, хто ўтрымлівае вусны свае, — самы разважлівы.
20 Мова справядлівага — адборнае срэбра; сэрца ж бязбожнікаў — нічога не вартае.
21 Вусны справядлівага павучаюць вельмі многіх; а той, хто бязглузды, памрэ ад беднасці сэрца.
22 Дабраславенне Госпада робіць людзей багатымі; і не будзе дабаўлена ім ніякага цяжару.
23 Быццам жартам бязглузды робіць злачынства, а мудрасць — для чалавека разважлівага.
24 Чаго баіцца грэшнік, тое і прыйдзе да яго, а жаданне справядлівага здзейсніцца.
25 Як праносіцца віхура — так знікне бязбожнік, а справядлівы — як вечны падмурак.
26 Як укус для зубоў і дым для вачэй, так і гультай для тых, што яго паслалі.
27 Страх Госпадаў дні памножыць, а гады бязбожнікаў скарацяцца.
28 Чаканне справядлівых — радасць, а надзея бязбожнікаў загіне.
29 Шлях Госпадаў — цвярдыня для чыстых сэрцам і пагібель для тых, хто робіць ліха.
30 Справядлівы не пахіснецца да веку, а грэшнікі не выжывуць на зямлі.
31 Вусны справядлівага спараджаюць мудрасць, язык крывадушны будзе вырваны.
32 Вусны справядлівага бачаць прыемнае, а вусны бязбожнікаў — дрэннае.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Выслоўяў Саламонавых, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017