Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Выслоўяў 18 Кніга Выслоўяў 18 разьдзел

1 Зручных выпадкаў шукае той, хто жадае пазбавіцца сябра; раздражняе яго ўсякая парада.
2 Бязглузды не адчувае асалоду ад разважлівасці — а толькі ад паказу ўласнага розуму.
3 Калі прыйдзе бязбожнік — прыйдзе і пагарда, а з ганьбай — знявага.
4 Словы з вуснаў чалавека — глыбокая вада, а крыніца мудрасці — багатая плынь.
5 Нядобра прымаць чалавека бязбожнага, каб пахіснуць справядлівага ў законнасці яго.
6 Вусны бязглуздага змешваюцца са сваркамі, а рот яго выклікае пабоі.
7 Рот бязглуздага — яго пагібель, а вусны яго — пастка для душы яго.
8 Словы плеткара — быццам салодкія, і самі даходзяць да глыбіні чэрава.
9 Той, хто ў працы сваёй млявы і нядбайны, той — брат знішчыцеля.
10 Наймацнейшая цытадэль — імя Госпада; да яе спяшаецца справядлівы, і там ён узвысіцца.
11 Маёмасць багатага — трывалы горад яго, яна — быццам мур высокі ў думцы яго.
12 Перад знішчэннем узвышаецца сэрца чалавечае, і перад услаўленнем — уціхамірваецца.
13 Хто спярша гаворыць, а потым слухае, — таму бязглуздасць і ганьба.
14 Дух чалавечы пераносіць немач сваю, але хто зможа падтрымаць зруйнаваны дух?
15 Сэрца разважлівае будзе валодаць ведамі, і вуха мудрых шукае ведаў.
16 Дар чалавека пашырае дарогу яго і да кіраўнікоў даводзіць яго.
17 Хто першы гаворыць у спрэчцы — лічыцца справядлівым, а прыходзіць сябар яго і выкрые яго.
18 Жэрабя спыняе спрэчкі і таксама вырашае паміж магутнымі.
19 Брат, якога абражаюць, мацнейшы за моцны горад, а сваркі — як крэпасці гарадоў.
20 З плода вуснаў чалавека насыціцца чэрава яго, а спараджэнні ўласных вуснаў уволю накормяць яго.
21 Смерць і жыццё ў руцэ языка; хто яго любіць — будзе есці плады яго.
22 Хто знайшоў добрую жонку — знайшоў дабро і атрымаў ласку ад Госпада.
23 Калі бедны гаворыць з маленнямі, то багаты будзе гаварыць жорстка.
24 Чалавек можа быць паранены сябрамі, але ёсць сябар, які бліжэй за брата.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Выслоўяў Саламонавых, 18 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017