Выслоўяў Саламонавых 5 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Сыне мой, зважай на мудрасьць маю, прыхілі вуха тваё да розуму майго,
 
Сыне мой, звярніся да мудрасці маёй і нахілі вуха сваё да разважлівасці маёй,

каб меў ты разважлівасьць, і вусны твае захавалі веданьне.
 
каб зберагчы думкі і каб вусны твае захавалі настаўленне.

Бо вусны распусьніцы ацякаюць мёдам, і паднябеньне яе мякчэйшае за алей,
 
Бо вусны распусніцы сочацца мёдам, а горла яе больш бліскучае, чым алей;

але канец яе горкі, як палын, і востры, як меч двусечны.
 
а ў рэшце рэшт — яно ў яе горкае, быццам палын, і вострае, быццам двусечны меч.

Ногі ейныя да сьмерці зыходзяць, а стопы ейныя на пекла абапіраюцца.
 
Ногі яе сыходзяць да смерці, а крокі яе вядуць да мерцвякоў;

Як яна не разумее сьцежкі жыцьця, дык хістаюцца крокі яе, і ты ня можаш ведаць іх.
 
паколькі не заўважае яна сцежку жыцця, хісткія крокі яе і сама яна не ведае [іх].

Дык вось цяпер, дзеці, паслухайце мяне, і не адыходзьцеся ад словаў вуснаў маіх.
 
Вось, зараз паслухай, мой сыне, не адступай ад слоў вуснаў маіх.

Аддалі ад яе шлях твой, і не падыходзь да дзьвярэй дому яе,
 
Трымай далёка ад яе шлях твой і не падыходзь блізка да дзвярэй дому яе.

каб не аддаць годнасьці тваёй іншым і гадоў тваіх — бязьлітаснаму,
 
Не аддавай гонару свайго чужым і гадоў сваіх — лютаму чалавеку,

каб не сыцелі чужынцы з сілы тваёй, і з працы тваёй — у доме чужым.
 
каб часам з намаганняў тваіх не насычаліся іншыя і каб працы твае не былі ў чужой хаце,

І будзеш ты потым стагнаць, калі будуць зьняможаныя цела тваё і сілы твае.
 
а ў рэшце рэшт ты будзеш стагнаць, калі сілы твае і цела тваё будуць растрачаныя,

І ты скажаш: «Чаму я зьненавідзеў настаўленьне, і сэрца маё ўзгардзіла дакараньнем.
 
і ты скажаш: «Чаму пагрэбаваў я настаўленнем, і сэрца маё адхіліла папрокі,

Ня слухаў я голасу настаўнікаў маіх, і не прыхіляў я вуха майго да тых, што вучылі мяне.
 
і не пачуў я голасу тых, хто вучыў мяне, і не нахіляў вуха маё да настаўнікаў?

Ледзь ня трапіў я ў вялікае няшчасьце сярод грамады і народу!»
 
Ледзь не трапіў я ў вялікую бяду сярод сходу і грамадства!»

Пі ваду з крыніцы тваёй, тую, што цячэ з калодзежу твайго.
 
Пі ваду са свайго вадаёма і тую, што цячэ ў тваёй студні,

Навошта крыніцам тваім разьлівацца на вуліцы, а ручаям цячы па плошчах?
 
хай не выліваюцца крыніцы твае на двор, а патокі водаў — па вуліцах;

Няхай яны служаць толькі табе, а не чужынцам разам з табою.
 
валодай імі толькі ты адзін, і хай не будуць саўдзельнікамі тваімі іншыя.

Няхай крыніца твая будзе дабраслаўлёная, і цешся жонкай маладосьці тваёй.
 
Хай выток твой будзе дабраславёны, і весяліся з жонкай маладосці тваёй.

Яна — ланя ласкавая і сарна прыгожая, грудзі ейныя няхай напойваюць цябе ў-ва ўсякую часіну, у каханьні яе мей асалоду заўсёды.
 
Яна — лань найпрыгажэйшая і сарна зграбнейшая, прывабнасці яе ап’яняюць цябе ў кожны час, у каханні яе бесперапынна шукай асалоду.

Навошта табе, сыне мой, захапляцца распусьніцай і абдымаць улоньне чужаніцы?
 
Нашто, сыне мой, ты спакушаешся чужою і грэешся ў абдымках чужой?

Бо перад вачамі ГОСПАДА шляхі чалавека, Ён ведае ўсе крокі яго.
 
Бо перад Госпадам — дарогі чалавека і Ён бачыць крокі яго.

Бязбожніка схопяць ягоныя ўласныя правіны, і ён зьвязаны путамі грахоў сваіх.
 
Бязбожніка захопяць яго ўласныя несправядлівасці, і будзе ўтрыманы ён грахамі сваімі.

Ён памрэ без настаўленьня і будзе блукаць дзеля вялікай глупоты сваёй.
 
Памрэ ён, бо не меў настаўлення, і знікне ў безлічы бязглуздасці сваёй.