Выслоўяў Саламонавых 12 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Хто любіць настаўленьне, любіць веданьне, а хто ненавідзіць дакараньне, той дурань.
 

Добры знойдзе ласку ў ГОСПАДА, але чалавека зламыснага Ён асудзіць.
 

Ня будзе стаяць чалавек бязбожнасьцю, а корань праведных не захістаецца.
 

Дабрадзейная жонка — карона для мужа свайго, а бессаромная — як гніль у костках ягоных.
 

Думкі праведных слушныя, намеры бязбожнікаў падступныя.
 

Словы бязбожнікаў цікуюць на кроў, але вусны правых ратуюць іх.
 

Паваленыя бязбожнікі, і няма іх, а дом праведных будзе стаяць.
 

Хваляць чалавека паводле розуму ягонага, але той, хто мае ліхое сэрца, будзе пагарджаны.
 

Лепей быць простым і працаваць на сябе, чым выдаваць сябе за паважнага і ня мець хлеба.
 

Праведнік рупіцца пра жыцьцё быдла свайго, а нутро бязбожных бязьлітаснае.
 

Хто абрабляе зямлю сваю, той насыціцца хлебам, а хто ганяецца за марнасьцю, той ня мае розуму.
 

Бязбожнік жадае [злавіць у] пасткі ліхоцьця, а корань праведных прыносіць [плод].
 

Ліхадзей заблытаецца праз правіны вуснаў сваіх, а праведнік выйдзе з бяды.
 

З плоду вуснаў сваіх чалавек насыціцца дабром, і праца рук чалавека зьвернецца да яго.
 

Шлях неразумнага слушны ў вачах ягоных, але мудры той, хто слухае параду.
 

Гнеў неразумнага выяўляецца адразу, а разумны хавае зьнявагу.
 

Хто дыхае праўдаю, той выкажацца праведна, а сьведка фальшывы хлусіць.
 

Ёсьць такі, што лапоча і раніць, як мечам, а язык мудрага лечыць.
 

Вусны праўдамоўныя трываць будуць вечна, а язык хлусьлівы — імгненьне.
 

Ашуканства ў сэрцы тых, якія задумляюць ліхоту, а ў тых, якія радзяць мір, — радасьць.
 

Не спаткае праведніка нічога благога, а ў бязбожніка будзе поўна няшчасьцяў.
 

Агіда для ГОСПАДА вусны хлусьлівыя, а тыя, што дзейнічаюць сумленна, падабаюцца Яму.
 

Чалавек разумны прыхоўвае веданьне, а сэрца дурняў абвяшчае глупства.
 

Рука руплівых будзе мець уладу, а нядбайныя будуць даньнікамі.
 

Смутак у сэрцы чалавека прыгнятае яго, а добрае слова разьвяселіць яго.
 

Праведнік мае перавагу над бліжнім сваім, а шлях бязбожнікаў зводзіць іх саміх.
 

Гультай не сьпячэ ўпаляванага, а маёмасьць чалавека руплівага каштоўная.
 

На сьцежцы праведнасьці — жыцьцё, і на шляху яе няма сьмерці.