Ісаі 11 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
І ўвыйдзе Атожыла з пня Есэвага, і Голь з карэньня ягонага будзе пладовая;
І супачыне на Ім Дух СПАДАРОЎ, дух мудрасьці а розуму, дух рады а моцы, дух веды а боязьні Божае;
І любата Ягоная ў боязьні СПАДАРА, і не на пагляд аччу Сваіх будзе судзіць, і ня подле чутасьці вушшу Сваіх будзе ганіць;
Але будзе судзіць галечаў подле справядлівасьці, і подле пасьцівасьці ганіць лагодных зямлі; і зразе зямлю дубцом вуснаў Сваіх, духам вуснаў Сваіх зробе сьмерць нягоднаму.
І будзе справядлівасьць поясам на сьцёгнах Ягоных, і вернасьць — поясам на лядзьвях Ягоных.
І будзе жыць воўк ізь ягнём, і леопард із казянём будзе ляжаць; і цялё, і левянё, і ўпашчаны будуць разам, і малы хлопчык павядзець іх.
І карова, і мядзьведзь будуць пасьціцца разам, і дзецяняты іхныя будуць ляжаць разам, і леў, як статак, будзе есьці салому.
І будзе гуляць ссучае дзецянё над нарою гада, і на гняздо базылішка адвучанае ад пелькаў выцягне руку сваю.
Ня будуць дзеяць ліха ані бураць на ўсёй сьвятой гары Маёй, бо напоўніцца зямля веданьням СПАДАРА, як морскае дно пакрыта вадою.
І будзе таго дня, што карэнь Есэў будзе стаяць за харугаў людзём, яго будуць шукаць народы, і супачынак ягоны — слава.
І станецца таго дня: Спадар другі раз падыйме руку Сваю, каб прыдбаць Сабе астачу люду Свайго, што застаўся ад Асыры а ад Ягіпту а ад Пафросу а ад Ефіопы а ад Еламу а ад Шынару а ад Гамафу а ад абтокаў морскіх;
І падыйме харугаў народам, і зьбярэць выгнаных Ізраялян, і злуча расьцярушаных Юдэяў з чатырох канцоў зямлі.
І адвернецца завіднасьць Яхрэмава, і праціўнікі Юды адцяты будуць: Яхрэм ня будзе завідаваць Юдзе, і Юда ня будзе ўціскаць Яхрэма;
Але палятуць на плячо Пілішчан да мора, разам аглабаюць сыноў усходу, накладуць руку сваю на Едома а Моава, і сынове Амонавы будуць слухаць іх.
І высуша СПАДАР затоку Ягіпецкага мора, і падыйме рукў Сваю на Раку ў вялікім Сваім ветру, і падзеле яе на сем цур’ёў, і можна будзе перайсьці іх у чаравіках.
І будзе гасьцінец астачы люду Ягонага, што застаўся ад Асыры, падобна да тога, як было з Ізраелям, як ён узышоў ізь зямлі Ягіпецкае.