Ёіля 3 разьдзел

Кніга прарока Ёіля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Яна Пятроўскага

 
 

Бо вось, тых дзён і ў тым часе, калі Я зьвярну палон Юдэі а Ерузаліму,
 
Бо вось, у тыя дні і ў тым самым часе, калі вярну з палону народ Юды і Ерузаліму,

Я зьбяру ўсі народы і зьвяду іх на даліну Ясапатаву, і буду зь імі прававацца там за люд Свой а спадак Свой, Ізраеля, каторы яны расьцярушылі меж народаў, і падзялілі зямлю Маю,
 
Я зьбяру ўсе народы і прывяду іх на Ёзафатавую даліну і тамака ўчыню над імі суд за народ Мой і за спадчыну Маю, Ізраіля, якога яны расьцярушылі паміж народамі, і падзялілі зямлю Маю.

І кідалі на жэрабя празь люд Мой, і аддавалі дзяцюка за бязулю, і прадавалі дзеўку за віно, і пілі.
 
І аб народзе Маім яны кідалі лёсы і аддавалі юнака за блудніцу, і прадавалі дзяўчыну за віно, каб было што піць.

Але, і што вы маеце да Мяне, Тыру а Сыдоне і ўсі акругі пілісцкія? Ці адплачуеце Імне? А калі адплачуеце Імне, лёгка, борзда Я абярну адплату вашу на галаву вашу;
 
І што вы Мне, Тыр і Сыдон і ўсе акругі філістынскія? Мо' хочаце вы памставаць на Мяне? ці хочаце адплаціць Мне? лёгка і хутка Я кіну помсту вашую на голавы вашыя,

Бо срэбра Маё а золата Маё вы ўзялі, і Мае добрыя жаданьні перанесьлі да палацаў багоў сваіх,
 
Бо вы ўзялі серабро Маё і золата Маё, і найлепшыя каштоўнасьці Мае занесьлі ў бажніцы вашыя,

І сыноў Юды а сыноў Ерузаліму прадавалі сыном грэцкім, каб здаліць іх ад граніцаў іхных.
 
А сыноў Юды і сыноў Ерузаліму прадавалі сынам Грэкаў, каб загнаць іх далёка ад межаў роднае зямлі іх.

Вось, Я ўзьніму іх із тога месца, куды вы іх прадалі, і абярну плату вашу на галаву вашу.
 
Вось, Я ўзбуджу іх із таго месца, куды вы прадалі іх, і абярну помсту вашую на галаву вашую.

І прадам сыноў вашых а дачкі вашыя ў руку сыноў Юдзіных, і яны прададуць іх Савеям, люду далёкаму», — бо СПАДАР казаў.
 
І аддам сыноў вашых і дачок вашых ў рукі сыноў Юды, і яны прададуць іх Сабэям, народу далёкаму; гэтак сказаў Госпад.

Абясьціце гэта меж народаў; пасьвяціцеся на вайну; пабудзіце дужасілаў; няхай дабліжацца, няхай узыйдуць усі воі;
 
Апавясьцеце гэта паміж народамі, падрыхтуйцеся да вайны, пабудзеце адважных; няхай выйдуць, падымуцца ўсе ваяры.

Перакуйце нарогі вашы на мячы і сярпы вашы на дзіды; слабы няхай скажа: «Я дужы».
 
Перакуйце лемяшы вашыя на мячы і сярпы вашыя — на копіі; слабы няхай кажа: я дужы!

Барзьдзіце й прыходзьце, ўсі народы, адусюль, і зьбярыцеся туды; прычыні, СПАДАРУ, зыйсьці дужых Сваіх.
 
Сьпяшэце і зыходзьцеся, усе народы сумежныя, і зграмадзьцеся; вядзі, Гогпадзе, туды ваяроў Тваіх дужых.

Няхай прачхнуцца народы і ўзыйдуць на даліну Ясапатаву; бо там Я сяду судзіць усі народы навокал.
 
Няхай паўстануць народы і зыйдуць на даліну Ёзафатавую; бо тамака Я сяду, каб судзіць усе народы зусюль.

Пусьціце ў рух серп, бо жніво сьпелае; прыходзьце, спусьціцеся, бо таўчэльня поўная, із скляпоў пераліваецца, бо вялікая нягоднасьць іхная.
 
Пусьцеце ў рух сярпы, бо жніва дасьпела, ідзеце, спусьцецеся ўніз, бо ціск поўны і пасуды пераліваюцца, бо злосьць іх вялікая.

Грамады, грамады ў даліне рассудку, бо дзень СПАДАРОЎ бліжэе ў даліне рассудку.
 
Натоўпы, натоўпы ў даліне вырашэньня! бо блізкі дзень Госпадавы ў даліне суду!

Сонца а месяц зацьмеюць, і гвезды страцяць зьзяньне сваё.
 
Сонца і месяц зацьмяцца і зоркі згубяць бліск свой.

І СПАДАР із Сыёну загрыміць, і выдасьць голас Свой зь Ерузаліму, і здрыгануцца нябёсы й зямля; але СПАДАР абарона люду Свайму і сіла сыном Ізраелявым.
 
І загрыміць Госпад з Сыону і дасьць пачуць голас Свой зь Ерузаліму; задрыжаць неба і зямля; але Госпад будзе абаронаю для народу Свайго і крэпасьцю для сыноў Ізраілевых.

Тады даведаецеся, што Я СПАДАР, Бог ваш, што жывець на Сыёне, на сьвятой гары Сваёй; і будзе Ерузалім сьвятасьцяй, і наперад чужаземцы ня будуць праходзіць па ім.
 
Тады пазнацімеце, што Я — Госпад Бог ваш, што жыве на Сыоне, на сьвятой гары Сваёй; і будзе Ерузалім сьвятыняю, і ня будуць ужо чужынцы праходзіць празь яго.

І станецца таго дня, што з гор будзе капаць вінны сок, і з узгоркаў пацячэць малако, і ўсі рэкі Юдзіны напоўняцца вадою, і жарало выйдзе з дому СПАДАРОВАГА, і напое даліну Шытымскую.
 
І станецца ў той дзень: горы будуць капаць віном і ўзгоркі пацякуць малаком і ўсе патокі Юдэйскія напоўняцца вадою, а з дому Госпада выйдзе крыніца і будзе расіць даліну Шыцім.

Ягіпет стане спустошаньням, і Едом будзе спустошаным сьцепам за ўціск сыноў Юдзіных, бо яны разьлівалі нявінную кроў у зямлі іхнай.
 
Эгіпет станецца тады пустыняю і Эдом будзе пустым стэпам — за тое, што яны ўціскалі сыноў Юдавых і пралівалі непавінную кроў на іхнай зямлі.

Але Юда трываць будзе на векі, і Ерузалім ад пакаленьня да пакаленьня:
 
А Юда будзе жыць вечна і Ерузалім — з роду ў род.

Бо ачышчу кроў іхную, каторай не ачышчаў; і СПАДАР жывець на Сыёне.
 
Я змыю кроў іх, якое ня змыў яшчэ, і Госпад будзе прабываць на Сыоне.