Ёіля 3 разьдзел

Кніга прарока Ёіля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Бо вось, тых дзён і ў тым часе, калі Я зьвярну палон Юдэі а Ерузаліму,
 
Бо вось, у тыя дні і ў той самы час, як Я вярну палон Юды і Ерусаліма,

Я зьбяру ўсі народы і зьвяду іх на даліну Ясапатаву, і буду зь імі прававацца там за люд Свой а спадак Свой, Ізраеля, каторы яны расьцярушылі меж народаў, і падзялілі зямлю Маю,
 
Я зьбяру ўсе народы і прывяду іх у даліну Ёсафата і там учыню над імі суд за народ Мой і за спадчыну Маю, Ізраіля, якую яны расьсеялі паміж народамі, і зямлю Маю падзялілі.

І кідалі на жэрабя празь люд Мой, і аддавалі дзяцюка за бязулю, і прадавалі дзеўку за віно, і пілі.
 
І на народ Мой яны кідалі жэрабя і аддавалі падлетка за блудадзейку, і прадавалі дзяўчынку за віно і пілі.

Але, і што вы маеце да Мяне, Тыру а Сыдоне і ўсі акругі пілісцкія? Ці адплачуеце Імне? А калі адплачуеце Імне, лёгка, борзда Я абярну адплату вашу на галаву вашу;
 
Што вы Мне, Тыр і Сідон і ўсе навакольлі Філістымскія? Ці хочаце заплаціць Мне помстай? ці хочаце адплаціць мне? лёгка і хутка Я абярну помсту вашую на галовы вашыя,

Бо срэбра Маё а золата Маё вы ўзялі, і Мае добрыя жаданьні перанесьлі да палацаў багоў сваіх,
 
бо вы ўзялі срэбра Маё і золата Маё, і найлепшыя каштоўнасьці Мае ўнесьлі ў капішчы вашыя,

І сыноў Юды а сыноў Ерузаліму прадавалі сыном грэцкім, каб здаліць іх ад граніцаў іхных.
 
і сыноў Юды і сыноў Ерусаліма прадавалі сынам Элінаў, каб аддаліць іх ад межаў іхніх.

Вось, Я ўзьніму іх із тога месца, куды вы іх прадалі, і абярну плату вашу на галаву вашу.
 
Вось, я падыму іх з таго месца, куды вы прадалі іх, і абярну адплату вашу на галаву вашу.

І прадам сыноў вашых а дачкі вашыя ў руку сыноў Юдзіных, і яны прададуць іх Савеям, люду далёкаму», — бо СПАДАР казаў.
 
І аддам сыноў вашых і дачок вашых у рукі сыноў Юды, і яны прададуць іх Савэям, народу аддаленаму; так сказаў Гасподзь.

Абясьціце гэта меж народаў; пасьвяціцеся на вайну; пабудзіце дужасілаў; няхай дабліжацца, няхай узыйдуць усі воі;
 
Абвясьцеце пра гэта паміж народамі, падрыхтуйцеся да вайны, разбудзеце адважных; хай выступяць, падымуцца ўсе ваяры.

Перакуйце нарогі вашы на мячы і сярпы вашы на дзіды; слабы няхай скажа: «Я дужы».
 
Перакуйце аралы вашыя на мечы і сярпы вашыя — на дзіды; слабы хай гаворыць: я дужы.

Барзьдзіце й прыходзьце, ўсі народы, адусюль, і зьбярыцеся туды; прычыні, СПАДАРУ, зыйсьці дужых Сваіх.
 
Сьпяшайцеся і сыходзьцеся; туды, Госпадзе, вядзі Тваіх герояў.

Няхай прачхнуцца народы і ўзыйдуць на даліну Ясапатаву; бо там Я сяду судзіць усі народы навокал.
 
Хай падымуцца народы і сыдуць у даліну Ёсафата; бо там Я сяду, каб судзіць усе народы адусюль.

Пусьціце ў рух серп, бо жніво сьпелае; прыходзьце, спусьціцеся, бо таўчэльня поўная, із скляпоў пераліваецца, бо вялікая нягоднасьць іхная.
 
Пусьцеце ў ход сярпы, бо жніва пасьпела; ідзеце, спусьцецеся, бо чавільня поўная і падчавільнік пераліваецца, бо злосьць іх вялікая.

Грамады, грамады ў даліне рассудку, бо дзень СПАДАРОЎ бліжэе ў даліне рассудку.
 
Тлумы, тлумы ў даліне суду! бо блізкі день Гасподні да даліны суду!

Сонца а месяц зацьмеюць, і гвезды страцяць зьзяньне сваё.
 
Сонца і месяц памеркнуць, і зоркі страцяць бляск свой.

І СПАДАР із Сыёну загрыміць, і выдасьць голас Свой зь Ерузаліму, і здрыгануцца нябёсы й зямля; але СПАДАР абарона люду Свайму і сіла сыном Ізраелявым.
 
І загрыміць Гасподзь зь Сіёна і дасьць голас Свой зь Ерусаліма; здрыгануцца неба і зямля; але Гасподзь будзе абаронаю народу Свайму і абаронаю сынам Ізраілевым.

Тады даведаецеся, што Я СПАДАР, Бог ваш, што жывець на Сыёне, на сьвятой гары Сваёй; і будзе Ерузалім сьвятасьцяй, і наперад чужаземцы ня будуць праходзіць па ім.
 
Тады ўведаеце, што Я — Гасподзь Бог ваш, Які жыве на Сіёне, на сьвятой гары Маёй; і будзе Ерусалім сьвятыняю, і ня будуць ужо іншапляменцы праходзіць празь яго.

І станецца таго дня, што з гор будзе капаць вінны сок, і з узгоркаў пацячэць малако, і ўсі рэкі Юдзіны напоўняцца вадою, і жарало выйдзе з дому СПАДАРОВАГА, і напое даліну Шытымскую.
 
І будуць у той дзень: горы будуць капаць віном і пагоркі пацякуць малаком і ўсе рэчышчы Юдэйскія напоўняцца вадою, а з дома Гасподняга выйдзе крыніца і будзе напойваць даліну Сітым.

Ягіпет стане спустошаньням, і Едом будзе спустошаным сьцепам за ўціск сыноў Юдзіных, бо яны разьлівалі нявінную кроў у зямлі іхнай.
 
Егіпет зробіцца пустыняю, і Эдом будзе пустым стэпам — за тое, што яны ўціскалі сыноў Юдавых і пралівалі невінаватую кроў у зямлі іхняй.

Але Юда трываць будзе на векі, і Ерузалім ад пакаленьня да пакаленьня:
 
А Юда будзе жыць вечна і Ерусалім — у роды родаў.

Бо ачышчу кроў іхную, каторай не ачышчаў; і СПАДАР жывець на Сыёне.
 
Я змыю кроў іх, якую ня змыў яшчэ, і Гасподзь будзе жыць на Сіёне.