Ёіля 2 разьдзел

Кніга прарока Ёіля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Затрубіце ў трубу на Сыёне, крычыце на сьвятой гары Маёй, няхай дрыжаць усі жыхары зямлі, бо настаець дзень СПАДАРОЎ, ён блізка,
 
Трубеце трубою на Сіёне і беце трывогу на сьвятой гары Маёй; хай трымцяць усе жыхары зямлі, бо настае дзень Гасподні, бо ён блізка —

Дзень цямноты а цемрадзі, дзень булаку а туману: як ранічная сьвятліня, пашыраецца па горах люд вялікі а дужы, якому падобнага ня было ад веку дый просьле яго ня будзе ніколі ад пакаленьня аж да пакаленьня.
 
дзень цемры і мораку, дзень хмарны і туманны: як ранішняя зара пашыраецца па гарах народ шматлікі і моцны, якога ня бывала адвеку і пасьля таго ня будзе ў роды родаў.

Перад Ім, цяпло жарэць, а за Ім полымя пале; зямля як сад Едэнскі перад Ім, а за Ім спустошаны сьцеп, і нават ніхто не ўцячэць ад Яго.
 
Перад ім жарэ агонь, а за ім паліць полымя; перад ім зямля як сад Эдэмскі, а за ім будзе спустошаны стэп, і нікому ня будзе ратунку ад яго.

Выгляд іхны, як выгляд коні, і, як коньнікі, так яны пабягуць;
 
Выгляд яго як выгляд у коней, і скачуць яны як коньнікі;

Як грукат цялежак на вярхох гор, яны паскачуць, як трэскат полымя цяпла, што жарэць жнеўнік, як люд дужы ладзіцца да бітвы.
 
скачуць па вяршынях гор як бы са стукам калясьніц, як бы з трэскам агнявога полымя, якое жарэ салому, як моцны народ, пастаўлены на бітву.

Ад віду Ягонага будуць дрыжэць люды, усі віды зьбялелі.
 
Убачыўшы яго, затрымцяць народы, ва ўсіх твары зьбялеюць.

Як дужасілы пабягуць яны, узьлезуць на сьцяну як воі, і кажны йдзець сваёю дарогаю, і ня ўзрушаць радоў сваіх.
 
Як змагары бягуць яны і як адважныя воіны залазяць на сьцяну, і кожны ідзе сваёю дарогаю і ня зьбіваецца са шляхоў сваіх.

Адзін аднаго ня цісьне, кажны йдзець сваёю сьцежкаю, і як падаюць на зброю, ня бываюць раненыя.
 
Ня душаць адзін аднаго, кожны ідзе сваёю сьцежкаю, і падаюць на дзіды, але застаюцца бяз шкоды.

Бягуць туды-сюды па месьце, узлазяць на сьцяну, узыходзяць у дамы, будуць улазіць пераз вокны, як злодзей.
 
Бегаюць па горадзе, падымаюцца на сьцены, залазяць на дамы, уваходзяць у вокны, як злодзей.

Перад Ім затрасецца зямля, нябёсы задрыжаць, сонца а месяц зацьмеюць, і гвезды страцяць зьзяньне сваё.
 
Перад імі затрасецца зямля, пахісьнецца неба, сонца і месяц запамрочацца, і зоркі страцяць сваё сьвятло.

І СПАДАР выдасьць голас Свой перад войскам Сваім, бо табар Ягоны вельма вялікі, бо дужы, хто паўніць слова Ягонае, бо дзень СПАДАРОЎ вялікі а вельма страшны, і хто можа вытрываць гэта?
 
І Гасподзь дасьць голас Свой перад войскам Сваім, бо досыць шматлікае полчышча Яго і магутны выканаўца слова Яго; бо вялікі дзень Гасподні і досыць страшны, і хто вытрымае яго?

«Затым і цяпер, — агалашае СПАДАР, — навярніцеся да Мяне ўсім сэрцам Сваім, постуючы, з плачам і ў жалобе.
 
Але і сёньня яшчэ гаворыць Гасподзь: зьвярнецеся да Мяне ўсім сэрцам Сваім у посьце, плачы і галашэньні.

І ірвіце сэрца вашае, а не адзецьці вашыя», і навярніцеся да СПАДАРА, Бога вашага, бо Ён ласкучынюшчы а спагадлівы, памальны да гневу а вельмі міласэрны і шкадуецца ліха.
 
Разьдзірайце сэрцы вашыя, а ня вопратку сваю, і зьвярнецеся да Госпада Бога вашага; бо Ён добры і міласэрны, шматцярплівы і шматмілажальны і шкадуе пра бедства.

Хто ведае, ці не пашкадуецца Ён, і не пажалее, і не пакіне дабраславенства за Сабою, хлебнага аброку а ўзьліваньня СПАДАРУ, Богу вашаму?
 
Хто ведае, ці не ўмілажаліцца Ён і ці не пакіне дабраславеньня, хлебнага прынашэньня і паліваньня Госпаду Богу вашаму?

Затрубіце ў трубу на Сыёне, пасьвяціце дзень посту і згукайце ўрочысты збор.
 
Затрубеце трубою на Сіёне, назначце пост і абвясьцеце ўрачысты сход.

Зьбярыце люд, пасьвяціце збор, пазавіце старых, зьбярыце дзеці а сысуноў; хай выйдзе князь малады з палацу свайго і княгіня маладая з пад бальдахіму свайго.
 
Зьбярэце народ, склічце сход, запрасеце старцаў, зьбярэце падлеткаў і грудных немаўлят; хай выйдзе малады з хароміны сваёй і маладая са сваёй сьвяцёлкі.

Меж ґанку й аброчніку няхай плачуць сьвятарове, слугі Божыя, і няхай кажуць: «Ашчадзі люд Свой, СПАДАРУ, і ня дай спадку Свайго на паганьбеньне, каб народы ня мелі ўлады над ім; нашто маюць казаць меж людаў: "Ідзе Бог іх?"»
 
Паміж бабінцам і ахвярнікам хай плачуць сьвятары, службіты Гасподнія, і кажуць: «зьлітуйся, Госпадзе, з народу Твайго, не аддай спадчыны Тваёй на паганьбеньне, каб ня зьдзекаваліся зь яе народы! Дзеля чаго будуць гаварыць паміж народамі: дзе Бог іхні?»

Тады будзе рупатлівы СПАДАР празь зямлю Сваю і зьмілуецца над людам Сваім.
 
І тады паклапоціцца Гасподзь пра зямлю Сваю і зьлітуецца з народу Свайго.

Але, СПАДАР адказаў і сказаў люду Свайму: «Гля, Я пашлю вам збожжа а вінны сок а аліву, і вы насыціцеся імі, і наперад на паганьбеньне меж народаў не аддам вас.
 
І адкажа Гасподзь і скажа народу Свайму: вось, я пашлю вам хлеб і віно і алей, і будзеце насычацца імі, і болей не аддам вас на паганьбеньне народам.

І паўночнае войска здалю ад вас, і пражану яго да зямлі сухое а спустошанае, пярэдняе войска ягонае абернецца да ўсходняга мора, а задняе — да апошняга мора; і ўзыйдзе ад яго смурод, і гнільлё пойдзе ад яго, бо ён парабіў шмат».
 
І таго, што прыйшоў з поўначы, выдалю ад вас і выганю ў зямлю бязводную і пустую, папярэдняе полчышча яго — у мора ўсходняе, а задняе — у мора заходняе, і пойдзе ад яго смурод і патыхне ад яго смуродам, бо ён шмат нарабіў ліха.

Ня бойся, зямля, весяліся а цешся, бо СПАДАР зробе вялікае.
 
Ня бойся, зямля: радуйся і весяліся, бо Гасподзь вялікі, каб учыніць гэта.

Ня бойцеся, палявая жывёла, бо ўрастуць пасьцьбішчы на сьцепе, бо дзервы дадуць плады свае, фіґа а віно выдадуць сілу сваю.
 
Ня бойцеся, жывёлы, бо пашы пустыні дадуць росту траве, дрэва ўродзіць плод свой, смакоўніца і вінаградная лаза выявяць сваю сілу.

І вы, дзеці Сыёну, весяліцеся а цешчася ў СПАДАРУ, Богу вашым, бо Ён даў вам Наўчыцеля дзеля справядлівасьці, і ільлець на вас дождж, дождж раньні і дождж позны на пачатку.
 
І вы, дзеці Сіёна, радуйцеся і весялецеся ў Госпадзе Богу вашым; бо Ён дасьць вам дождж у меру і будзе пасылаць вам дождж, дождж раньні і позьні, як раней.

І напоўняцца такі пшонкаю, і скляпы перапоўняцца вінным сокам а аліваю.
 
І напоўняцца гумны хлебам і перапоўняцца чавільні вінаградным сокам і алеем.

«І адплачу вам за гады, што ела шаранча, стрэлкі а мошкі а вусень — Маё вялікае войска, каторае Я паслаў сярод вас.
 
І заплачу вам за тыя гады, калі жэрлі саранча, чэрві, жукі і вусень — вялікае войска Маё, якое пасылаў Я на вас.

І будзеце есьці шмат, і здаволіцеся, і будзеце выхваляць імя СПАДАРА, Бога свайго, Каторы чудоўна абходзіцца з вамі, і люд мой ніколі не асарамаціцца.
 
І ўдосыць будзеце есьці і насычацца і славіць імя Госпада Бога вашага, Які дзівосна ўчыніў з вамі, і не пасарамаціцца народ Мой вавек.

І даведаецеся, што сярод Ізраеля Я, і Я СПАДАР, Бог ваш, і няма іншага, і люд Мой ніколі ня будзе асарамочаны.
 
І ўведаеце, што Я — пасярод Ізраіля і Я — Гасподзь Бог ваш, і няма іншага, і Мой народ не пасарамаціцца вавек.

І станецца просьле тога, што выльлю Дух Свой на кажнае цела, і будуць праракаць сынове вашыя а дачкі вашыя, старыя вашыя будуць сьніць сны, дзяцюкі вашы будуць відзець відзені.
 
І будзе пасьля таго, вылью ад Духа Майго на ўсякую плоць, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; старцам вашым будуць сьніцца сны, і хлопцы вашыя будуць бачыць уявы.

І таксама на слугаў а на служэбкі выльлю Дух Свой тых дзён.
 
І таксама на рабоў і на рабыняў у тыя дні вылью ад Духа Майго.

І пакажу чудосы на нябёсах і на зямлі, кроў а цяпло а стаўпы дыму.
 
І дам цуды на небе і на зямлі: кроў і агонь і слупы куродыму.

Сонца абернецца ў цемнь, а месяц — у кроў, перад тым, як настане дзень СПАДАРОЎ, вялікі а страшны.
 
Сонца ператворыцца ў цемру, і месяц — у кроў, перш чым настане дзень Гасподні, вялікі і страшны.

І станецца, што кажны, хто будзе гукаць імя СПАДАРОВА, будзе выбаўлены, бо на гары Сыёне а ў Ерузаліме будзе выбаўленьне, як СПАДАР сказаў, і ў вастачах, каторыя СПАДАР пагукае;
 
І будзе: кожны, хто пакліча імя Гасподняе, уратуецца; бо на гары Сіёне і ў Ерусаліме будзе ратунак, як сказаў Гасподзь, і ў астатніх, якіх пакліча Гасподзь.