Ісуса сына Нава 10 разьдзел
Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
І было, як пачуў Адонісэдэк, кароль Ерузалімскі, што перамог Ігошуа Гай і аканаваў яго, — як ён зрабіў Ерыхону а каралю яго, так ён зрабіў Гаю а каралю яго, — і як зрабілі мір жыхары Гівеону з Ізраелям і засталіся сярод іх;
Тады яны вельма баяліся, бо Гівеон места вялікае, як адно зь местаў каралеўскіх, і што яно большае за Гай, і ўсі людзі ягоныя харобрыя.
І паслаў Адонісэдэк, кароль Ерузалімскі, да Гогама, караля Гэўронскага, а да Пірама, караля Ярмуфскага, а да Яфа, караля Лахіскага, а да Дэвіра, караля Еґлонскага, кажучы:
«Узыйдзіце да мяне, і памажыце імне, і зразім Ґівеон за тое, што ён учыніў мір із Ігошуам а із сынамі Ізраелявымі».
І яны зьберліся, і ўзышлі пяцёх каралёў Аморэйскіх: кароль Ерузалімскі, кароль Гэўронскі, кароль Ярмуфскі, кароль Лахіскі, кароль Еґлонскі, яны а ўсі табары іхныя, і разьлягліся табарам ля Гівеону, і ваявалі зь імі.
І паслалі людзі Ґівеону да Ігошуі да табару ў Ґілґале, кажучы: «Не адхіні рукі свае ад слугаў сваіх; узыйдзі да нас барзьдзей, і выбаў нас, і памажы нам; бо зьберліся на нас усі каралі Аморэйскія, жыхары гораў».
І ўзышоў Ігошуа з Ґілґалу сам а ўвесь ваенны люд ізь ім а ўсі дужасілы.
І сказаў СПАДАР Ігошуі: «Ня бойся іх, бо ў руку тваю Я аддам іх: ніхто зь іх ня вытрывае перад відам тваім».
І прышоў на іх Ігошуа зьнецікі, усю ноч узыходзіў ён із Ґілґалу.
І СПАДАР прывёў іх у зямятню перад Ізраелям, і яны зразілі іх вялікай паразаю ў Ґевеоне, і гналіся за імі па дарозе да ўзвышша Веф-Горону, і разілі іх аж да Азэку а аж да Мекеду.
А было, як яны ўцякалі ад Ізраелцаў па схоне гары Веф-Горонскае, то СПАДАР кідаў на іх ізь нябёсаў вялікія камяні аж да Азэку, і яны паміралі; болей было тых, што памерлі ад граду камянёў, чымся тых, каторых пабілі сынове Ізраелявы мячом.
Тады гукаў Ігошуа СПАДАРУ таго дня, каторага аддаў СПАДАР Аморэя ў рукі сыноў Ізраеля, і сказаў перад ачамі Ізраеля: «Сонца, змоўкні над Ґівеонам, і месяц над даліною Аялонскаю!»
І змоўкла сонца, і месяц стаяў, пакуль народ памсьціўся над варагамі сваімі. Ці ня гэта напісана ў кнізе справядлівага: «І стаяла сонца на паланіцы нябёсаў, і не барзьдзіла заходзіць цэлы дзень?»
І ня было такога Дня ўперад ані просьле тога, каб прыслухаўся СПАДАР да голасу чалавека; бо СПАДАР ваяваў за Ізраеля.
І зьвярнуўся Ігошуа а ўвесь Ізраель ізь ім да табару, да Гілґалу.
І ўцяклі тыя пяцёх каралёў, і схаваліся ў пячоры ў Македзе.
І наказалі Ігошуі, кажучы: «Знайшліся пяцёх каралёў, яны хаваюцца ў пячоры ў Македзе».
І сказаў Ігошуа: «Прываліце вялікія камяні даадтуліны пячоры і прыстаўце да яе людзёў, сьцерагчы іх.
А вы ня стойце, ганіцеся за варагамі сваімі, і нішчча заднюю часьць, і не давайце ім увыйсьці ў месты іхныя; бо СПАДАР, Бог ваш, аддаў іх у рукі вашы».
І было, як скончыў Ігошуа а сынове Ізраелявы біць іх вельма вялікаю паразаю супоўна, і астача, каторыя засталіся зь іх, прышлі да местаў умацаваных,
Тады зьвярнуўся ўвесь люд да табару да Ігошуі да Македу ў супакою, і ніхто не пакратаў языком сваім на сыноў Ізраелявых.
І сказаў Ігошуа: «Адчыніце адтуліну пячоры й вывядзіце да мяне тых пяцёх каралёў зь пячоры».
І зрабілі так, і вывялі да яго зь пячоры пяцёх каралёў тых: караля Ерузалімскага, караля Гэўронскага, караля Ярмуфскага, караля Лахіскага а караля Еґлонскага.
І было, як вывялі каралёў гэтых да Ігошуі, дык гукнуў Ігошуа ўсіх мужоў Ізраелцаў, і сказаў вайводцам ваенных людзёў, што хадзілі зь ім: «Дабліжчася, пастаноўце ногі свае на шыі каралёў гэтых». І яны дабліжыліся й пастанавілі ногі свае на шыі іх.
І сказаў ім Ігошуа: «Ня бойцеся а не палохайцеся, будзьце дужыя а адважныя, бо так учыне СПАДАР з усімі варагімі вашымі, з каторымі вы ваюеце».
І цяў іх Ігошуа просьле тога, і забіў іх, і павесіў іх на пяцёх дзервах; і віселі яны на дзервах аж да вечара.
І сталася заходам сонца: расказаў Ігошуа, і зьнялі іх ізь дзерваў, і кінулі іх у пячору, у каторай яны хаваліся, і палажылі вялікія камяні да адтуліны пячоры, каторыя там аж дагэтуль.
І Макед зваяваў Ігошуа таго самага дня, зразіў лязом мяча яго а караля ягонага, і аканаваў іх і ўсі душы, што ў ім; не пакінуў астачы. І ўчыніў з каралём Македзкім, як учыніў з каралём Ерыхонскім.
І перайшоў Ігошуа а ўвесь Ізраель ізь ім із Македу да Ліўны, і ваяваў зь Ліўнаю.
І аддаў СПАДАР таксама яе ў рукі Ізраеля і караля яе, і пабіў Ігошуа места лязом мяча і ўсю душу, што ў ёй; не пакінуў у ёй астачы. І ўчыніў з каралём яе, як учыніў з каралём Ерыхонскім.
І перайшоў Ігошуа а ўвесь Ізраель ізь ім ізь Ліўны да Лахісу; і разьлёгся супроці яго табарам, і ваяваў зь ім.
І аддаў СІІАДАР Лахіс у рукі Ізраеля, і зваяваў яго назаўтрае, і зразіў яго лязом мяча і ўсю душу, што ў ім, подле ўсёга, як учыніў зь Ліўнаю.
Тады ўзышоў Горам, кароль Ґезэрскі, памагаць Лахісу, і зразіў яго Ігошуа а люд ягоны, аж пакуль не засталося ў яго астачы.
І перайшоў Ігошуа а ўвесь Ізраель ізь ім із Лахісу да Еґлону, і разьлягліся ля яго табарам, і ваявалі зь ім.
І зваявалі яго таго ж дня, і зразілі яго лязом мяча, і ўсю душу, што была ў ім таго дня, аканаваў ён, подле ўсёга, як зрабіў Лахісу.
І ўзышоў Ігошуа а ўвесь Ізраель ізь ім ізь Еґлону да Гэўрону, і ваявалі зь ім.
І зваявалі яго, і зразілі яго лязом мяча, і караля ягонага, і ўсі месты ягоныя, і ўсю душу ў ім; не пакінуў астачы, подле ўсёга, як учыніў ён ізь Еґлонам: аканаваў яго а ўсю душу, што ў ім.
І зьвярнуўся Ігошуа а ўвесь Ізраель ізь ім да Дэвіру, і ваяваў ізь ім.
І зваяваў яго, і караля ягонага, і ўсі месты ягоныя, і зразілі іх лязом мяча, і аканавалі ўсю душу, што ў ім; не засталося астачы. Як учыніў із Гэўронам а каралём ягоным, і як учыніў ізь Ліўнаю а каралём ейным, так учыніў із Дэвірам а каралём ягоным.
І зразіў Ігошуа ўсю зямлю гаравую а паўднявую а нізіну а зямлю падгорную, і ўсіх каралёў іхных; не пакінуў астачы, і ўсю душу аканаваў, як расказаў СПАДАР, Бог Ізраеляў.
І зразіў іх Ігошуа ад Кадэш-Варні аж да Ґазы, і ўсю зямлю Ґошэн аж да Ґівеону.
І ўсіх каралёў гэтых а землі іхныя Ігошуа зваяваў за адзін раз, бо СПАДАР, Бог Ізраеляў, ваяваў за Ізраеля.
І зьвярнуўся Ігошуа а ўвесь Ізраель ізь ім да табару да Ґілґалу.