Марка 16 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Вітаўта Тумаша
Як мінула сыбота, Марыя Магдалена а Марыя Якавава а Салома купілі пахаў, каб ісьці, намасьціць Яго.
І вельма рана нараніцы, першага дня тыдня, прышлі да гробу ўсходам сонца.
І гукалі мяжсобку: «Хто адкоце нам камень ад дзьвярэй гробу?»
І, глянуўшы, бачаць, што камень адкочаны; а ён быў вельма вялікі.
І, увыйшоўшы ў гроб, абачылі маладзёна, на правым баку седзячага, адзеўшыся ў даўгое белае адзецье; і зжахнуліся.
Ён жа сказаў ім: «Не жахайцеся. Ісуса шукаеце Назарэцяніна, што быў укрыжаваны; Ён ускрэс, Яго няма тут. Во месца, ідзе Ён быў пакладзены.
Але йдзіце, накажыце вучанікам Ягоным а Пётру, што Ён выперадзе вас да Ґалілеі; там абачыце Яго, як Ён сказаў вам».
І яны борзда вышлі, і ўцяклі ад гробу, бо яны дрыжэлі й былі зумеўшыся, і нічога нікому не сказалі, бо баяліся.
Ускрэсшы рана першага дня тыдня, Ён сьпярша зьявіўся Марыі Магдалене, з каторае быў выгнаўшы сямёх нячысьцікаў.
Яна пайшла й наказала тым, што былі зь Ім, каторыя былі ў жалобе й плакалі.
Але тыя, пачуўшы, што Ён жывы, і яна бачыла Яго, не нялі веры.
Просьле гэтага Ён зьявіўся ў іншым выглядзе двум ізь іх на дарозе, як яны йшлі да сяла.
Яны йшлі й наказалі засталым; і гэтыя не нялі веры.
І потым зьявіўся адзінанцацём, як узьляжалі за сталом, і ўпікаў ім за няверу іхную а калянасьць сэрца, бо не нялі веры тым, каторыя бачылі Яго ўскрэслага.
І сказаў ім: «Ідучы па ўсім сьвеце, абяшчайце Евангелю ўсяму стварэньню.
Хто будзе верыць і ахрысьціцца, спасён будзе; а хто ня будзе верыць, будзе засуджаны.
І гэтыя знакі злучацца з тымі, што вераць: імям Маім будуць выганяць нячысьцікаў; будуць гукаць новымі мовамі;
Будуць браць гады; а калі б што атрутнае пілі, не пашкодзе ім; на хворых будуць ускладаць рукі, і добра ім будзе».
Гэтак Спадар, просьле гутаркі зь імі, быў узяты на неба й сеў па правіцы Божай.
А тыя пайшлі й абяшчалі ўсюдых, і Спадар судзеяў зь імі, і слова іхнае мацніў знакамі, злучанымі зь імі. Амін.