1 да Фесаланікійцаў 1 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Павал і Сілюан і Тыматэй эклезіі Тэссалёнцаў у Богу Айцу і Усеспадару Езусе Хрыстусе. Ласка й супакой вам.
 
Павал, і Сілуан, і Цімафей — царкве Тэсалонцаў у Богу Айцу і Госпадзе Ісусе Хрысьце: ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

Заўсёды Богу дзякуем за ўсіх вас, памятаючы ў нашых малітвах,
 
Дзякуем Богу заўсёды за ўсіх вас, успамінаючы вас у малітвах нашых,

нясупынна прыпамінаючы дзела вашай веры дзейнай любасці ды вытрывалай надзеі на Ўсеспадара нашага Езуса Хрыстуса перад Богам і Айцом нашым;
 
несупынна памятаючы пра вашыя ўчынкі веры, і працу любові, і непахіснасьць надзеі на Госпада нашага Ісуса Хрыста перад Богам і Айцом нашым,

ведаем, браты Богу мілые, аб вашай адзнацы,
 
ведаючы, умілаваныя Богам браты, выбраньне вашае.

нашае бо дабравешчанне у вас было ня толькі ў слове, але і ў сіле, і ў Святым духу ды поўнасьвядоцтвах; вамжа самым ведама, якімі былі мы для вас між вамі.
 
Бо нашае Эва́нгельле не было ў вас у слове толькі, але і ў сіле, і ў Сьвятым Духу, і ў шматлікіх пацьверджаньнях, як вы самі ведаеце, якімі былі мы дзеля вас між вамі.

І вы сталіся пасьцежмікамі нашымі ды Усеспадаравымі, прыняўшы слова сярод прыгнобаў з радасьцю Духа Святога,
 
І вы сталіся пераймальнікамі нашымі і Госпада, прыняўшы слова ў вялікім прыгнёце з радасьцю Духа Сьвятога,

так што сталіся наўзорам для ўсіх верных у Макэдоніі й Ахаі.
 
так што сталіся вы прыкладам для ўсіх, што вераць, у Македоніі і Ахаі.

Ад вас бо праняслося слова Госпада ня толькі ў Макэдоніі й Ахаі, але й да ўсякіх месцаў дайшла ваша вера ў Бога, так што ўжо няма чаго й даказваць.
 
Бо ад вас разыйшлося слова Госпадава ня толькі ў Македоніі і Ахаі, але і ва ўсякае месца дайшла вера вашая ў Бога, так што ў нас няма патрэбы штосьці гаварыць.

Бо самі яны спавяшчаюць аб нас, якое прыняцьце мы ў вас мелі ды як вы навярнуліся да Бога ад ідалаў, каб служыць Богу жывому й праўдзіваму
 
Бо яны самі расказваюць пра нас, які ўваход маем мы да вас, і як вы зьвярнуліся да Бога ад ідалаў, каб служы́ць Богу жывому і праўдзіваму

і чакаць Сына Ягонага зь неба, якога збудзіў Ён зь мяртвых, Езуса, які выбаўляе нас ад надыходзячага гневу.
 
і чакаць з неба Сына Ягонага, Якога Ён узьняў з мёртвых, Ісуса, Які выбаўляе нас ад гневу, што надыходзіць.