3 Яна 1 разьдзел

Трэйцяе пасланьне Яна
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Старшы — дарагому Гаю, каторага папраўдзе люблю.
 
Староста — улюбёнаму Га́ю, якога я люблю ў праўдзе.

Наймілейшы! Малюся, каб табе здаровілася ды шчасьціла ва ўсім, як шчасьціць душы тваёй.
 
Улюбёны! Малюся, каб ты быў здаровы і пасьпяховы ў-ва ўсім, як пасьпяховая душа твая.

Я вельмі быў рад, калі прыйшлі браты й засьветчылі тваю вернасьць, як ты ходзіш у праўдзе.
 
Бо я вельмі ўзрадаваўся, калі прыйшлі браты і засьведчылі пра тваю праўду, як ты ходзіш у праўдзе.

Для мяне няма большай радасьці, як пачуць, што дзеці мае жыцвуць у праўдзе.
 
Для мяне няма большай радасьці, як чуць, што дзеці мае́ ходзяць у праўдзе.

Верна паступаеш, мілы мой, што робіш для братоў і-то падарожных,
 
Улюбёны! Ты робіш вернае ў тым, што робіш для братоў і для чужынцаў,

якія аб тваёй любасьці засьветчылі перад Эклезіяй; ты добра зробіш, калі адправіш іх як трэба, па-Божаму;
 
якія засьведчылі перад царквою пра тваю любоў. Ты добра зробіш, правёўшы іх, як належыцца перад Богам,

ў імя бо Ягона яны пайшлі, ня прыймаючы нічога ад паганаў.
 
бо яны дзеля імя Ягонага пайшлі, нічога ня ўзяўшы ад паганаў.

Мы тады павінны гэткіх прыймаць, каб стацца суудзейнікамі праўды.
 
А мы павінны прыймаць гэтакіх, каб стацца супрацоўнікамі праўдзе.

Я пісаў Эклезіі, але Дыотрэф, што любіць старшыняваць між імі, ня прыймае нас.
 
Я пісаў царкве, але Дыятрэф, які лю́біць у іх быць першым, не прызнае́ нас.

Таму вось, як калісь прыеду, дык дам яму напамін за учынкі, якія робіць ён, ачарняючы нас благімі славамі; ды якбы шчэ не здавольваючыся гэтым, і сам ня прыймае братвы, і забараняе жадаючым прыймаць ды адстараняе ад Эклезіі.
 
Дзеля гэтага, калі я прыйду, нагада́ю пра ўчынкі ягоныя, якія ён робіць, абмаўляючы нас злымі словамі; і не задавольваючыся гэтым, і сам не прызнае́ братоў, і тым, якія хочуць, забараняе, і выганяе з царквы.

Найдаражэйшы! Не патурай благому, але таму, што ёсьць добрае. Хто дабро творыць, той з Бога ёсьць; ліхадзей-жа ня відзеў Бога.
 
Улюбёны! Не пераймай ліхое, але добрае. Хто робіць дабро, той ад Бога; а хто робіць ліхое, ня бачыў Бога.

Змітру даюць пасьветчанне ўсе, навет і сама праўда, ды й мы такжа сьветчым, а тыж ведаеш — пасьветчанне нашае праўдзівае.
 
Пра Дэмэтрыя засьведчана ўсімі і самой праўдаю, і мы сьведчым, і вы ведаеце, што сьведчаньне нашае праўдзівае.

Шмат я меў табе пісаць, але ня хочу пяром і чарнілам;
 
Шмат меў я пісаць, але не хачу пісаць табе атра́мантам і трысьцінай,

бо спадзяюся, што хутка ўбачымся і з вусн у вусны пагутарым.
 
а спадзяюся неўзаба́ве пабачыць цябе і гаварыць вуснамі ў вусны.

Спакой табе! Здаровяць цябе сябры. Паздароў паіменна прыяцелеў.
 
Супакой табе! Вітаюць цябе сябры; прывітай сяброў паіменна.