Мацьвея 1 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кніга радаводу Езуса Хрыста, сына Давідавага, сына Абрагамавага.
 
Кніга радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давіда, Сына Абрагама:

Абрагам спарадзіў Ізаака, Ізаак спарадзіў Якуба. Якуб спарадзіў Юду й братоў ягоных.
 
Абрагам нарадзіў Ісаака; Ісаак нарадзіў Якуба; Якуб нарадзіў Юду і братоў ягоных;

Юда спарадзіў Фарэса і Зару ад Тамары. Фарэс спарадзіў Эзрона, Эзрон спарадзіў Арама.
 
Юда нарадзіў Пэрэ́са і За́ру ад Тама́р; Пэрэ́с нарадзіў Эсрома; Эсром нарадзіў Арама;

Арам спарадзіў Амінадаба. Амінадаб-жа спарадзіў Наасона. Наасон спарадзіў Сальмона.
 
Арам нарадзіў Амінадава; Амінадаў нарадзіў Наасона; Наасон нарадзіў Сальмона;

Сальмон-жа спарадзіў Бооза ад Рагабы. А Бооз спарадзіў Обэд ад Рут.
 
Сальмон нарадзіў Боаза ад Рахаў; Боаз нарадзіў Абэда ад Рут;

Обэд спарадзіў Ессэ. А Ессэ спарадзіў Давіда караля. Давід-жа кароль спарадзіў Салямона з тае, што была Урыявай.
 
Абэд нарадзіў Есэя; Есэй нарадзіў Давіда валадара; Давід валадар нарадзіў Салямона ад Урыявай;

Салямон спарадзіў Робоама. Робоам спарадзіў Абію. Абія спарадзіў Асу.
 
Салямон нарадзіў Рабаама; Рабаам нарадзіў Абію; Абія нарадзіў Асу;

Аса-ж спарадзіў Ёзафата. Ёзафат спарадзіў Ёрама. А Ёрам спарадзіў Озію.
 
Аса нарадзіў Ясафата; Ясафат нарадзіў Ярама; Ярам нарадзіў Озію;

Озія спарадзіў Ёатама. А Ёатам спарадзіў Ахаза. Ахаз-жа спарадзіў Эзэхію.
 
Озія нарадзіў Ёатама; Ёатам нарадзіў Ахаза; Ахаз нарадзіў Эзэкію;

Эзэхія спарадзіў Манассэса. А Манассэс спарадзіў Амона, Амон-жа спарадзіў Ёзію.
 
Эзэкія нарадзіў Манасу; Манаса нарадзіў Амона; Амон нарадзіў Ёсію;

А Ёзія спарадзіў Ехонія і братоў ягоных перад перамяшчэннем у Бабілён.
 
Ёсія нарадзіў Ёакіма; Ёакім нарадзіў Ехонію і братоў ягоных перад перасяленьнем у Бабілон.

А пасьля перамяшчэння ў Бабілён Ехоні спарадзіў Салятіэля. Салятіэль-жа нарадзіў Зарабабэля.
 
А пасьля перасяленьня ў Бабілон Ехонія нарадзіў Салятыэля; Салятыэль нарадзіў Зэрубабэля;

А Зарабабэль спарадзіў Абіюда. Абіюд спарадзіў Эліакіма, Эліакім-жа спарадзіў Азора.
 
Зэрубабэль нарадзіў Абіюда; Абіюд нарадзіў Эліякіма; Эліякім нарадзіў Азора;

Азор спарадзіў Садока. А Садок спарадзіў Ахіма. Ахім спарадзіў Эліуда.
 
Азор нарадзіў Садока; Садок нарадзіў Ахіма; Ахім нарадзіў Эліюда;

Эліуд спарадзіў Элеазара. Элеазар спарадзіў Матгана. А Матган спарадзіў Якуба.
 
Эліюд нарадзіў Элеазара; Элеазар нарадзіў Маттана; Маттан нарадзіў Якуба;

Якуб спарадзіў Язэпа, мужа Марыі, з якое нарадзіўся Езус, што называецца Хрыстус.
 
Якуб нарадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Ісус, называны Хрыстос.

Гэтак усіх радоў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць. І ад Давіда да перамяшчэння Бабілёнскага радоў чатырнаццаць. І ад перамяшчэння ў Бабілён да Хрыстуса радоў чатырнаццаць.
 
Гэтак усіх пакаленьняў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць пакаленьняў; ад Давіда да перасяленьня ў Бабілон чатырнаццаць пакаленьняў; і ад перасяленьня ў Бабілон да Хрыста чатырнаццаць пакаленьняў.

А з нарадзінамі Хрыста было гэтак: Па заручынах Маці Ягонай Марыі з Язэпам, перад тым як сышліся, выявілася, што яна ўжэ мела ў сабе з Духа Святога.
 
Нараджэньне Ісуса Хрыста было вось як: па зару́чынах маці Яго Марыі з Язэпам, раней, чым яны зыйшліся, выявілася, што яна цяжарная ад Духа Сьвятога.

Язэп-жа, ейны муж, быў чэсным, і ня хочучы яе знеслаўляць, маніўся сэкрэтна пакінуць яе.
 
Язэп, муж ейны, будучы праведным і ня хочучы агаласіць яе, хацеў цішком адпусьціць яе.

Адыж яктолькі гэта падумаў, вось анел Божы з’явіўся, яму ўва сьне й сказаў: Язэпе, сыне Давідавы, ня бойся прыняць Марыю, тваю сужэнку, гэны бо засьнітак у ёй ёсьць з Духа Святога.
 
Але, калі ён падумаў гэтае, вось, анёл Госпадаў зьявіўся яму ў-ва сьне і сказаў: «Язэп, сыне Давідаў! Ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо Тое, што нарадзілася ў ёй, ёсьць ад Духа Сьвятога.

Вось-жа народзіць сына, і дасі імя яму Езус, ён бо збавіць людзей сваіх ад грахоў іхніх.
 
Вось жа народзіць Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён збавіць народ Свой ад грахоў іхніх».

А ўсё гэта здарылася, каб збылося Госпадам сказанае праз прарока гаворачага:
 
А ўсё гэтае сталася, каб споўнілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:

«Вось дзяўчо меціме ў нутры сваім і народзіць сына, і дадуць імя яму Эммануэль» гэта знача: Бог з намі (Із. 7:14).
 
«Вось, Дзева прыйме ва ўлоньне і народзіць Сына; і дадуць Яму імя Іммануэль, гэта значыць: З намі Бог».

Устаўшы зо сну Язэп зрабіў як загадаў яму анел Божы, і прыняў сваю сужэнку.
 
Устаўшы зо-сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму анёл Госпадаў, і прыняў жонку сваю,

І не пазнаваў яе дакуль не нарадзіла сына свайго першароднага, і даў імя яму: Езус.
 
і не спазнаў яе, аж нарадзіла Сына свайго Першароднага, і ён даў Яму імя Ісус.