Мацьвея 4 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Тады Езус быў заведзены Духам у пустыню дзеля спакусы ад нячыстага.
 
Тады Ісус заведзены быў Духам у пустыню дзеля спакушваньня праз д’ябла,

А калі прапасціў сорак дзён ды сорак ночаў, потым пачуў голад.
 
і, прапасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, нарэшце згаладнеў.

І прыступіўшы спакуснік сказаў яму: Калі ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменні сталіся хлебам.
 
І, падыйшоўшы да Яго, спакусьнік сказаў: «Калі Ты — Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталіся хлябамі».

Ён-жа ў адказ сказаў яму: «Не адным хлебам жыве чалавек, але кожным словам, выходзячым з вуснаў Божых» (Пт. Пр. 8:3).
 
Ён жа, адказваючы, сказаў яму: «Напісана: “Ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам, што выходзіць з вуснаў Божых”».

Тады ўзяў яго нячысты ў святы горад і паставіў яго на крыле святыні,
 
Потым бярэ Яго д’ябал у сьвяты горад, і стаўляе на вільчаку сьвятыні,

ды сказаў яму: Калі ты Сын Божы, кінься ўніз; бо ёсьць напісана: «Што анёлам сваім загадаў аб табе і на руках панясуць цябе каб часам ня ўдарыў аб камень нагі свае» (Пс. 90:11−12).
 
і кажа Яму: «Калі Ты — Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: “Анёлам Сваім загадае пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся аб каме́нь нагою Тваёю”».

Сказаў яму Езус: Такжа ёсьць напісана: « Не спакушай Бога Усеспадара твайго» (Пт. Пр. 6:16).
 
Ісус сказаў яму: «Ізноў жа напісана: “Не спакушай Госпада, Бога твайго”».

Ізноў бярэ яго нячысты на гару вельмі высокую й паказвае яму ўсе валадарствы свету і славу іхнюю
 
Ізноў бярэ Яго д’ябал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе валадарствы сьвету і славу іх,

ды кажа яму: Дам табе ўсё гэта, калі ўпаўшы паклонішся мне.
 
і кажа Яму: «Усё гэта дам Табе, калі, упаўшы, паклонішся мне».

Тады сказаў яму Езус: Адыйдзі, шатан! Напісана бо: «Усеспадару Богу твайму кланяйся і яму аднаму служы» (Пт. Пр. 6:13).
 
Тады Ісус кажа яму: «Адыйдзі ад Мяне, шата́н! Бо напісана: “Госпаду, Богу твайму, пакланяйся, і Яму аднаму служы”».

Тады пакінуў яго д’ябал — і вось анёлы прыступілі й служылі яму.
 
Тады пакідае Яго д’ябал; і вось, анёлы прыступіліся, і служылі Яму.

Дачуўшыся Езус, што Ян быў выданы, адыйшоў у Галілею
 
А пачуўшы, што Ян у вязьніцы, Ісус адыйшоў у Галілею.

і, пакінуўшы места Назарэт, прыйшоў і асеў у Кафарнауме прыморскім, у граніцах Забулён і Нэфталім,
 
І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і асеў у Капэрнауме прыморскім, у гарадах Забулёна і Нэфталі́,

каб споўнілася сказанае прарокам Ізаіям (9:1−2):
 
каб споўнілася сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:

«Зямля Забулён і зямля Нэфталім, дарога прыморская за Ярданам, паганская Галілея!
 
«Зямля Забулёна і зямля Нэфталі́, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея паганская,

Народ, што сядзеў у цемры, ўгледзеў святло вялікае і тым, што сядзелі ў краіне ценю сьмерці, яснасьць зазьзяла».
 
народ, які сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і тым, што сядзелі ў краіне і ценю сьмерці, сьвятло зазьзяла».

З таго часу пачаў Езус абвяшчаць і казаць: пакутуйце, бо прыблізілася валадарства нябеснае.
 
З таго часу Ісус пачаў абвяшчаць і казаць: «Навярніцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».

А праходзячы каля мора Галілейскага, Езус убачыў двух братоў, Сымона, званага Пятром, і Андрэя брата ягонага, закідаючых сеці ў мора, былі бо рыбакамі
 
Праходзячы ж недалёка мора Галілейскага, Ён убачыў двух братоў, Сымона, называнага Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбаловы,

і сказаў ім: Ідзеце за мною, а я зраблю вас рыбакамі людзей.
 
і кажа ім: «Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў».

І яны зараз-жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за ім.
 
І яны адразу, пакінуўшы сеці, пайшлі за Ім.

А йдучы адтуль далей, убачыў двух другіх братоў: Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, з іхнім бацькам, Зэбэдэем, у лодцы правячых свае сеці, і паклікаў іх.
 
Ідучы адтуль далей, убачыў Ён другіх двух братоў, Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, у чаўне з Зэбэдэем, бацькам іхнім, якія пра́вілі сеці свае, і паклікаў іх.

А яны вoміг, пакінуўшы сеці й бацьку, пайшлі за ім.
 
І яны адразу, пакінуўшы човен і бацьку свайго, пайшлі за Ім.

І абходзіў Езус усю Галілею, навучаючы ў іхніх бажніцах і абвяшчаючы эванэлію валадарства й аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе.
 
І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхніх і абвяшчаючы Эва́нгельле Валадарства, і аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе.

І разыйшліся чуткі аб ім па ўсёй Сырыі і прыносілі да яго ўсіх нядужых, апанаваных рознымі хваробамі й прыпадкамі, і маючых нячыстых, і люнатыкаў, і спараліжаваных, і аздараўляў іх.
 
І прайшлі пра Яго чуткі па ўсёй Сірыі, і прыводзілі да Яго ўсіх нядужых, з рознымі хворасьцямі і пакутамі, і апанаваных дэманамі, і люнатыкаў, і спараліжаваных, і Ён іх аздараўляў.

І йшлі за ім вялікія грамады з Галілеі, і Дэкаполю, і з Ерузаліму, і з Юдэі, і з-за Ярдану.
 
І ішлі за Ім шматлікія натоўпы з Галілеі, і Дэкапалю, і Ерусаліму, і Юдэі, і з таго боку Ярдану.