1 Яна 1 разьдзел

Першае пасланьне Яна
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Тое, што было ад пачатку, што мы чулі аб Слове жыцьця, што бачылі сваімі вачыма, што азіралі й да чаго дакраналіся нашыя рукі, —
 
Што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі вачыма нашымі, што разглядалі і да чаго дакраналіся ру́кі нашыя, пра Слова жыцьця.

жыцьцё бо аб’яўлена было і мы бачылі ды сьветчым і аглашаем вам жыцьцё вечнае, што было ў Айца й зьявілася нам; —
 
І жыцьцё зьявілася, і мы бачылі, і сьведчым, і абвяшчаем вам гэтае жыцьцё вечнае, якое было ў Айца і зьявілася нам.

аб тым, што мы відзелі й чулі, абвяшчаем вам, каб і вы мелі суудзел з намі; а наш удзел ёсьць з Айцом і Сынам Ягоным Езусам Хрыстусам.
 
Што мы бачылі і чулі, абвяшчаем вам, каб і вы мелі супольнасьць з намі; а нашая супольнасьць — з Айцом і Сынам Яго Ісусам Хрыстом.

Гэта пішам вам, каб вы цешыліся поўнарадасна.
 
І гэтае пішам вам, каб радасьць вашая была поўная.

А дабравесьць, якую мы чулі ад Яго ды зьвяшчаем вам, ёсьць тая, што Бог ёсьць сьвятло і няма ў Ім ніякае цемры.
 
І вось тое абяцаньне, якое мы чулі ад Яго і абвяшчаем вам, — Бог ёсьць сьвятло, і няма ў Ім аніякае цемры.

Каліб мы казалі што маем зь Ім сулучнасьць, а хадзілі ў цьме, дык былоб махлярства, паступак няпраўдны:
 
Калі мы кажам, што маем супольнасьць з Ім, і ходзім у цемры, хлу́сім і ня робім праўды.

а калі ходзім у сьвятле, як і Ён сам у сьвятле ёсьць, дык маем зь Ім узаемасувязь і кроў Сына Ягонага, Езуса Хрыстуса, ачышчае нас ад граху ўсякага.
 
А калі ходзім у сьвятле, як Ён у сьвятле, маем супольнасьць між сабою, і кроў Ісуса Хрыста, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усякага грэху.

Каліб мы сказалі, ня маем граху, дык зводзім сябе самых і няма ў нас праўды.
 
Калі кажам, што ня маем грэху, падманваем саміх сябе, і праўды няма ў нас.

А калі вызнаем нашы грахі, дык Бог — верны й справядлівы, адпусьціць нам ды ачысьціць нас ад усякай нягоднасьці.
 
Калі прызнае́м грахі нашыя, Ён верны і праведны, каб дараваць нам грахі і ачысьціць нас ад усякае няправеднасьці.

І каліб мы сказалі, што не зграшылі, дык робім Яго махлярскім і няма у нас Ягонага слова.
 
Калі кажам, што мы не грашым, робім хлу́сам Яго, і слова Ягонага няма ў нас.